Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расейская ўлада капіюе беларускі досьвед”


Ігар Карней, Менск За апошнія дні ў Маскве і Санкт-Пецярбургу ў выніку разгону апазыцыйных “Маршаў нязгодных” затрымана больш за 250 чалавек, уключна са старшынём “Камітэту-2008”, грасмайстрам Гары Каспаравым. Наш карэспандэнт высьвятляў рэакцыю беларускіх палітыкаў на расейскія падзеі.

Кіраўніца “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова шмат кантактуе з расейскімі дэмакратамі. Яна ўсьцешаная, што апазыцыя з Расеі выйшла на вуліцу.

Як лічыць спадарыня Гразнова, стыль “размовы” ўладаў з са сваімі апанэнтамі што ў кіраўніцтва Расеі, што ў Беларусі аднолькавы:



“Гісторыя паўтараецца. Што рабілася і робіцца ў Беларусі, цяпер мы бачым і ў Расеі. Гэта сьведчыць пра тое, што расейская ўлада ня вельмі камфортна сябе адчувае; яна баіцца і спрабуе запужаць грамадзкасьць, апазыцыю, каб сілавым шляхам загнаць апанэнтаў у падпольле, ізаляваць іх.

Першае, што пры гэтым кідаецца ў вочы — адны і тыя ж стратэгіі, як у беларускай улады, так цяпер і расейскай. Што, у сваю чаргу, сьведчыць пра слабасьць улады. Калі б яна была моцнай, не ішла б на брутальныя разгоны, запужваньне, на зьдзек з народу”.

Каардынатар руху “Хартыя-97” Зьміцер Бандарэнка кажа, што сучасная Расея дэманструе тое, пра што ўвесь час казала беларуская апазыцыя: рэжым Лукашэнкі — гэта мадэль адпрацоўкі сцэнароў размовы з апазыцыяй для Пуціна:



“Мы бачым падабенства амаль стопрацэнтнае, калі маскоўскі ці піцерскі АМОН разганяе дэманстрантаў. Сёньня ў Расеі законы яшчэ, скажам, больш вольныя ў параўнаньні зь Беларусьсю, але Расея хутка будзе апярэджваць Беларусь Лукашэнкаву.

Праўда, не зусім зразумела, чаму такія жорсткія мэтады? Адрозна ад Лукашэнкі, Пуцін карыстаецца падтрымкай расейскага грамадзтва значна большай, яго рэйтынг непахісны. Але, мабыць, імкнуцца хутчэй задушыць любы супраціў, каб перад выбарамі падобных выступаў не было ўвогуле”.

Прызначаны спэцпрадстаўніком міністра замежных справаў у кантактах з эўраструктурамі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч таксама перакананы: сілай у такіх спрэчках перамогі не атрымаеш:



“Ва ўсіх працэсах, у тым ліку ў Расеі, у Беларусі, ва Ўкраіне ёсьць вельмі добры спосаб для таго, каб быў вынік — дыялёг. Трэба весьці грамадзкі, эўрапейскі, унутраны, вонкавы дыялёг. Іншых шляхоў усясьветная гісторыя ня ведае.

А так некалькі бакоў бясконца будуць нешта адзін аднаму даказваць. Я наўпрост знаходжуся ў эўрадыялёгу з эўрапейскімі калегамі і лічу, што камэнтар можа быць адзін: усе пытаньні трэба вырашаць з інстытутамі грамадзянскай супольнасьці, з Эўрапейскім Зьвязам, вось тады ўсё будзе нармальна.

А так адзін бок будзе гаварыць адно, другі іншае, будзе хтосьці добры, хтосьці дрэнны. Патрэбны дыялёг грамадзка-палітычных сілаў і дэмакратычных краінаў”.

Як кажа старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька, расейскія праваабаронцы, якія з-за нізкай актыўнасьці апазыцыі пераарыентаваліся збольшага ў тэарэтычнае рэчышча, вымушаныя зноў згадваць час дысыдэнцтва.

“Расейскія праваабаронцы крыху інакш працуюць. Займаюцца маніторынгамі, тэарэтычнай — не практычнай працай. Мала дзе ёсьць грамадзкія прыёмныя, што для нас якраз масавая форма працы.

Але трэба было чакаць падзеяў, якія адбываюцца ў Расеі. Мадэль кіраванай дэмакратыі, якая дала пэўныя вынікі для кіроўнай улады ў Беларусі, распаўсюджваецца цяпер і туды. Прыклад Беларусі перад вачыма. Прыклад “стабільнага грамадзтва”, пра якое на ўсіх узроўнях гаворыцца, вельмі спакусьлівы, на жаль.

І калі раней казалі, што маленькая Беларусь на мапе Эўропы ня можа паўплываць ні на кога і ні на што, аказалася, што гэта ня так — мы ўжо бачым канкрэтныя вынікі”.

Дарэчы, паралельна з “Маршам нязгодных” у Маскве адбыўся іншы мітынг, які арганізаваў рух “Расейскі парадак” і падтрымалі іншыя нацыяналістычныя арганізацыі. Удзельнікі, якіх ахоўвала міліцыя, ухвалілі рэзалюцыю супраць пашырэньня нелегальнай міграцыі, падтрымалі ідэю саюзнай дзяржавы і адзінагалосна прагаласавалі за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG