Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: “Патрэбны дыялёг ня дзеля дыялёгу — а дзеля выніку”


Уладзімер Глод, Менск Старшыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч сёньня ў Страсбуры сустрэўся спачатку з генэральным сакратаром Рады Эўропы Тэры Дэвісам, а затым з кіраўніком Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэнам. Беларускі палітык плянуе сёньня абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі з дэпутатамі фракцыі лібэральных дэмакратаў з Парлямэнцкай Асамблеі.

Адразу пасьля сустрэчы з старшынём Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэнам Аляксандар Мілінкевіч паведаміў нашаму радыё:

“Фактычна па ўсіх пунктах мы мелі паразуменьне. Спадар ван дэр Ліндэн сказаў мне, што той крок, (маючы на ўвазе свой прыезд сёлета ў Менск) ён дагэтуль лічыць патрэбным. І сёньня, калі б сытуацыя зноў паўтарылася, ён зрабіў бы гэты крок, нягледзячы на крытыку апазыцыі.

Але вось другога кроку кіраўнік Парлямэнцкай Асамблеі рабіць ня будзе — да таго часу, пакуль ня будзе адпаведнага кроку з боку беларускай улады. Ён лічыць гэта сур’ёзнай умовай для яе”.

Расказваючы пра сустрэчуз Тэры Дэвісам, Аляксандар Мілінкевіч у інтэрвію нашаму радыё адзначыў, што ў асобе спадара Дэвіса знайшоў зацікаўленага суразмоўцу, які добра валодае тэмай, паколькі не аднойчы наведваў Беларусь:

“Гэты чалавек падзяляе погляд, што дыялёг з уладай магчымы толькі пры выкананьні крок за крокам некаторых умоваў. Вакол гэтага цяпер вядзецца дыскусія. Некаторыя лічаць, што ўмоваў ня трэба ставіць — абы быў дыялёг. І вось тут мы аднолькава глядзім на гэты прынцыповы момант.

Я расказаў спадару Дэвісу пра адносіны дэмакратычных сілаў да дыялёгу, што мы яго таксама падтрымліваем. Але мы лічым, што дыялёг патрэбны ня дзеля дыялёгу, а дзеля выніку. А вынік усё ж такі — дэмакратызацыя. Ён падзяляе гэты погляд.

Калі ўлада хоча дыялёгу, жадае супрацоўнічаць з Эўропай, дык яна магла хаця б зрабіць мараторый на палітычны перасьлед таго ж “Маладога фронту”, таго ж Клімава. Гэта, я лічу, прынцыповая рэч”.

Аляксандар Мілінкевіч гаворыць, што ў размовах з уплывовымі эўрапейскімі палітыкамі вылучыў як галоўную яшчэ адну тэму — дапамогі эўрапейскіх структураў грамадзянскай супольнасьці Беларусі:

“Акрамя дыялёгу, у мяне ёсьць такая ініцыятыва — пачаць праграму пад назвай “Дэмакратыя: Эўропа — Беларусь”. Мы павінны навучаць, пераважна маладых людзей Беларусі дэмакратычных поглядаў, палітыцы, мясцоваму самакіраваньню, эканоміцы, рэформам і г.д. І тут Рада Эўропы гатовая дапамагаць. Я думаю, мы разгорнем сурьёзную праграму”.

Заўтра спадар Мілінкевіч разам з групай апазыцыйных палітыкаў і экспэртаў будзе ўдзельнічаць у паседжаньні спэцыяльнага падкамітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў справах Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG