Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня - Дзень Салідарнасьці


Любоў Лунёва, Менск У Беларусі й за яе межамі грамадзкія актывісты ладзяць акцыі на знак салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых, палітвязьняў і рэпрэсаваных беларускімі ўладамі грамадзянамі за ўдзел у апазыцыйнай дзейнасьці.

Цягам дня на менскіх вуліцах і ў рэгіёнах зьяўляюцца расьцяжкі з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў, а таксама партрэты зьніклых і запаленыя сьвечкі каля іх. Міліцыя працуе ва ўзмоцненым рэжыме.

Першая расьцяжка ў Дзень салідарнасьці зьявілася ў Менску а 15-й гадзіне каля станцыі мэтро “Ўсход ” — “Свабоду маладафронтаўцам!”.

Дзень салідарнасьці, 16 красавіка 2007, Менск, расьцяжка Свабоду маладафронтаўцам

Дзень салідарнасьці, 16 красавіка 2007, Менск, расьцяжка Свабоду маладафронтаўцам

Моладзевыя актывісты дэмакратычнага руху скінулі з даху дома некалькі сотняў інфармацыйных улётак з патрабаваньнгем вызваліць палітвязьняў і спыніць перасьлед сяброў “Маладога фронту”.

У Салігорску, Жодзіне, Баранавічах, Нясьвіжы, Магілёве, Берасьці на сьценах будынкаў у людных месцах маладыя людзі наклеілі партрэты зьніклых Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

Побач былі партрэты палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Кацярыны Садоўскай, Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца і Андрэя Клімава.

Уздоўж праезных частак зьявіліся расьцяжкі “Свабоду палітвязьням!”.

Дзень салідарнасьці, 16 красавіка 2007, Менск

Акцыі салідарнасьці праводзяцца другі год запар штомесяц 16-га чысла. Увосень 2005 году арганізатары акцыі заклікалі грамадзянаў 16-га чысла а восьмай вечара на 15 хвілінаў выключыць сьвятло і запаліць на вокнах сьвечкі.

Пазьней моладзевыя актывісты ладзілі ланцугі на менскіх вуліцах з партрэтамі зьніклых і палітвязьняў.

У хуткім часе за турэмнымі кратамі могуць апынуцца пяцёра актыўных удзельнікаў гэтых акцыяў — маладафронтаўцы Барыс Гарэцкі, Зьміцер Хведарук, Наста Палажанка, Алег Корбан і Аляксей Янушэўскі. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Справа знаходзіцца ў судзе Савецкага раёну Менску.

Гаворыць Барыс Гарэцкі:

“Сёньняшняя акцыя салідарнасьці прысьвечаная “Маладому фронту”, таму што апошнім часам тая хваля рэпрэсіяў, якую распачаў КДБ і пракуратура, накіраваныя супраць маладафронтаўцаў.

Калі мы раней патрабавалі вызваліць лідэраў “Маладога фронту” Паўла Севярынца, Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча, то цяпер справа кранае нас саміх. Такім чынам, у нас ужо восем чалавек ці знаходзяцца ў турме, ці знаходзяцца пад пагрозай хутка там апынуцца”.

А восьмай вечара актывісты моладзевага дэмакратычнага руху правядуць кароткачасовыя вулічныя акцыі на знак салідарнасьці з палітрэпрэсаванымі.

У Літве, Нямеччыне, Латвіі, Эстоніі, Украіне, Бэльгіі, Польшчы адбудуцца пікеты насупраць будынкаў беларускай амбасады. Мінакі атрымаюць інфармацыйныя матэрыялы пра сытуацыю ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG