Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіргізстане загінуў удзельнік антыпрэзыдэнцкіх дэманстрацыяў


Валер Каліноўскі, Прага У сталіцы Кіргізстану шосты дзень працягваюцца масавыя акцыі апазыцыі з патрабаваньнем зьменаў Канстытуцыі і адстаўкі прэзыдэнта Курманбэка Бакіева. Арганізатары акцыяў зьбіраюцца заклікаць сваіх прыхільнікаў выходзіць на плошчу прынамсі да 19 красавіка. Паводле апазыцыі, лік удзельнікаў дэманстрацыі сёньня дасягнуў 8 тысяч чалавек. Тым часам прыйшла навіна пра сьмерць аднаго з удзельнікаў пратэстаў.

Бацька васьмі дзяцей Бэктэмір Акунаў загадкава загінуў у паліцэйскім пастарунку ў горадзе Нарын. У суботу ён вярнуўся зь Бішкеку, дзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, і быў арыштаваны. Нараніцу яго знайшлі ў камэры павешаным на ўласнай кашулі.

Паліцыя заяўляе, што Акунаў павесіўся сам. Пракуратура завяла крымінальную справу, апазыцыйныя лідэры накіравалі ў Нарын сваіх прадстаўнікоў, каб высьветліць прычыны здарэньня.

Брат нябожчыка Амурбэк перакананы, што Бэктэмір ня мог учыніць суіцыд, і ў ягонай сьмерці абвінавачвае сілы аховы правапарадку.

Тым часам апазыцыйны Аб’яднаны фронт за годную будучыню Кіргізстану шосты дзень працягвае дэманстрацыі ля будынку кіргіскага парлямэнту. Маніфэстанты дамагаюцца хутчэйшага прыняцьця новай канстытуцыі, якая б істотна ўрэзала паўнамоцтвы прэзыдэнта, і адстаўкі прэзыдэнта Бакіева. На думку апазыцыі, парлямэнт наўмысна зацягвае разгляд праекту Канстытуцыі.

Лідэр апазыцыі былы прэм’ер Фэлікс Кулаў заявіў, што ўрад рыхтуе сілавыя апэрацыі супраць дэманстрантаў, разгон іх мітынгу і арышты яго ўдзельнікаў. Акрамя таго супраць пратэстоўцаў мабілізуюцца крымінальныя элемэнты з поўдня краіны, больш ляяльнага дзейнаму ўраду.

"Прэзыдэнт, які распальвае супрацьстаяньне ў адным народзе, падзяляючы яго на поўнач і поўдзень, ня мае права быць кіраўніком дзяржавы. Гэта нашая пазыцыя і мы будзем яе жорстка і безупынна адстойваць. Пакуль не даможамся перамогі", - кажа Фэлікс Кулаў.

Многія апазыцыйныя лідэры паходзяць з поўначы Кіргізстану, тым часам як прэзыдэнт Бакіеў – з поўдня.

Колькасьць дэманстрантаў у Бішкеку ацэньваецца на некалькі тысяч чалавек. Напружаньне ўзрастае, у суботу ў часе дэманстрацыі прыхільнікі прэзыдэнта Бакіева інсьпіравалі масавую бойку. Інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць, што ў бок Бішкеку з поўдня рухаюцца прыхільнікі дзейнага прэзыдэнта і ўраду.
XS
SM
MD
LG