Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Алесь Аркуш, Ганна Кісьліцына, Фэлікс Баторын


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 14 красавіка). Аўтары: Валянціна Аксак, Міхась Скобла, Ганна Кісьліцына. Рэдактар: Сяргей Абламейка.

ЛІТПРАЦЭС

АЛЕСЬ АРКУШ: “ДАЦКІ ПРЫНЦ ЯЎХІМ МОЖА СТАЦЬ БЕЛАРУСКІМ КАРАЛЁМ”


Выйшаў з друку чарговы, адзінаццаты нумар літаратурнага альманаху “Калосьсе”. Пра цікавосткі нумару зь яго выдаўцом і галоўным рэдактарам Алесем Аркушам гаворыць нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Алесь, апошнім часам вы любіце прысьвячаць нумары свайго часопісу нейкай адной тэме. Ці ня стаў выключэньнем гэты нумар “Калосься”?

Алесь Аркуш: “Ня стаў. Ён прысьвечаны прыгодніцкай літаратуры. Гэта ня значыць, што ўвесь нумар запоўнены дэтэктывамі ці нейкімі прыгодніцкімі апавяданьнямі. Але ёсьць тут усё. Ёсьць нават гістарычны артыкул пра Рагвалода, які таксама ўспрымаецца як прыгодніцкі. Ёсьць крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы пра прыгодніцкую літаратуру. І я залічыў маленькія эсэ Вінцэся Мудрова, якія гучалі на Радыё Свабода, таксама да прыгодніцкага жанру. Гэта прыгоды за савецкім часам, і частку іх мы надрукавалі ў гэтым нумары”.

Аксак: “Гэткім чынам чарговы нумар вашага часопісу спрабуе аспрэчыць даволі распаўсюджаную думку пра тое, што беларуская проза – нуднаватае чытво?”

Аркуш: “У нашай літаратуры ёсьць усё. Іншая справа, што прыгодніцкая літаратура апрыёры пішацца на камэрцыйным пачатку. Аўтар прыгодніцкага раману адразу разьлічвае, што напісанае ім будзе надрукавана вялікім накладам, што ён атрымае за гэта сур’ёзны ганарар. Таму мой альманах, які не выплaчвае ганарары, надрукаваць такі прыгодніцкі раман ня можа. А малых прыгодніцкіх жанраў у гэтым нумары дастаткова. Я дзіўлюся, калі закідаюць, што ў беларускай літаратуры няма таго, няма гэтага. Гэта гаворыцца тымі, хто слаба ведае беларускую літаратуру. Беларуская літаратура згубіла інфармацыйную прастору, і таму пра яе мала вядома”.

Аксак: “Дык каго ж вы адкрываеце для беларускіх чытачоў як цікавых аўтараў прыгодніцкіх жанраў?”

Аркуш: “Я лічу, што сёньня адным з клясыкаў прыгодніцкага жанру ў нас зьяўляецца Сяргей Балахонаў. Ягоная кніжка “Імя Грушы” доказ таму. І мы надрукавалі ягоны “Сьнег капітана Мантгомэры”. Гэта ці то малая прыгодніцкая аповесьць, ці то вялікае апавяданьне з такім вельмі дынамічным сюжэтам. У ім таксама гістарычны час. Я думаю, што зь Сяргея Балахонава атрымаецца клясык прыгодніцкага жанру. І мы ня столькі адкрываем яго, колькі маркіруем у гэтую нішу. Дарэчы, у гэтым нумары гомельскі крытык Юнэля Сальнікава разважае над прыгодніцкімі творамі Сяргея Балахонава”.

Аксак: “Сярод імёнаў гэтага нумару я са зьдзіўленьнем знайшла імя вядомага беларускага гісторыка зь Беласточчыны Алега Латышонка. Вы што, яго таксама да аўтараў прыгодніцкіх жанраў залічаеце?”

Аркуш: “Я думаю, хто яго ведае асабіста, то ня зьдзівіцца. Бо тое, што ён часам апавядае, то гэта гістарычны, прыгодніцкі аповед. А тое, што мы надрукавалі, то гэты тэкст пару гадоў таму друкаваўся па-ангельску ў часопісе “Альба Рутэніка”. Тэкст той мала вядомы нашаму чытачу. Надрукаваны ў нас беларускі варыянт пашыраны аўтарам, і я ведаю, што яго прасілі ў Латышонка іншыя беларускія выданьні, але ён абяцаў надрукаваць яго ўпершыню ў нашым часопісе, што і выканаў. Гэты тэкст прысьвечаны радаводу легендарнага князя полацкага Рагвалода. У ім гісторык ставіць практычна кропку ў спрэчцы, ці быў Рагвалод варагам, ці славянскім князем. Латышок адназначна сьцьвярджае, што гэта быў вараскі князь і выводзіць некалькі вэрсіяў, зь якога роду гэты князь”.

Аксак: “Я ведаю, што вы знайшлі сучасных спадкаемцаў Рагвалода і дзесьці, здаецца, створаны нават клюб нашчадкаў Рагвалода...”

Аркуш: “Справа ў тым, што гісторык Катлярчук, які жыве ў Швэцыі, надрукаваў артыкул, зь якога стала вядома, што ў манархічнай сям’і Даніі ёсьць кроў Рагвалодавічаў. Княжна Соф’я Валадараўна з роду Рагвалодавічаў была мужам аднаго з каралёў Даніі, і два ейныя сыны былі потым каралямі Даніі. А гэты каралеўскі род непарыўны з тых часоў. Аднойчы я напісаў у інтэрнэце, што тэарэтычна мы можам запрасіць прадстаўніка манархічнага двара Даніі стаць каралём Беларусі, і гэта абсалютна легітымна будзе. Шмат каму гэтая думка спадабалася, і была створаная суполка “Беларускія манархісты”, у якой мяне прызначылі старшынёй. Я, канечне, успрымаю гэта як культуртрэгерскі праект”.

Аксак: “Як завуць гэтага патэнцыйнага караля Беларусі?”

Аркуш: “Яго імя, калі я не памыляюся, Яўхім. І яно абсалютна для нас падыходзіць, і я бачыў ягоны фотаздымак, то і абліччам ён для нас падыходзіць, і ўзросту ён маладога. Гэта малодшы сын дацкае каралевы, і ён не прэтэндуе на трон Даніі”.

Аксак: “А ці ведае ён пра тое, што зьяўляецца нашчадкам манархічнага трону Беларусі?”

Аркуш: “На адной з канфэрэнцыяў, якая адбывалася ў Познані, я сказаў пра гэта ў сваім дакладзе, і ён быў надрукаваны потым у сур’ёзнай кнізе. Так што ў Эўропе, я думаю, той-сёй пра гэта ведае”.

Аксак: “Маем сюжэт для новага прыгодніцкага гістарычнага раману...”

Аркуш: “Гістарычна-прыгодніцка-футурыстычнага раману...”

АЎТАР І ТВОР

ФЭЛІКС БАТОРЫН: “НАС ЗБЛІЗІЦЬ ЛЮБОЎ АДНА”


Скобла: “Спадар Фэлікс, вы працуеце лекарам у 2-ой менскай больніцы, гэта даволі рэдкая прафэсія ў асяродзьдзі тых, хто займаецца літаратурай. Як вам удаецца спалучаць мэдыцыну і паэзію?”

Баторын: “Паэзія заўсёды была са мною, гэта неад’емная частка майго жыцьця. У мэдыцыну я пайшоў пасьля няўдалай спробы паступіць у маскоўскі Літінстытут. Не прайшоў па конкурсе, вярнуўся дадому. І падумаў, што і Чэхаў, і Міхаіл Булгакаў мелі мэдыцынскую адукацыю і адначасова былі выдатнымі пісьменьнікамі. І так сталася, што сёньня я не шкадую. Мэдыцына і паэзія – гэта розныя бакі майго жыцьця”.

Скобла: “Мне прыйшло на памяць чатырохрадкоўе Міхася Стральцова: “Бывае й так, што слова – лекі, якія доктар прапісаў”. А што вы часьцей прапісваеце сваім пацыентам – пілюлі ці вершы пачытаць? Ці вершатэрапія ня мае дачыненьня да мэдыцыны?”

Баторын: “Можа, і мае. І, напэўна, стан душы чалавека мае вялікае значэньне ў сэнсе супраціўляльнасьці захворваньням, каб не ўпадаць у дэпрэсію і г.д. Але без спэцыяльных мэтадаў лекаваньня хваробы не праходзяць. У псыхічных захворваньнях стан душы надзвычай вялікае значэньне мае. Але і там трэба мэдыкамэнтозная тэрапія”.

Скобла: “Вы пішаце па-беларуску і на ідыш. А як адбываецца гэты мовападзел?”

Баторын: “Беларуская мова ўвайшла ў маё жыцьцё разам з беларускім паветрам. Яна ў нашым доме гучала колькі я сябе памятаю. А памятаю я сябе з гадоў трох. Яшчэ мне не было чатырох гадоў, а я ўжо навучыўся чытаць. І першую сваю прачытаную кніжку я запомніў на ўсё жыцьцё і сёньня магу цытаваць на памяць. Гэта былі “Беларускія народныя казкі” пад рэдакцыяй Якуба Коласа. Памятаю, першая казка пачыналася так: “Пайшоў казёл з казою арэхі шукаць. Казёл шчыпае – каза падбірае...” У нашым доме ўвесь час мова гучала яшчэ й з тае прычыны, што мой бацька – былы камісар партызанскага атраду, і па вайне партызаны з усіх куткоў Беларусі зьяжджаліся да нас на свае сустрэчы. І гаварылі (тады ніхто не саромеўся) на сваёй, на прыроднай, на беларускай мове. Усе дыялекты, усе адценьні моўныя гучалі ў нашай хаце.

Што да мовападзелу. Верш у мяне адразу пачынаецца ці па-беларуску, ці на ідыш. На ідыш – радзей. Таму што няма ў Беларусі чытацкай аўдыторыі, якая б магла прачытаць ці выслухаць мяне на ідыш. У нашай краіне можа чалавек дзесяць толькі засталося, хто ідыш ведае. А з тых, хто піша, я, відаць, адзіны застаўся”.

Скобла: “А дзе сёньня друкавацца паэту, які піша на ідыш?”

Баторын: “Выходзіў у Лёндане часопіс “Дэпэн”, ён закрыўся. У Маскве выходзілі некалькі выданьняў (“Дэ ідышэ гас”, “Бірабіджан штэрн”) – яны таксама спынілі сваё існаваньне. Яшчэ ў Амэрыцы некалькі газэтаў засталося ды ў Ізраілі (“Топал пункт”). Мова ідыш, на жаль, памірае ў сьвеце”.

Скобла: “Вы перакладалі з ідыш на беларускую Шолам-Алэйхема. Хто з беларускіх творцаў найбольш блізкі яму сваёй творчасьцю? Ці Шолам-Алэйхем – зьява чыста габрэйская і непаўторная?”

Баторын: “Думаю, што апошняе. Шолам-Алэйхем – ён вельмі габрэйскі пісьменьнік. І таму, што ён вельмі габрэйскі пісьменьнік, ён – і ўсясьветны клясык. Менавіта таму. Ён непаўторны. Гэта дзіўнае спалучэньне, гэта расказ пра трагічнае праз камічнае. Адна фраза чаго вартая (там у некага бацька захварэў, у некага маці): “А мне добра, я – сірата”.

Скобла: “Вы перакладаеце і паэзію. Сярод іншага пераклалі і знакамітую баляду “Лёрэляй” Гайнэ. Але да вас яе перастварылі па-беларуску Юрка Гаўрук і Юлі Таўбін. Дык навошта быў яшчэ адзін варыянт?”

Баторын: “Ранейшыя пераклады мяне проста не задавальнялі. Я вельмі люблю нямецкую паэзію, гэтую любоў перадаў мне бацька. Праўда, немцаў ён чытаў у клясычных расейскіх перакладах. Я чытаю нямецкіх паэтаў у арыгінале. Напэўна, няма такога перакладу, які б адпавядаў цалкам арыгіналу”.

Скобла: “Нават ваша “Лёрэляй”?

Баторын: “Нават мая “Лёрэляй”. Хоць пахвалюся, стану ў самазадаволеную позу. Мой пераклад з усіх вядомых – самы блізкі да арыгіналу. Я мог бы па радках прайсьціся і даказаць, што там – амаль даслоўнае супадзеньне. Увогуле, калі я перакладаю, то імкнуся, каб пераклад быў як мага дакладнейшы па сэнсе. Але каб пры гэтым ня страціліся мастацкія вартасьці. Карацей кажучы, стараюся захаваць і дух, і літару. Гэта мой прынцып як перакладчыка”.

Скобла: “З вашай біяграфіі (ня з той, што апублікаваная ў біяграфічным даведніку “Беларускія пісьменьнікі”), я ведаю, што сярод вашых блізкіх сваякоў быў і член ЦК Кампартыі Беларусі, і кантар сынагогі. Як склаўся іх далейшы лёс?”

Баторын: “Дзед па маці быў кантарам сынагогі. Але пры савецкай уладзе ён зрабіўся бухгальтарам. На жаль, ён быў чалавекам хваравітым і рана памёр. Я яго не памятаю. А яго родны брат Гедалія быў членам ЦК КПБ у 1930-я гады. Сябраваў, дарэчы, з Бухарыным. У 1937 годзе яго пасадзілі як польскага шпіёна, які хацеў узарваць элеватар у Гомелі. На допытах яго катавалі, але ён нічога не падпісаў. На шчасьце, яго выпусьцілі. А бацьку майго, вайскоўца тады прымушалі разьвесьціся з маці (як жа – сястра “ворагаў народу”). Але да гонару бацькі ён адмовіўся, хоць і быў звольнены з войска. Затое застаўся пры сям’і”.

ФЭЛІКС БАТОРЫН. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

НЭРОН

Нэрон сьпяваў – і плакаў цэлы Рым Ад дзікага выцьця шалёнай кошкі. Здавалася: паслухаць варта трошкі – I, чым пакута тая, лепш памры!

Нэрон судзіў. Галодныя ільвы Ірвалі на шматы людзкія целы, I струмяні крывавыя ляцелі У твары гледачам, пакуль жывым.

Агнямі забаўляўся і гуляў Усёмагутны венцаносец Рыма. Раўлі салдаты хіжымі зьвярыма. Крыжы гарэлі. Цэлы Рым палаў.

I Рым паўстаў. Няможна век людзям Было выносіць зьдзек крывавы гэны. Нэрон забіты, ды ліхія гены Упарта прарастаюць тут і там.

ЭПІТАФІЯ НА СЬЦЯНЕ КАЛІЗЭЮ

Часы дыктуюць жорсткія законы: Пара настала – і магутны Рым, Забыўшыся на славу Цыцэрона, На мове барбараў загаварыў.

Згубіўшы мову і забыўшы славу, Сям''я ня зьнікне, не зьвядзецца род, А толькі ў друз рассыплецца дзяржава I перастане быць сабой народ.

ЦЕСЬЛЯ

Сонца ўзышло, і выходзіць з двара З крыжам драўляным на сьпіне Цесьля Ягошуа, сын цесьляра, Ён разумее ў драўніне.

Цесьля Ягошуа, ты абрабляў Дошак і бёрнаў нямала. Бачыш: таварыш твой не змахляваў – Крыж атрымаўся трывалы.

Ён шчыраваў, аж згінаўся ў дугу. Праца для майстра, як песьня. Крыж утрымае і цела вагу, I пад цьвікамі ня трэсьне.

Ён прастаіць за вякамі вякі Проста і велічна-строга. Цесьля Ягошуа, крыж твой цяжкі. З Богам! Чакае дарога.

І СОНЦА АДНО, І МЕСЯЦ АДЗІН

I сонца адно, і месяц адзін, I наша зямля адна. А мы адзін аднаго ядзім, Гаркоту п''ючы да дна.

I доля адна, і нядоля адна, I шлях у цемры адзін. Усе як адзін мы прагнем відна I ў змрок упарта глядзім.

З дзікунства змрочных дрыгвяных нізін Да промняў спагадных дня Нас вывесьці можа розум адзін, А зблізіць любоў адна.

БАНКЕТ

Устаўшы на катурны І зьняўшы пасталы, Разбэшчаныя дурні Узьлезьлі на сталы.

Папляжылі дашчэнту Нагамі ўвесь абед. А мы, інтэлігенты, Трымаем этыкет.

КРЫТЫКА

ГАННА КІСЬЛІЦЫНА

СТО ЛІСТОЎ ПОШТМАДЭРНІСТА


Андрэй Хадановіч. Сто лі100ў на tut-by”. Выдавецтва “Логвінаў”, 2006.

Ён і цяпер захоўваецца ў мяне – выразаны з Нашай Нівы 2000 году верш “Знакі прыпынку”... Менавіта з яго пачалася мая цікавасьць да паэзіі Андрэя Хадановіча. Я пабачыла ў ім насьледаваньне Бродзкаму – і з той пары не выпускала яго са свайго крытычнага далягляду. Ужо праз год напісала пра Хадановіча – аўтара некалькіх публікацый – артыкул, а праз два гады – прадмову да яго першага беларускага зборніка…

Сёньня ён – ці ня самы папулярны пісьменьнік у маладзёвай аўдыторыі. Той-сёй з крытыкаў – а колькасьць іх расьце, як snezhny.com, адпаведна славе – спрабуе замяніць слова “папулярны” на “раскручаны”. А нехта ўжо і скардзіцца, што Хадановіча “замнога”, і пра Хадановіча – “замнога”. Але, прызнаюся, пільна сочачы за яго парнатным бліцкрыгам, я так і не пабачыла ніводнай стоадсоткава станоўчай рэцэнзіі хоць бы на адзін яго паэтычны зборнік. З тых, што выйшлі ў Беларусі.

Такое ўражаньне, што кнігі Хадановіча разглядаюць ня самі па сабе, а як дадатак да яго музычна-паэтычных вечарын, як нейкі софт прадукт, па якім пасьля можна зьверыць уражаньне ад імпрэзы, як нейкую канстанту, незалежную ад году выданьня. І прэтэнзіі да яго з году ў год адны і тыя… Прахіхікаў Беларусь… Няздатны на любоўную лірыку… Заляцаецца да публікі… “Сто лі100ў на tut.by” папракнулі за ненарматыўнасьць – ня столькі моўную, колькі мысьленчую. Маўляў, Пушкін сабе такога ня мог дазволіць. Аўтар “Цара Мікіты і яго сарака дачок” дазваляў сабе, “прамежду протчым”, і не такое… Але гэта не істотна, а істотна сугэстыўна закладзенае: “Хадановіч – гэта наша ўсё”. І чым часьцей выстаўляюць паэту такі малазразумелы на агульным тле сёньняшняй беларускай паэзіі “гамбургскі рахунак”, тым больш відавочна гэта становіцца.

“Сто лі100ў на tut.by” – дакладна самы лірычны зборнік паэта. Па зьмесьце – гэта рэдкі для сучаснага нацыянальнага пісьменства выпадак выкарыстаньня эпісталы (спадзяюся, пурытане не папракнуць мяне гэтым словам). Па інтанацыі – бліжэй за ўсё да інтымнага дзёньніка, па якім можна сачыць не толькі за разьвіцьцём пачуцьця, але і за зьменай пары году. Па прызнаньні Хадановіча – гэта “вершы, напісаныя збольшага ўвосень і ўзімку 2004-га й дапоўненыя пазьнейшымі тэкстамі”. Па структуры – “Сто лі100ў...” падзеленыя на чатыры разьдзелы, якія варта чытаць уключна з трыма дывэртысмэнтамі – літоўскім, варшаўскім і ліпеньскім – каб не зьбівацца з каляндарна-цыклічнага мысьленьня.

З улікам веданьня паэтам францускай, дывэртысмэнт бачыўся як “увесяленьне”, пры чытаньні ж выявіўся як паэтычны дадатак. Гэтае падкрэсьленая аўтарам амаль незаўважная неадпаведнасьць – паміж вершамі ў разьдзелах і тэкстамі ў дывэртысмэнтах – паказчык заўсёднай патрабавальнасьці Хадановіча. Аднак і ў гэтых мастацкіх буфэрах хапае вершаў выразных і далёка пазаасабовых. Такі верш “Між Летувой і РБ – тэрыторыя нічыя” – пераадрасаваны паэтычны мэсыдж уладзімераў – Арлова і Маякоўскага :

Між Летувой і РБ – тэрыторыя нічыя. Колы змаўкаюць. Мытнікі абходзяць вагоны. Зараз будуць глядзець у пашпарт, бы там – ня я, А каляровы здымак Мэдузы Гаргоны.

Толькі раптоўна: “Спадар Хадановіч? Андрэю!” Слухаю і дурэю.

Нібы з марозу добра заліў у каршэнь, Я адчуваю радасьці поўную аблачыну ў штанах, куды за пашпартам лезу ў кішэнь, зачараваны ілюзіяй, што вярнуўся ў сваю айчыну.

Тэма Айчына ў Хадановіча падрабуе асобнай і больш падрабязнай гутаркі. Гэта і “краіна, дзе поўны тормаз націскае на тармазы; дзе адно й тое самае сьвята адзначаюць чатыры разы” . І мясьціна, дзе “няма чаго лавіць, апроч апошняе маршруткі!”. І ўсясьветная гіпэркалюжына – “паміж РАУСам і ваенкаматам”…. І ўсё ж – з вышыні палёту саней Сьвятога Міколы – гэта край неатрыманага Падарунка. І пакаленьне, якому адрасуе свае эпісталы Хадановіч, гэта пакаленьне, што жыве ў рэжыме чаканьня. Працягам яго санэту “Пасьляслоўе” з кнігі “Лісты з-пад коўдры” чытаецца такі ж знакавы верш з кнігі “Сто лі100ў на tut.by”:

Як дажыць да юнацтва й знайсьці маладога равесьніка? Як ня здохнуць у гэтай радзільні старых немаўлятаў? Хутка стану сівы, нібы мора пад крылом буравесьніка, У краі дыснэйлэндаўскіх бітваў, малітваў і клятваў.

Выкалупваем шчасьце апошняй разынкаю з булкі. І актавай вясёлкі – стэрыльныя стэрэасны. З сылікону дзяўчаты пускаюць прыгожыя бурбалкі. Ужываныя шпрыцы ў шклатару здаюць пацаны.

І паўзем, ой дадана–дадана, даданымі сказамі, Дадаісты бяз пашпарту і без Тцара ў галаве, Шанавальнікі лічбавых камэр – за крок перад газавымі… А шызе хоць бы хны, а шыза і дагэтуль жыве.

Можна спрачацца наконт паэтычнасьці слова “шыза”… І аспрэчваць пададзенае на вокладцы вызначэньне мовы Хадановіча як “пышнай, выкшталцонай, завостранай”. Мне хацелася б напісаць, што ён піша мовай вуліц – але дзе вы бачылі тую беларускамоўную вуліцу? Але, дакладна, ён піша на мове Плошчы, той ужо зьміталягізаванай плошчы, дзе жывуць надзеяй і каханьнем.

Таму самым нечаканым падарункам сталася менавіта любоўная лірыка, шчодра прадстаўленая ў “Ста лістах...”. Прызнаюся, самі па сабе згадкі пра мілосны дыскурс закаханага інтэлектуала выклікаюць ў мяне раздражненьне – віной якому Барт з яго “Фрагмэнтамі”. Аднак хадановічаўскі Закаханы – ахвяра любоўнага і ўсясьветнага Павуціньня – асоба якраз адкрытая, антыбартаўская, нягледзячы на агульнасьць вызначэньня: “Я той, хто чакае”. Герой Хадановіча перажывае і нават пакутуе, але, відавочна, ён да ўсяго атрымлівае кайф – і ад перажываньняў, і ад пакутаў. І ад нязмушанасьці ўласнай мілоснай прамовы – бо ў “мыле” ўсё “міла”, а на адлегласьці – прасьцей. Геаграфічная аддаленасьць справакавала шчырасьць выяўленьня, адкрыўшы нескарыстаную да таго здольнасьць гаварыць наўпрост:

Кажуць, быццам Шагал так доўга дзяўчыну ў майстэрні Маляваў, што выходзіў – і ў небе бачыў яе. Ёсьць у показцы гэтай праўдападобнае зерне, Бо куды б ні глядзеў я, бачу: Вас не стае.

Нягледзячы на ўласную параду са “Знакаў прыпынку” – “слухай параду, паэта, – сядай вывучаць сэміётыку”, паэт з посьпехам абыходзіць “засады” філялягічнае вышуканства. Густ і пачуцьцё гумару не далі ператварыць ліставаньне ў акт “інтэлектуальнай мастурбацыі”. “Сто лі100ў на tut.by” – гэта не пасланьні сэміёляга, а лісты паэта-вандроўніка, які “па пояс у джынсах” брыдзе “пад сузор’ем Вялікага Віні-Пуха”.
XS
SM
MD
LG