Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На адведваньне хворага бацькі М.Статкевічу далі паўтара дня


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня Мікалай Статкевіч наведаў у Баранавічах хворага бацьку. Палітвязень скарыстаў першы за тры месяцы адпачынак.

Мікалая Статкевіча адпусьцілі толькі на паўтара дня. Хоць звычайна “хіміку”, які ня мае парушэньняў дысцыпліны, даюць адпачынак штомесяц і мінімум на тры дні.

Ужо 17 красавіка ўвечары Мікола Статкевіч мусіць вярнуцца ў вёску Блонь, дзе адбывае “хімію”.

Пры гэтым міліцыянты зь мясцовай камэндатуры яшчэ пайшлі вязьню на саступкі — далі магчмасьць не марнаваць часу на бюракратычныя працэдуры.

“Мне ўчора дазволілі забраць маршрутны ліст з камэндатуры пры ўмове, што я ня выеду сёньня раніцай. Хаця паводле закону, калі ўжо ёсьць маршрутны ліст, то ў 24.00 у нядзелю мог бы ехаць. Але сказалі, што тады ў іх будуць праблемы.

Нават міліцыянты, калі афармлялі мне адпачынак, казалі, што ў нас апошнія “алканаўты” меней за тры дні адпачынку не атрымоўваюць. Чаму гэта вас ўсяго на паўтара?” — апавёў Статкевіч.

Сам Мікалай Статкевіч лічыць, што яму абмежавалі тэрмін адпачынку з той жа прычыны, зь якой гэтак доўга не пускалі ў адпачынак. Палітыку не даюць сустрэцца з аднадумцамі з апазыцыі.

Сёньня Мікалай Статкевіч ужо прыехаў у Баранавічы да свайго бацькі. Віктару Паўлавічу Статкевічу 81 год. Пра адпачынак сына ён кажа:

“За чатыры месяцы адзін раз пусьцілі. І я колькі прасіў, каб далі яму адпачынак — нарэшце...На паўтара дня. Гэта сёньня прыехаў, а заўтра паедзе. Але хаця б так. Што зробіш?”

Яшчэ нядаўна Віктар Паўлавіч Статкевіч цяжка хварэў, але цяпер кажа, што з надыходам вясны пачуваецца лепей. Стары чалавек перакананы, што кожны прыезд сына дадае яму сілаў. Заўтра, на Радуніцу, ён зьбіраецца разам з сынам наведаць могілкі, дзе пахаваная яго жонка, маці Мікалая Статкевіча.

Вядучаму. Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч пакараны двума гадамі абмежаваньня волі за арганізацыю мітынгу пратэсту супраць рэфэрэндуму 2004 году. Той рэфэрэндум дазволіў Аляксандру Лукашэнку трэці раз балятавацца на прэзыдэнта. На “хіміі” ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну Мікалай Статкевіч мае быць да ліпеня.
XS
SM
MD
LG