Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыль – у плякатах, малюнках і прозе


Галіна Абакунчык, Менск Аргкамітэт у правядзеньні “Чарнобыльскага шляху” пачаў збор сродкаў для пацярпелых, хворых на рак. Моладзь БНФ праводзіць творчыя конкурсы, прымеркаваны да гадавіны трагедыі. Журы разглядае першыя малюнкі.

Моладзь БНФ абвясьціла адразу тры творчыя конкурсы: палітычнага плякату – для дарослых, дзіцячага малюнка – для дзяцей, а таксама інтэрнэт-выказваньняў на тэму “Чаму я пайду на “Чарнобыльскі шлях” – для удзельнікаў розных узростаў. Гаворыць адзін з арганізатараў Франак Вячорка:

“На сёньня чарнобыльская праблема ўздымаецца цьмяна і невыразна. Афіцыйныя дзяржаўныя імпрэзы падаюць гэта, як праблему, якая ўжо вырашаная. Таму і БРСМаўская акцыя называецца “Чарнобыльскі шлях – дарога ў будучыню”. А мы хочам зірнуць на гэтую праблему, як праблему, якую трэба пастаянна ўздымаць, каб не дапусьціць такую трагедыю ў будучыні”.

Выказваньні, плякаты й малюнкі зьявіліся неўзабаве пасьля абвяшчэньня творчага спаборніцтва ў інтэрнэт-сеціве. Найперш – дзіцячыя малюнкі пра Чарнобыль. І гэта адбываецца не пры дапамозе школьных адміністрацыяў, а насуперак ім, кажа адна з арганізатарак конкурсу Вольга Рудніцкая.

“Была такая думка зьвярнуцца да дзяцей, якія пражываюць у забруджаных раёнах. Але ў школах гэта вельмі складана рабіць. Бо калі ты прыходзіш зь нейкай уласнай ініцыятывай, то цябе нават не дапусьцяць да дзяцей. Я была там з афіцыйным францускім праектам. Нават маючы дамоўленасьці, вельмі цяжка было пра нешта размаўляць. Вось трэба ім, каб была такая паперка з гербам ад міністэрства альбо нейкая іншая дзяржаўная ініцыятыва”.

Перасьлед уладаў стаў прычынай таго, што чыноўнікі адмаўляюцца браць удзел у канфэрэнцыях па праблемах Чарнобыля, якія традыцыйна праводзіць дэмакратычная грамадзкасьць. Сёлета такая дыскусія адбудзецца з удзелам ахвяраў трагедыі і навукоўцаў. Таму Аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху” падтрымлівае ініцыятыву маладых, кажа сябра аргкамітэту Віктар Івашкевіч:

“Калі напачатку, ва ўмовах дэмакратызацыі, пагаджаліся ўдзельнічаць кіраўнікі інстытутаў, прафэсары, акадэмікі, то зараз большая іх частка ня хоча патрапіць пад рэпрэсіі і не рызыкуе сьвяціцца ў апазыцыйных мерапрыемствах. А вось што тычыцца крэатыўных групаў са шматлікімі ідэямі, то там жа не патрабуецца ставіць подпіс. Такія імпрэзы праводзяцца ўпершыню, дзякуючы таму, што сфармавалася група маладых людзей. І вось яны гэтак далучылі свае маладыя сілы”.

Паводле Івашкевіча, аргкамітэт таксама праводзіць збор фінансавых сродкаў для ахвяраў Чарнобыля, якія будуць перададзеныя ў анкалягічны шпіталь ў Бараўлянах.



У ілюстрацыях выкарыстаныя малюнкі Алены Стрэльчык, Наташы Малей і Ангеліны Бандаровіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG