Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі едуць ў Страсбур з праектам “Малой Канстытуцыі”


Уладзімір Глод, Менск Сёньня ў Страсбуры адкрываецца веснавая сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. А ўжо ў аўторак, 17 красавіка, адбудзецца пасяджэньне парлямэнцкага падкамітэту ў справах Беларусі. Пра свой намер удзельнічаць у ім заявіў кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі Рэнэ ван дэр Ліндэн.

У дыскусіі вакол сытуацыі ў Беларусі будуць удзельнічаць эўрапейскія дэпутаты ды экспэрты. Зь Менску таксама накіроўваецца вялікая група. Прынамсі, гэта палітыкі Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Аляксандар Мілінкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Валеры Ўхналёў. Разам зь імі будуць і прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў – Юры Варонежцаў, Уладзімер Колас, Гары Паганяйла, Антаніна Кавалёва ды іншыя. Было асабістае запрашэньне і для Ірыны Казулінай – жонкі былога кандыдата ў прэзыдэнты. Але спадарыня Ірына праходзіць курс лячэньня ў Злучаных Штатах і таму ў Страсбуры яе ня будзе.

Старшыня Нацыянальнага выканаўчага камітэту аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька гаворыць, што ў Страсбуры беларуская апазыцыя хоча вырашыць наступныя задачы:

“Пасьля віленскай канфэрэнцыі нашы мэты і задачы павялічваюцца і набываюць больш канкрэтны зьмест. Па-першае, што датычыцца Нацыянальнага выканаўчага камітэту, дык я вязу з сабою англамоўны праект “Малой Канстытуцыі” і зварот да ван дэр Ліндэна з просьбай, каб ПАРЭ і Рада Эўропы ўзялі на сябе абавязак рабіць юрыдычную экспэртызу ўсіх напрацовак Нацыянальнага камітэту ды іншых структураў аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Другая задача – атрымаць падтрымку на ўзроўні Парляменцкай Асамблеі і Рады Эўропы ініцыятывы аб правядзеньні спэцыяльнай міжнароднай канфэрэнцыі ў справах Беларусі з удзелам уладных беларускіх структураў, аб’яднаных дэмакратычных сілаў і міжнародных арганізацыяў пад эгідай Эўразьвязу.

Трэцяя – мы мусім зрабіць прэзэнтацыю стратэгіі і пазытыўнай альтэрнатывы, якія былі ўхваленыя і на палітрадзе і на віленскай канфэрэнцыі. “

Што тычыцца ўдзелу ў слуханьнях афіцыйнага беларускага боку, дык дагэтуль невядома, ці паляцяць у Страсбур сябры Нацыянальнага сходу. На ўсе пытаньні да афіцыйных асобаў гучыць адзін і той жа адказ: тэлефануйце пазьней.

Дарэчы, у першы дзень веснавой сэсіі Палаты прадстаўнікоў я запытаў Ўладзімера Канаплёва аб пэрспэктывах супрацоўніцтва з Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы. І вось што адказаў сьпікер Канаплёў:

“Мы не напрошваемся. І ўсе павінны пра гэта ведаць. Мы не напрошваемся ў Раду Эўропы, у Парлямэнцкую асамблею. Заўсёды патрэбна мець уласны гонар і ўласны твар. І мы ня можам пакорліва падпарадкоўвацца ўсяму таму, што ставяць перад намі. Атрымліваецца такая крыху аднабаковая пазыцыя.

Калі я яшчэ толькі пачынаў размову з паважаным спадаром ван дэр Ліндэнам я казаў яму, што зрухі павінны быць з абодвух бакоў”.

Беларусь у сярэдзіне 90-х гадоў мела статус спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Але ён быў замарожаны для Беларусі 13 студзеня 1997 году — як рэакцыя на шматлікія парушэньні падчас правядзеньня рэфэрэндуму ў лістападзе 1996 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG