Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскія актывісты БНФ заклікаюць ўладу спыніць рэпрэсіі й беззаконьне


Радыё Свабода Сёньня ў шэраг структураў улады ў Берасьці будзе перададзены зварот мясцовай філіі партыі БНФ. Дакумэнт інфармуе, што больш як 70 прадстаўнікоў апазыцыі ў рэгіёне былі ў апошні час затрыманыя. Грамадзкія актывісты атрымлівалі грашовыя штрафы, іх абвінавачвалі ў дробным хуліганстве і арыштоўвалі тэрмін ад 3 да 15 сутак.

Старшыня Берасьцейскай абласной філіі партыі БНФ Юрась Губарэвіч паведамляе, што тэкст звароту займае адну старонку, дадатак – яшчэ чатыры. Пакет будзе ўручаны пад рэгістрацыю ў асноўныя структуры мясцовай ўлады.

“Атрымаюць: старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму, Берасьцейскага абласнога Савету дэпутатаў. Таксама дакумэнт накіроўваецца ў абласную пракуратуру, у абласную міліцыю і абласны КДБ. Якраз прадстаўнікі гэтых арганізацыяў у рэгіёнах каардынуюць між сабой дзейнасьць у рэпрэсіях супраць актывістаў нашай партыі”.

Адзін з апошніх такіх прыкладаў – адмоўнае рашэньне абласнога суду на скаргу кіраўніка суполкі партыі БНФ у Пінску Аляксандра Рамановіча. Ён кажа, што ўжо сёлета двойчы атрымаў па 5 сутак арышту.

“Першы раз – калі я балятаваўся кандыдатам у Берасьцейскі абласны Савет, каб сарваць сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам. Другі раз – перад 25-м сакавіка. Нават нейкая спэцапэрацыя была. Сачылі за пяцьцю чалавекамі. Былі задзейнічаны аўтамашыны, людзі ў цывільным. У выніку, нас схапілі”.

Паводле Аляксандра Рамановіча, ён накіроўвае цяпер скаргу на затрыманьні і прысуды ў вышэйшую інстанцыю – Вярхоўны суд Беларусі. Такім жа чынам шукаюць справядлівасьць сябры партыі БНФ Аляксандар Аўсеенка, Юры Бахцераў, Яўген Пракурат, Зьміцер Шыманскі і яшчэ каля 20 апазыцыянэраў. А ўсяго, нагадаю, сёлета пацярпелі ў рэгіёне больш як 70 сяброў апазыцыйных партыяў і рухаў.

Дык ці варта ў такой сытуацыі заклікаць уладу да паразуменьня? Пытаньне да ініцыятара звароту Юрася Губарэвіча.

“Праз абагульненьне такіх фактаў хочам паказаць сыстэмнасьць такога ціску. Відавочна, што ціск узмацняецца напярэдадні мерапрыемстваў, палітычных альбо грамадзкіх. Па адных і тых жа схемах. Перадусім мы адлюстроўваем гэтую сыстэмнасьць. Па-другое, нагадваем, што ў кожным такім выпадку будзе імкнуцца дакладна ведаць, хто замаўляе злачынствы і хто іх выконвае. Мы лічым гэта злачынствамі супраць нашых актывістаў.”

Юрась Губарэвіч таксама паведаміў нашаму радыё, што ініцыятыву абласной суполкі партыі БНФ падтрымліваюць актывісты іншых арганізацыяў у рэгіёне.
XS
SM
MD
LG