Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пабоішча ў Маскве – спроба ўлады сілай падавіць страх у самой сабе”


Юры Дракахруст, Прага Яднаньне Беларусі і Расеі пераходзіць у практычную плашчыню. Жорстка зьбітыя ўдзельнікі мірнай дэманстрацыі, у тым ліку жанчыны і старыя, арышты арганізатараў маніфэстацыі, шчыльныя кардоны міліцыі, якія не даюць гараджанам прайсьці па сваім горадзе – гэта пра Менск ці пра Маскву? Зараз ужо – пра абедзьве сталіцы.

Падабенства і ў неадэкватнасьці дзяржаўнага гвалту патэнцыйнай пагрозе. У маскву АМОНаўцаў сьцягнулі з усёй Расеі , каб супрацьстаяць, як высьветлілася, адносна нешматлікай і, нягледзячы на рэвалюцыйную рыторыку лідэраў, мірнай дэманстрацыі: Пушкінская плошча – ня Красная, Крэмль далёка.

Ужо жорсткі разгон некалькі тыдняў таму дэманстрацыі апазыцыі ў Ніжнім Ноўгарадзе паказаў, што расейскія кіраўнікі робяцца старанымі вучнямі сваіх беларускіх калегаў, і ўсё часьцей дзейнічаюць паводле прынцыпу героя Салтыкова-Шчадрына: «Тащить и не пущать».

Навошта, дакладней – чаму? Навошта на тле завоблачных рэйтынгаў папулярнасьці паводзіць сябе так, нібыта рэвалюцыя на парозе?
“Падтрымкі большасьці ўжо мала. Трэба, каб падтрымлівалі ўсе. Ці баяліся ўсе, хто не падтрымлівае. Ці баяліся ўсе”.
Справа хіба ў прыродзе ўлады – што беларускай, што расейскай. Падтрымкі большасьці ўжо мала. Трэба, каб падтрымлівалі ўсе. Ці баяліся ўсе, хто не падтрымлівае. Ці баяліся ўсе.

У Расеі, магчыма, гэтае новае стаўленьне да пратэстаў абумоўлена набліжэньнем выбараў, і ня сёлетніх думскіх, а галоўных , прэзыдэнцкіх, да якіх застаўся год. У адсутнасьці легітымнай працэдуры пераемнасьці ўлады (бо легітымнасьць дае ці манархічны прынцып, ці свабодныя выбары, а не спэцапэрацыя “Пераемнік”) расейскай уладзе мроіцца прывід Смуты. Тут і ў слабенькіх пратэстах чуецца голас хлопчыка з казкі Андэрсэна: “А кароль жа голы!” Ці больш па-руску: «Царь-то ненастоящий!»

Адсюль і пабоішча ў цэнтры Масквы – спроба дэманстрацыяй сілы падавіць страх у саміх сабе.

Гл. таксама: У Маскве мілыцыя ўжыла сілу супраць удзельнікаў апазыцыйных акцыяў
XS
SM
MD
LG