Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі “Плошча. 19.-25.03.2006”


Ганна Соўсь, Менск У суботу ў Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі “Плошча” – 12-й кнігі з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. Кніга прысьвечаная падзеям у Менску 19-25 сакавіка 2006 году, калі ў адказ на абвешчаныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у цэнтры Менску паўстаў намётавы лягер.

Слухаць:



Першую частку кнігі складаюць рэпартажы, інтэрвію, апытаньні, званкі слухачоў, якія гучалі ў эфіры і друкаваліся на сайце svaboda.org у дні і ночы існаваньня лягеру. Другая частка кнігі расказвае пра рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў.

Кніга

Слухачы пераўтварыліся ў гледачоў

Кніга

Нам кніжкі – вам цукеркі

Канфэрэнц-заля сядзібы Партыі БНФ ледзь умясьціла больш за сотню чалавек, якія прыйшлі на прэзэнтацыю “Плошчы”. І большасьць зь іх складалі ўдзельнікі тых леташніх падзеяў, чые імёны згадваюцца ў “Плошчы”.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў, што

“Былі мы на ёй усе разам, дзеля Беларусі, дзеля свабоды. “Свабодаўцы” – Радыё Свабода – трымалі ня проста паінфармаванымі, а трымалі ў энэргетычным полі Плошчы. Сёньня зьявілася кніга, асьветленая гэтай паходняй унівэрсальнага слова. У нас у сядзібе нараджаецца да вечнага жыцьця кніга пра нашу Плошчу”.

Дырэктар беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук, які ў сакавіку 2006 таксама быў на Плошчы, прадстаўляючы кнігу, заўважыў, што афіцыйныя вынікі выбараў 2006 не былі нечаканасьцю для журналістаў Свабоды. Нечаканасьцю стала Плошча.

“Плошча была ў цэнтры ўвагі ўсяго сьвету ўвесь наступны тыдзень і пазьней. Гэтая кніга – гэта тое, што было ў эфіры і на сайце “Свабоды”. Мы сабралі рэпартажы, інтэрвію, фатаздымкі, але таксама нешта, чым гэтая кніга адметная з усіх кнігаў сэрыі “Бібліятэка Свабоды” – у гэтай кнізе ёсьць слухачы, ёсьць нацыянальная акустыка”.

Кніга

Аляксандар Лукашук раіць гасьцям пашукаць у кнізе свае прозьвішчы

Як і ў кнізе, так і падчас прэзэнтацыі гучалі галасы слухачоў Радыё Свабода.

Штодня летась на Плошчы круглыя суткі працавалі карэспандэнты “Свабоды” – Валер Каліноўскі, Любоў Лунёва, Альгерд Невяроўскі, Ягор Маёрчык ды іншыя. Любоў Лунёва згадала падчас прэзэнтацыі пра некалькі кур’ёзных выпадкаў, што былі ў журналістаў падчас працы на Плошчы.

Кніга

Журналістка Любоў Лунёва.

“Калі, напрыклад, Зьміцер Дашкевіч казаў, што тут быў дэкан гуманітарнага факультэту, шукаў сваіх студэнтаў, дык вось яны яму зараз праз "Радыё Свабода" просяць перадаць прывітаньне”.

Лідэр Моладзі БНФ Алесь Каліта, адзін з удзельнікаў намётавага лягеру, у халодным сакавіку лавіў на Плошчы “Свабоду”.

“Кася Камоцкая падарыла мне ў першы дзень стаяньня радыёпрымач. Я настроіў яго на “Свабоду” і, седзячы ў намёце, чуў па гэтым прымачы тыя інтэрвію, якія даваліся на Плошчы ўдзельнікамі... Мы адстаялі гэтых пяць дзён, мы б адстаялі, калі трэба, і месяц, і год. Мы будзем далей стаяць. І яшчэ не адзін раз вельмі гучна скажам: “Жыве Беларусь!”

Кніга

Алесь Каліта: “Мы пераможам!”

Уладзімер Арлоў быў адным з тых, хто летась высунуў ідэю перайменаваць Кастрычніцкую плошчу ў Плошчу Каліноўскага.

“Гэтая традыцыя барацьбы за незалежнасьць нашага краю не перапыняецца ад моманту падзелаў Рэчы Паспалітай. Я думаю яшчэ пра тое, што гэтая традыцыя змаганьня была вельмі магутна прадэманстраваная летась, у гэтыя дні, калі мы са спадаром Лукашуком у дзьве гадзіны ночы стаялі на пляцы і налічылі сямнаццаць першых намётаў...”

Кніга

Уладзімер Арлоў: экскурс у гісторыю змаганьня за незалежнасьць

Паэт Андрэй Хадановіч прыгадаў, як ён і ягоныя студэнты-беларусісты пасьля разгону намётавага лягеру правялі ва ўнівэрсытэце хвіліну маўчаньня.

“Я ўдзячны людзям на Плошчы і вакол яе за эўфарыю і энтузіязм 19-га, 20-га, калі зь цябе пёр беспадстаўны, як здавалася б, лёгіцы, але абсалютна падстаўны, як здавалася сэрцу, аптымізм”.

Гл. таксама:

"Плошча. 19.03-25.03.2006": новая кніга ў "Бібліятэцы Свабоды" "Плошча": "Адчуваеш тую атмасфэру: мароз, вільготнасьць і прага пераменаў"
XS
SM
MD
LG