Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Заіка: "Беларусы ня хочуць ашчаджаць, яны хочуць жыць тут і цяпер"


Юры Дракахруст, Прага Ці сапраўды эканамічная і сацыяльная сытуацыя ў Беларусі зьяўляецца стабільнай, як казаў пра тое Аляксандар Лукашэнка на сваёй прэсавай канфэрэнцыі? Як мяняліся эканамічныя і сацыяльныя паводзіны беларусаў за апошнія гады? Як уплываюць на беларускую стабільнасьць цяперашнія палітычныя падзеі ў Кіргізстане і ва Ўкраіне? Прапануем вам адказы на пытаньні “Праскага акцэнту” кіраўніка дасьледнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі.

Дракахруст: “На прэсавай канфэрэнцыі ў чацьвер Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Я дастаткова трывала стаю на нагах. Я добра ведаю, куды павінна ісьці краіна і як яна павінна разьвівацца”, – сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго, даходная частка бюджэту Беларусі па выніках 2007 году можа быць перавыкананая, нягледзячы на складаную эканамічную сытуацыю ў краіне. "Улічваючы больш як двухразовае павелічэньне цэн на газ і сытуацыю з нафтай, гэта – перамога", – заявіў Лукашэнка.

Варта нагадаць, што тыдзень таму, падчас Вялікоднай імшы ў Сьвятадухавым катэдральным саборы, кіраўнік дзяржавы заявіў: “Той наймагутнейшы ўдар, які быў нанесены з Усходу па беларускай эканоміцы, намі пераадолены на працягу першага кварталу”. Словам, перамога суцэльная, даходы бюджэту нават большыя, чым чакалася. Леанід Заіка, як жа так атрымалася і ці сапраўды атрымалася менавіта так?”

“Я б не сьпяшаўся казаць, што мы ўжо вытрымалі расейскі ўдар”

Заіка: “Прэзыдэнты і прэм''ер-міністры ўсіх краінаў павінны казаць прыемныя рэчы для народу, у гэтым іх функцыя – маляваць аптымістычную карцінку. Але гэта не зусім так. Калі казаць пра 2007 год, то двум месяцам мы ня можам рабіць дакладныя ацэнкі таго, што будзе адбывацца напрыканцы году. На сёньня мы канстатуем рост валавага ўнутранага прадукту на 9% , але ў нас спыніўся экспарт. А пры гэтым яшчэ растуць даходы насельніцтва і інвэстыцыі. Такі супярэчлівы пачатак году можа прывесьці да памылак у эканамічнай палітыцы і значна пагоршыць сытуацыю.

Многія лічбы выклікаюць сумневы. Прэзыдэнт казаў, што грашовыя і валютныя сродкі прадпрыемстваў павялічыліся на 20% паводле дадзеных Нацыянальнага банку. Але як яны маглі павялічыцца на 20%, калі экспарт застаўся на ранейшым узроўні? Што да бюджэту, то ён сапраўды можа быць і больш у намінальных лічбах. Мы так жылі ўсе 1990-я гады.

Але галоўнае – гэта тое, што ўдвая скараціўся экспарт нафтапрадуктаў – галоўная крыніца нашых даходаў. Мы 40% нашых валютных зьдзелак забясьпечвалі менавіта за кошт экспарту нафтапрадуктаў. І я б не сьпяшаўся казаць, што мы ўжо вытрымалі расейскі ўдар. Гэты ўдар ацэньваецца ў памеры каля 8 мільярдаў даляраў. Мы пакуль яшчэ нічога не плацілі, мы не плацілі за газ па новых тарыфах”.

Дракахруст: “Леанід Заіка, якія зьмены ў эканамічных і сацыяльных паводзінах беларусаў адбыліся за апошнія гады, гады паляпшэньня жыцьцёвага ўзроўню? У “Праскім акцэнце” 7 гадоў таму Вы распавядалі наступнае”.

“Паводле дадзеных ААН, у 1998 годзе даходы 20% найбольш багатых людзей у Беларусі пераўзыходзілі даходы 20% найменш забясьпечаных беларусаў прыкладна ў 3 разы. Зараз, паводле дадзеных нашага мінстату, даходы багатых пераўзышлі даходы бедных прыкладна ў 4 разы. Гэта самы нізкі паказчык у сьвеце сярод 150 краінаў. Мы – самая “роўная” краіна. У амэрыканцаў даходы самых багатых пераўзыходзяць даходы самых бедных у 9 разоў, у Расеі – у 13. Ну, Расея – краіна кантрастаў. У Польшчы гэты паказчык крыху менш – каля 7. Разрыў у 7-8 разоў уласьцівы шмат якім пераходным краінам…

Беларусы – гэта вельмі дзіўная рыса – людзі вельмі эканомныя. Мяне гэта ў свой час зьдзівіла. Мы з 1992 года вывучалі схільнасьць насельніцтва да ашчаджэньня, і высьветлілася , што узровень ашчаджэньня дасягае 20%. Для амэрыканца, магчыма, цяжка сябе уявіць, як можна эканоміць 20%”.


Ці зьмяніліся гэтыя ( і магчыма нейкія іншыя) асаблівасьці эканамічных паводзінаў беларусаў? І ў выніку тых зьменаў, што адбыліся, ці стала беларускае грамадзтва больш чуйным да магчымых эканамічных шокаў?”

“Патэрналізм, які беларускі прэзыдэнт абараняе і ўхваляе, прывядзе краіну да банкруцтва”

Заіка: “Парадоксы захоўваюцца. У 200 годзе мы мелі паказчыкі няроўнасьці прыблізна такія ж, як Аўстрыя – 20% самых заможных людзей ў нас былі багацейшыя за 20% самых бедных у сярэднім прыблізна ў 3 разы. Гэта мяняецца зусім нязначна.

Але размываньне гэтай роўнасьці ўсё ж ідзе, і пераважна за кошт росту даходаў чынавенства, дырэктарату і навуковых кадраў. Аднак, калі паглядзець на 2006 год, то грамадзянаў, якія жылі ніжэй за рысу пражытковага мінімуму, было менш за 11%.

Апошнія гады, асабліва пасьля скачка цэн на нафтавым рынку і калясальных даходаў ад продажу нафтапрадуктаў у насельніцтва зьмяніліся спажывецкія паводзіны. Рэзка павялічыўся попыт на дарагія тавары, на кватэры, аўтамабілі, дарагую бытавую тэхніку – цэны на кватэры ў Менску проста ўражваюць. Такія цэны нам і ня сьніліся, але людзі ўсё роўна купляюць.

Гэтыя дармавыя грошы, атрыманыя на перапрацоўцы расейскай нафты, выклікалі ва ўсіх сындром патэрналізму і спажывальніцтва. Валавы ўнутраны прадукт вырас на 10%, а даходы – на 17%. І людзі перасталі ашчаджаць. Узровень ашчаджэньня насельніцтвам ўпаў з 20% напрыканцы 1990-х да 4% у 2006 годзе. У японцаў напачатку іх эканамічнага цуду норма ашчаджэньня была 30%, нармальным лічыцца ўзровень у 10%.

Беларусы ня хочуць ашчаджаць грошы, яны хочуць зараз і цяпер жыць лепш, купляць машыны, кватэры і г.д. Такі прыклад: летась імпарт зь Італіі сьвежай садавіны павялічыўся на 30%. А гэта тавар нятанны.

Сёньня Беларусь, асабліва групы , якія блізкія да намэнклятуры, самая намэнклятура, дырэктарат атрымліваюць даходы у паўтары-дзьве тысячы даляраў. Гэта значна больш за тое, пра што можна было марыць гадоў 10 таму. А ў цэлым краіна катэгарычна ня хоча жыць па сродках. І прэзыдэнт гэта падтрымлівае. У нашых спрэчках з Расеяй Расея проста прапаноўвае нам жыць так, як мы працуем.

Гэты патэрналізм, які беларускі прэзыдэнт абараняе і ўхваляе , як каштоўнасьць і эканамічную мадэль – рэч вельмі небясьпечная. Гэта прывядзе краіну да банкруцтва”.

“Аляксандар Рыгоравіч у рэшце рэшт паўстане перад праблемай – трэба прыватызаваць краіну”

Дракахруст: “Існуе паліталягічнае выслоўе: “Паўстаюць не галодныя, а сытыя, якіх не пакармілі адзін дзень”. Ці перайшлі ўжо беларусы патэнцыйна ў гэтую другую катэгорыю?”

Заіка: “Такі варыянт можна сябе ўявіць, па меншай меры, для тых людзей, якія жывуць на бюджэтныя сродкі. Сюды ўваходзіць і "вэртыкаль" ніжэйшага і сярэдняга ўзроўню.

Але ёсьць і іншыя балючыя кропкі ў беларускім грамадзтве. Я думаю, што гэта праблемы прыватызацыі. Беларусь засталася апошняй краінай, дзе не падзялілі ўласнасьць. У нас адбылася прыватызацыя абаротнага капіталу, наша намэнклятура ўдала пераключыла ня сябе фінансавыя патокі. Але асноўныя фонды пакуль не падзеленыя.

І Аляксандар Рыгоравіч, якія б таленты ня меў і як бы ні любіў яго народ, у рэшце рэшт паўстане перад праблемай, калі і дзеці яго пачнуць яму падказваць – трэба прыватызаваць краіну. Ёсьць буйныя камбінаты – калійныя, мэталюргічныя – няўжо пакідаць гэтай апазыцыі і яе дзецям? Я мяркую, што ўступленьне ў гэтую фазу маральнага цыклю і маральнага пералому – яно наперадзе.

А беларускае грамадзтва будзе ставіцца да гэтага вельмі хваравіта. Бо застацца ў дурнях ніхто ня хоча, асабліва ў сытуацыі, калі будуць дзяліцца мільярды. Лукашэнка гэтай праблемы баіцца, ён ня ведае, як яе добра вырашыць – ці то аддаваць расейцам, ці заходнікам, ці арабам. Але намэнклятура гэтага чакае, дзеці чакаюць. Усе ўжо бачаць, што нельга так далей жыць – бяз яхтаў, бяз уласных самалётаў, без катэджаў на Лазурным беразе. І да гэтага падштурхоўвае ўся сытуацыя ў Беларусі. Гэта можа стаць тым дэтанатарам, калі ўжо ня бедныя людзі, а багатыя будуць думаць – зараз гэтая ўладная каманда будзе ўсё дзяліць, а нас кінуць. Я мяркую, што гэта – самы чуйны момант беларускай гісторыі цяперашняга пэрыяду”.

“Каштоўнасьці чалавечага выбару, чалавечай годнасьці зробяць вырашальны ўплыў на лёс Беларусі. Не эканамічныя паказчыкі”

Дракахруст: “Адзін з нашых слухачоў, які сам называе сябе лукашыстам, задае пытаньне сваім апанэнтам-слухачам. Аднак ягонае пытаньне можна адрасаваць і Вам, спадар Заіка”.

Слухач: “Адкажыце мне. Два гады таму вы захапляліся “аранжавай” рэвалюцыяй ва Ўкраіне, такой жа рэвалюцыяй у Кіргізіі. І вось прайшлі два гады і можна падвесьці пэўныя вынікі. І ва Ўкраіне, і ў Кіргізіі зараз палітычны хаос, палова краіны не працуе, а мітынгуе на плошчах, дзяржавы падзеленыя: Кіргізія – на поўдзень і поўнач, Украіна – на ўсход і захад. Дык калі Вы любіце Беларусь, Вы што – хочаце, каб гэта было ў нашай Беларусі, як у гэтых краінах?”

Заіка: “Справа ў тым, што ў нас існуе такі савецкі атавізм, што канфлікт – гэта дрэнна. Ва ўсім сьвеце канфлікты – гэта добра, яны паказваюць, што бакі маюць шанцы, маюць магчымасьці весьці дыялёг.

Беларускую савецкасьць у нас спрабуюць захаваць на стагодзьдзі. Ва Ўкраіне адбываюцца нармальныя рэчы, там адбываецца ўзаемадзеяньне розных груп пры недакладнасьці канстытуцыйных рамак. І гэта нармальна. І тое, што ўрады мяняюцца – гэта таксама нармальна. У нас вось за 13 гадоў не было ніводнага ўрадавага крызісу. У нас былі геніяльныя ўрады, мы жылі на 25 даляраў у месяц, нам адключалі газ, а ўрад абмяркоўваў, як кансэрваваць памідоры.

Таму што трэба сказаць нашаму слухачу? Па-першае, Украіна жыве так, як яна хоча, украінскі народ і ўкраінскія палітыкі навучыліся весьці дыялёг – і на вуліцы, і не на вуліцы. У Беларусі ж людзі баяцца ўсяго, баяцца нават уласнага ценю. І цяперашняя беларуская ўлада будзе рабіць усё для таго, каб прымусіць звычайнага сярэдняга беларуса кіравацца жыцьцёвым прынцыпам: "Абы было ціха".

Я лічу, што каштоўнасьці чалавечага выбару, чалавечай годнасьці зробяць вырашальны ўплыў на лёс Беларусі. Не эканамічныя паказчыкі, а тое, што называецца зваротам да самога сябе. Калі чалавек бачыць, што тая краіна, у якой ён жыве, яму нецікавая, што гэта не яго краіна, што ён ня хоча так жыць – тады адбудуцца зьмены”.
XS
SM
MD
LG