Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 07.04.2007 – 13.04.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Добра ведаю хрысьціянскую ідэалёгію. Там шмат чаго цікавага і шмат чаго падзяляем і мы, партыя камуністаў, ёсьць і пэўныя разыходжаньні. Але я ня верую. Я ўнутрана ня верую, а таму не лічу неабходным, як некаторыя палітыкі, паддавацца нейкай модзе, якая сёньня існуе, на жаль”.

Сяргей Калякін, кіраўнік Партыі камуністаў – пра тое, чаму ён не сьвяткуе Вялікдзень.

“Той наймагутнейшы удар, які быў нанесены з Усходу па беларускай эканоміцы, намі пераадолены на працягу першага кварталу”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас Вялікоднай імшы ў Сьвятадухавым катэдральным саборы.

“Калі на сяле калгасьнікі працуюць за 300 тысячаў у месяц (гэта апошняе месца ў народнай гаспадарцы) і ніякага супраціву не ўзьнікае, гэта і дае падставы для палітычных заяваў, што ў нас усё добра і мы вытрымаем любы ўдар”.

Канстанцін Скуратовіч, аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» – у перадачы «Экспэртыза Свабоды».

“Беларусі, калі мець на ўвазе не адмысловыя сьвінакомплексы, а калгасы ды саўгасы, далёка да адпаведнасьці эўрапейскім санітарным нормам. Я кажу і пра стаўленьне, і пра перавозку, і пра дагляд, пра ўсё. Гэта болей нагадвае сьвінскае стаўленьне. Аднак, як бачым, дрэннае стаўленьне сустракаецца ня толькі ў нас, але і на Захадзе”.

Васіль Лявонаў, экс-міністар сельскай гаспадаркі – пра догляд сьвіньняў.

“Калі кажуць, што дэмакратыя – дарагая рэч, то я б прыгадаў іншае выслоўе – "Мы не настолькі багатыя, каб купляць танныя рэчы”.

Віталь Цыганкоў, аглядальнік “Свабоды” – у перадачы “Праскі акцэнт”.

“Пры ліквідацыі такога факультэту паўстане пытаньне: дзе будзе вучыцца наступнае пакаленьне беларускай намэнклятуры?”

Канстанцін Хадыка, былы выпускнік факультэту міжнародных зносінаў БДУ – пра чуткі аб ліквідацыі факультэта.

“Асабіста мне задалі пытаньне ў КДБ: чаму вы жывая? І тады я ў капітана запыталася: а вы самі былі на фронце?.. Хоць, магчыма, мне гэта чымсьці й пагражала, яны хацелі мяне тут ужо арыштаваць, але, ведаеце, усё гэта так надакучыла, што я не баялася ўжо нічога”.

Алена Сраднёва, былы вязень нацысцкіх концлягераў – пра сваё вызваленьне.

“Як жа ня быць удзячным. Прырода адорвае сьмерцю толькі шчасьлівых. А жыцьцё пражыць — ня поле перайсьці. Як усё проста, але сказана назаўсёды і для ўсіх. Зь вечнасьці перабегчы ў вечнасьць. А на шляху столькі ўсяго…”

Алесь Адамовіч, пісьменьнік – зь фільму 1997 году паводле ягонай аповесьці “Vixi”(запіс прагучаў на прэзэнтацыі кнігі Адамовіча “…Імя гэтай зоркі –Чарнобыль” у Палацы мастацтва).

“Мне здаецца, што гэтую кнігу падтрымаў дзесьці ці мой бацька, ці Бог, ці яшчэ якая сіла, бо я ўвесь час адчувала нейкую падтрымку”.

“Мы дзелімся, межы ставім, але Бог нас усё-ткі стварае бяз гэтых межаў. Межы мы ставім самі. Ну ня Бог жа робіць межы паміж краінамі, людзьмі. Можа, ён быў супраць вось гэтага?”

Натальля Адамовіч, дачка Алеся Адамовіча, укладальніца кнігі "...Імя гэтай зоркі – Чарнобыль" – у перадачы “Начная Свабода”.

“Калі мы, беларускія дэпутаты, па просьбе Ландсбэргіса сядзелі ў ягоным кабінэце ў Вільні ў Вярхоўным Савеце і чакалі савецкіх танкаў, каб быць сьведкамі магчымых падзеяў, -- гэта для іх было адно. А калі войскі ўварваліся ў Вярхоўны Савет у Менску і зьбілі нас, беларускіх дэпутатаў -- гэта ж ужо другое. Чаго ж тут зьдзіўляцца? Я ўжо не кажу ўвогуле пра нашую падтрымку тады іхняй незалежнасьці. Цяпер яны мяне ўжо не пазнаюць. Але ўсё гэта, як кажуць, старое, як сьвет”.

Зянон Пазьняк, старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ – пра зьбіцьцё дэпутатаў Вярхоўнага савету 12 красавіка 1995 году.

“Існаваньне такіх крамаў найперш у інтарэсах самай дзяржавы, калі людзі, пакупнікі пакідаюць тут валюту. Што, у нас у дзяржаве столькі лішняй валюты? Асабліва цяпер, у зьвязку з... Прабачце, я ўвогуле нічога не павінна гаварыць...”

Загадчыца адной з крамаў, якая належыць кампаніі “Бела Трэйдынг” – пра праэкт указу прэзыдэнта, які прадугледжвае ліквідацыю крамаў бязмытнага гандлю duty free.

“Дзяржава, якая дае сваіх грамадзянаў на ўсынаўленьне за межы краіны, – банкрот”.

Сяргей Касьцян, дэпутат палаты прадстаўнікоў – падчас абмеркаваньня ў палаце зьменаў у заканадаўстве аб усынаўленьні.

«Я лічу, што вольны, свабодны мастак заўсёды павінен быць у апазыцыі да ўлады».

Аляксей Маркачкін, мастак – падчас онлайн канфэрэнцыі на сайце “Свабоды”.

“Гэты рэжым яшчэ вельмі й вельмі эфэктыўны ў кіраваньні. Мяняць яго народ усім натоўпам ня пойдзе. Магчымы бунт найбольш прасунутых, а вось агульнанацыянальнай рэвалюцыі ня будзе”.

Алесь Марціновіч – зь ліста на “Свабоду”.

“Гэтая сыстэма не прадугледжвае дыялёгу. Яна разваліцца, як толькі дыялёг пачнецца”.

Андрэй Дынько, шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» – у перадачы «Экспэртыза Свабоды».

“Культура дэманстрацый захавалася з сакавіцкай рэвалюцыі 2005 году і пратэстаў, якія прывялі да яе. Разуменьне, што можна нешта зьмяніць вулічнымі акцыямі бяз гвалту, пусьціла карані. На жаль, цяпер гэта адбываецца занадта часта, так што значэньне масавых дзеяньняў абясцэньваецца”.

Джон Маклаўд, экспэрт у справах Цэнтральнай Азіі, супрацоўнік лёнданскага Інстытуту вайны і міру – пра цяперашнія падзеі ў Кіргізстане.

“Я б свайму Віктару сказаў, што ён сёньня і заўтра яшчэ будзе слабейшы за цяперашняга прэзыдэнта. Дык нашто слабейшага падтрымліваць і прасоўваць? А калі гаварыць пра пераемніка, то самага малодшага буду рыхтаваць у пераемнікі. Унікальны чалавек. Можа, мы не дачакаемся, але іншыя пакаленьні беларусаў дачакаюцца. Мае дзеці вось так наеліся маім прэзыдэнцтвам — ніколі: ні адзін, ні другі. Можа, трэці толькі будзе прэзыдэнтам”.

“Я заўсёды гаварыў, што мы не пацерпім панукваньняў — калі Эўразьвяз, дзякуючы сваёй “інэрцыі”, прапаноўвае нам сьпіс захадаў, якія яму загадзя напіша беларуская апазыцыя”.

“Атамную станцыю мы пабудуем, таму што нам падзецца няма куды...Мы ў такой сытуацыі, што толькі дурань ня будзе будаваць гэтай станцыі. Тым больш пры такой залежнасьці. Заўтра будзем сядзець з лучынамі ды сьвечкамі”.

"Якія б у нас ні былі адносіны, з нас адказнасьці па абароназдольнасьці Саюзнай дзяржавы, нашай агульнай Бацькаўшчыны ніхто не здымаў. Калі, крый Божа, складзецца такая сітуацыя, то мы тут будзем паміраць за сваю зямлю, але ніколі танкі праз нашу тэрыторыю ў бок Масквы не прапусьцім".

“Як чалавек, я не ўяўляю, як можна такой вялікай краінай (Расеяй) кіраваць, не адчуваючы і не бачачы, што адбываецца ў кожным пункце гэтай шостай часткі сушы".

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас прэсавай канфэрэнцыі для рэдактараў беларускіх газэт.

“Вельмі важна, каб у Расеі ведалі аб тым, што беларускія дэмакратычныя сілы — гэта не антырасейскія сілы”.

“Вельмі турбуюцца многія, што калі беларуская мова будзе адзінай дзяржаўнай, ці гэта ня зьнішчыць расейскую мову ў Беларусі? Я іх запэўніваў, што ня зьнішчыць ніколі, што гэта багацьце — ведаць расейскую мову, але яны нам павінны дапамагаць у адраджэньні беларускай”.

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў – падчас выступу на радыёстанцыі “Эхо Москвы в Санкт-Петербурге”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG