Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Сахаруша: “Я веру ў тое, што на зямлю прыйдзе гаспадар”


Радыё Свабода Анатоль Сахаруша – удзельнік праграмы “Ў што я веру”.

Я зь сялянскай сям''i. Усё сваё жыцьцё (амаль 57 гадоў) пражыў i адпрацаваў на вёсцы (а гэта 40 гадоў), i ўвесь час на зямлi (саўгас-калгас-саўгас). І цяпер я ўпэўнены, што за калгасамi-саўгасамi няма будучынi.

За столькi гадоў наглядзеўся гэтай няпраўды прыпiскi, пляны любым спосабам, толькi каб выканаць i перавыканаць (на паперы). Крадзяжы, махiнацыi, падманы малымi начальнiкамi большых, большымi яшчэ большых, i ўсе гэта ведаюць. Пасьля вышэйшыя патрабуюць зь меншых, тыя зноў iм падманам дакладваюць аб выкананьнях-перавыкананьнях. І так на працягу ўсяго iснаваньня СССР. А ў Беларусi – i па сёньняшнi дзень з моманту калектывiзацыi.

Я цьвёрда веру ў тое, што калгасна-саўгасная сыстэма ў Беларусi зьнiкне, развалiцца, хаця яна ўжо i цяпер у гэтым стане, яна нiколi не iснавала як сапраўдная фэрмэрская сельская гаспадарка.

Пасьля 5 гадоў працы брыгадзiрам я зразумеў, што так быць не павiнна. Пасьля 10 гадоў я цьвёрда сказаў: гэтая сыстэма жыць ня будзе. Нiдзе ў сьвеце няма калгасаў. У Швэцыi тры працэнты ад агульнай колькасьцi насельнiцтва фэрмэраў кормяць краiну i яшчэ прадаюць за мяжу сельскагаспадарчую прадукцыю. Заўважце – паўночная краiна.

Так што ня выратуюць Беларусь калгасы, не дапамогуць нi прэзыдэнцкiя домiкi, нi далучэньне iх да прамысловых прадпрыемстваў, нi да ашчадных банкаў, нi iх далучэньне да больш моцных гаспадарак. З самага пачатку гэтая, навязаная сiлай, прымусам сыстэма была аморфнай i не жыцьцяздольнай. Яна iснуе толькi на дзяржаўнай датацыi.

Я цьвёрда веру ў тое, што на зямлю прыйдзе гаспадар, якi выратуе нашу сельскую гаспадарку. І гэта будзе фэрмэр!”

***

Анатоль Сахаруша – аграном паводле адукацыі, гаспадар зямлі, на якой жыве, паводле сьветабачаньня і свабодалюб паводле прынцыпаў. Жыве на Берасьцейшчыне ў мястэчку Малеч Бярозаўскага раёну.
XS
SM
MD
LG