Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацярыну Садоўскую вызваляць датэрмінова?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Турэмная камісія пагадзілася з умоўна-датэрміновым вызваленьнем Кацярыны Садоўскай. Зьмітра Дашкевіча паклалі ў менскі турэмны шпіталь для мэдычнага абсьледаваньня. Чаму Міколе Статкевічу адкладалі дазвол наведаць хворага бацьку?

Камісія нібыта рэкамэндавала К.Садоўскую на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне

Вядомая праваабаронца Кацярына Садоўская, магчыма, выйдзе на волю да канца красавіка. Пра гэта яна сама паведаміла ў лісьце дамоў, спаслаўшыся на рашэньне турэмнай камісіі рэкамэндаваць для яе ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Муж праваабаронцы Віктар распавёў “Свабодзе”.
В.Садоўскі: “Быццам яе зьбіраюцца адпускаць. Узялі зь яе падпіску, што нікога ня будзе зьневажаць”.
“Што новага? Быццам яе зьбіраюцца адпускаць. Узялі зь яе падпіску, што нікога ня будзе зьневажаць. Таксама напісала, што ў калёніі было паседжаньне адмысловай камісіі, якая рэкамэндавала ёй ўмоўна-датэрміновае вызваленьне”.

Кацярына Садоўская была асуджаная да двух гадоў зьняволеньня за зьнявагу судзьдзі. У Гомельскай жаночай калёніі, дзе ўтрымліваюць праваабаронцу, адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра рашэньне камісіі адносна спадарыні Садоўскай. У калёніі толькі сказалі, што канчатковае рашэньне аб ўмоўна-датэрміновым вызваленьні прымае суд.

У сучаснай судовай практыцы ўжо былі выпадкі, калі палітычных вязьняў вызвалялі раней за палову тэрміну. Гэтак, праз 9 месяцаў выйшаў на волю лідэр “Партнэрства” Мікалай Астрэйка, якога асудзілі таксама на 2 гады, а потым зьмянілі зьняволеньне папраўчымі працамі.

З.Дашкевіч – у менскім турэмным шпіталі

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч патрапіў у менскі турэмны шпіталь. “Свабодзе” гэтую навіну першым паведаміў актывіст Маладога фронту Артур Фінькевіч, які сам адбывае хімію у Магілёве.
А.Фінькевіч: “Чалавек фізычна ў стане па 10-11 гадзінаў у дзень з хворай сьпіной перасоўваць гэтыя бярвёны”.
“Яго для мэдычнага агляду перавялі. Бо чалавек фізычна ў стане працаваць па 10-11 гадзінаў у дзень з хворай сьпіной на лесапільным ўчастку, перасоўваць гэтыя бярвёны”.

Статкевіча пусьцяць да бацькі

Вядомы апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч нарэшце атрымаў дазвол наведаць хворага бацьку, які жыве ў Баранавічах. Зь вёскі Блонь Пухавіцкага раёну, дзе апазыцыянэр адбывае “хімію”, ён выправіцца ў Баранавічы ў панядзелак. А чаму тыдзень таму, на Вялікдзень, адпачынку Статкевічу не давалі? У палітыка зьявілася свая вэрсія:
М.Статкевіч: “Чамусьці КДБ было вельмі заклапочана, каб я ня ўзяў удзел у папярэднім абмеркаваньні новай стратэгіі апазыцыі”.
“Я пачаў зьбіраць зьвесткі і высьветліў, што чамусьці КДБ было вельмі заклапочана, каб я ня ўзяў удзел у папярэднім абмеркаваньні новай стратэгіі апазыцыі, якую гэтымі днямі абмяркоўвалі на канфэрэнцыі ў Вільні”.

Тацяна Севярынец: “Нічога, вытрымаем”

Маці вядомага апазыцыйнага актывіста Паўла Севярынца Тацяне, якая працуе настаўніцай у школе ў Віцебску, пагражае звальненьне. Чыноўнікі ў раённым аддзеле адукацыі кажуць пра дысцыплінарнае парушэньне як падставу для звальненьня, між тым жанчына кажа, што прэтэнзіі да яе матываваныя яе актыўным удзелам у мінулай выбарчай кампаніі. Тацяна Севярынец папярэджвае, што падасьць на чыноўнікаў у суд. Павал Севярынец, які сам знаходзіцца на “хіміі”, пра канфлікт добра ведае.

“З Паўлам сёньня па тэлефоне размаўляла, выслухала яго парады. Ён усё добра ведае і разумее, спачувае. Нічога, вытрымаем”.

Казулін і Клімаў ня скардзяцца ў лістах

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін даслаў дамоў чарговы ліст і ў чарговы раз паведаміў, што асаблівых навінаў у яго няма. На здароўе палітык, як звычайна, ня скардзіцца. Між тым ад адваката Ігара Рынкевіча, які рэгулярна сустракаецца з Казуліным у калёніі, вядома, што насамрэч выхад палітыка з галадоўкі праходзіць складана.

Мужна паводзіць сябе ў сьледчым ізалятары і былы дэпутат Андрэй Клімаў. У лістах дамоў – ані скаргаў. Ужо мінула дзесяць дзён як Андрэя Клімава арыштавалі паводле абвінавачаньня ў закліках да зьвяржэньня ўлады.
XS
SM
MD
LG