Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат А.Казуліна заявіў пра выхад з адвакатуры


Алесь Дашчынскі, Менск Адвакат экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч заявіў, што вымушаны выйсьці з адвакатуры. Ён заявіў, што мае ўжо два дысцыплінарныя спагнаньні і ня выключана, што цяпер будзе рыхтавацца яшчэ адно.

Ігар Рынкевіч заявіў, што паведаміў пра сваё рашэньне на апошняй канфэрэнцыі Менскай абласной калегіі адвакатаў. Ён скрытыкаваў працэс рэгуляваньня дзейнасьці адвакатаў у Беларусі:

“Нас зрабілі бяспраўнымі. У нас вельмі многа праблемаў, а мы як карпарацыя не настойваем на сваіх інтарэсах. Да прыкладу, на мяне чыняць ціск, і я не зьбіраюся быць “хлопчыкам для зьбіцьця”. Як толькі выканаю даручэньні з кліентамі, у тым ліку з Аляксандрам Казуліным, я згодны па сваім уласным жаданьні сысьці з адвакатуры. Учора я падаў адмысловую заяву, бо пачаўся ціск на адвакатаў маіх кансультацыяў, Мін''юст правярае сем чалавек. Ідзе ўціск”.

Паводле І.Рынкевіча, Аляксандар Казулін з разуменьнем аднёсься да гэтага рашэньня.

“Нягледзячы на перамену майго статусу, пытаньне абароны інтарэсаў А.Казуліна будзе вырашацца мной у іншых эфэктыўных формах”, – сказаў І.Рынкевіч.
XS
SM
MD
LG