Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

В.Цыганкоў: “Сыстэма пачне развальвацца, калі пачнецца дыялёг”


Радыё Свабода Прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі і завершаная ў Вільні канфэрэнцыя прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў – тэмы размовы аглядальнікаў “Свабоды” Сяргея Навумчыка і Віталя Цыганкова.

Навумчык: “Напярэдадні ў Вільні завяршылася двухдзённая канфэрэнцыя “Пазытыўная альтэрнатыва для Беларусі і яе грамадзянаў”. На канфэрэнцыі прысутнічалі ня толькі кіраўнікі структур Палітычнай рады дэмакратычных сілаў, але і рэгіянальныя актывісты, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў і экспэртнай супольнасьці.

Аналізуючы віленскую канфэрэнцыю, рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі адзначыў, што апазыцыя пераносіць акцэнт з вулічных акцыяў на “эвалюцыйны працэс”, або “мірны шлях мадэрнізацыі”.

Віталь, як такая карэкцыя стратэгіі будзе, на Вашую думку, успрынятая апазыцыйнымі актывістамі?”
Віталь Цыганкоў: “Шмат у каго з маладых такое ўражаньне, што іх у іхнай барацьбе старэйшыя таварышы пакінулі сам-насам з рэжымам”.
Цыганкоў: “Я думаю, рэакцыя будзе розная, і не заўсёды станоўчая. Можна ўжо гарантаваць, што адносна нэгатыўная рэакцыя будзе з боку маладых актывістаў, найперш актывістаў “Маладога фронту”, якія якраз і праводзяць несанкцыянаваныя вулічныя акцыі.

Апошнімі гадамі мы назіраем, што ў першую чаргу менавіта моладзь праводзіць гэтыя акцыі, і нярэдка старэйшыя таварышы па апазыцыі да іх не далучаюцца і не спрыяюць правядзеньню акцыяў, нефармальна часам нават выказваюць незадавальненьне такой актыўнасьцю моладзі.

З апошніх сваіх кантактаў з маладымі актывістамі я бачу, што яны выказваюць незадаволенасьць гэтым рашэньнем. Шмат у каго з маладых такое ўражаньне, што іх у іхнай барацьбе старэйшыя таварышы пакінулі сам-насам з рэжымам, што дапамогі ад старэйшых яны цяпер не дачакаюцца”.

Навумчык: “Я хацеў бы яшчэ абмеркаваць учорашнюю прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнкі. Апошнія месяцы ў незалежнай прэсе шмат пісалася пра нібыта паварот Лукашэнкі – ну, хай ня тварам, а бокам – да Эўропы. Маўляў, каб наладзіць узаемаадносіны з Эўропай, ён ідзе на асьцярожныя саступкі апазыцыі, нават 25-га сакавіка людзей не зьбівалі або амаль не зьбівалі. Учорашняя прэсавая канфэрэнцыя пацьвердзіла ці абвергла такія высновы?”
Віталь Цыганкоў: “У цяперашняй палітычнай сыстэме немагчымы кампраміс улады з апазыцыяй”.
Цыганкоў: “Здаецца, гэтая прэсавая канфэрэнцыя паставіла такую, я сказаў бы, зьдзеклівую кропку ў гісторыі зь некаторымі ілюзіямі. Найперш з той ілюзіяй, што Лукашэнка можа пайсьці на нейкі кампраміс, на нейкі дыялёг з апазыцыяй і незалежным грамадзтвам.

Тое, што Лукашэнка гаварыў на гэтай прэсавай канфэрэнцыі і ўвогуле апошнія тыдні і месяцы, паказвае чарговы раз, што ніякага кампрамісу ня будзе. Тут я магу пагадзіцца зь меркаваньнямі некаторых аналітыкаў, што ўвогуле ў цяперашняй палітычнай сыстэме немагчымы кампраміс улады з апазыцыяй. Гэтая сыстэма не прадугледжвае кампрамісу: яна проста пачне развальвацца, калі пачнецца дыялёг.

Аляксандар Лукашэнка учора гаварыў аб апазыцыі тыя ж самыя зьнявагі, якія гучалі й раней: ніякіх зьменаў у акцэнтах не адбылося. Тыя ж самыя, напрыклад, словы пра некалькі сотняў баевікоў, сьпіс якіх ёсьць у дзяржавы, або пра тое, што ў апазыцыі ўсяго паўтары тысячы тых, хто ёй спачувае. Калі такая маленькая колькасьць, то навошта з гэтымі “адмарозкамі”, як любіць выражацца Лукашэнка, шукаць нейкага кампрамісу?

Яшчэ адна ілюзія была адносна магчымасьці кампрамісу з Захадам. Тут якраз былі меркаваньні, што Аляксандар Лукашэнка вымушаны будзе пайсьці на такі кампраміс. Але вось на прэс-канфэрэнцыі Лукашэнка яшчэ раз пацьвердзіў, што ніякіх зьменаў у палітычнай сыстэме ён не дапусьціць. Паводле Лукашэнкі, “мы ня можам пайсьці на зьмену сваёй ідэнтычнасьці”. Ідэнтычнасьць – гэта, я так разумею, саджаньне палітычных праціўнікаў у турмы, разгоны мірных дэманстрацыяў...”
Сяргей Навумчык: “У стасунках з суседнімі дзяржавамі галоўны, вызначальны аспэкт – гэта пытаньні бясьпекі, абароны.”.


Навумчык: “...Ну і заўважым, што Лукашэнка не пажадаў адказваць на пытаньні Сярэдзіча па-беларуску, ён ізноў ўжываў беларускія словы ў зьдзеклівым кантэксьце. Цяпер -- да тэмы дачыненьняў з Расеяй, як яна вымаўлёўваецца ў рэчышчы ўчорашняй Лукашэнкавай прэсавай канфэрэнцыі.

Трэба прыняць за аксіёму, што ў стасунках з суседнімі дзяржавамі галоўны, вызначальны аспэкт – гэта нават не эканоміка, а пытаньні бясьпекі, абароны. Менавіта на гэтых пытаньнях завязаныя шмат якія іншыя галіны двухбаковых дачыненьняў. Менавіта пытаньні абароны могуць быцьпрычынаю самых вострых канфліктаў. Узаемаадносіны Беларусі з Расеяй -- не выключэньне. І калі казаць пра гэтыя стасункі – тое, што Лукашэнка ўчора падкрэсьліўў, што Беларусь застаецца вайсковым, абаронным фарпостам Расеі на заходнім кірунку – ці не пацьвярджае гэта, што пры ўсіх канфліктах Менск па ранейшаму застаецца ляяльны да Масквы?”

Цыганкоў: “Безумоўна, пацьвярджае. Але, з другога боку, гэта апошні козыр у Лукашэнкі – гаварыць, што Беларусь ніколі не прапусьціць праз сваю тэрыторыю танкі на Маскву (нібыта недзе – пад Парыжам ці пад Бэрлінам – ужо зьбіраюцца калёны такіх танкаў).

Самы моцны Лукашэнкаў козыр у перамовах, у гандлёвых войнах з Масквой – гаварыць, што толькі Беларусь гарантуе Расеі бясьпеку на заходнім кірунку, што Беларусь настолькі важная ў вайскова-стратэгічным сэнсе, што за гэта Расея павінна зноў плаціць.
Віталь Цыганкоў: “Гэта апошні козыр у Лукашэнкі – гаварыць, што Беларусь ніколі не прапусьціць праз сваю тэрыторыю танкі на Маскву”.
У мяне дваякае ўражаньне ад выказваньняў Лукашэнкі адносна Расеі. З аднаго боку, Лукашэнка зноў крытыкаваў рашэньне Крамля перайсьці на рынкавыя адносіны зь Беларусьсю, але, з другога, ён гэта хацеў зьмікшаваць, хацеў паказаць, што ён гатовы дамаўляцца, гатовы ў пэўным сэнсе мірыцца, што ён ня будзе выстаўляць ніякіх рахункаў ні за расейскія вайсковыя базы, ні за што іншае. Іначай кажучы, у чацьвер выказваньні былі нашмат мякчэйшыя, чым, напрыклад, у ранейшым сёлетніх інтэрвію агенцтву “Ройтэрс” або палітолягу Аляксандру Рару.

Таксама нельга не адзначыць даволі забаўнага адказу на вечнае пытаньне пра тое, ці хоча Лукашэнка ўдзельнічаць у палітычным жыцьці ў Расеі. Гэта такі эўфэмізм, у сапраўднасьці гаворка ідзе пра тое, ці хоча ён быць кіраўніком Расеі.

Лукашэнка адказаў, што Расея ж такая вялізная краіна, што як там можна ўсім кіраваць. Гэтыя Лукашэнкавы словы былі сказаныя ледзь ня з крыўдай. Як гэта чалавек, які прызвычаіўся прызначаць любога чыноўніка, нават нізкага ўзроўню, як ён можа дапусьціць, каб штосьці адбывалася ў краіне такое, чаго ён ня можа кантраляваць. Тут гучала самае натуральнае зьдзіўленьне і крыўда: як можна кіраваць такой вялізнай краінай?!”
XS
SM
MD
LG