Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Казулін: улада баіцца нават думак свабодных грамадзянаў


Алесь Дашчынскі, Менск Адвакат Ігар Рынкевіч сустрэўся ў пятніцу ў віцебскай калёніі з былым кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандрам Казуліным.

Паводле Ігара Рынкевіча, Аляксандар Казулін задаволены тым, што падчас канфэрэнцыі ў Вільні дэмакратычныя сілы дасягнулі кансэнсусу ў правядзеньні Кангрэсу дэмакратычных сілаў і што да гэтага працэсу падключыўся Аляксандар Мілінкевіч.

Аляксандар Казулін перадаў праз адваката, што, на ягоную думку, пытаньне лідэрства цяпер не асноўнае – павінна быць каманда лідэраў.

Паводле Ігара Рынкевіча, Аляксандар Казулін выказваецца таксама за стварэньне ўраду народнага даверу.

Аляксандар Казулін перадаў прывітаньне Андрэю Клімаву. Ён выказаў салідарнасьць з арыштаваным палітыкам і назваў яго арышт “абсурдным”. “Гэтая ўлада баіцца нават думак свабодных грамадзянаў, якія прымушаюць паглядзець праўдзе ў вочы, змагацца за свабоду,” – заявіў А.Казулін.

Ігар Рынкевіч таксама нагадаў, што 2 траўня закончваецца месячны тэрмін ад часу падачы нагляднай скаргі ў Вярхоўны суд.

“Мы лічым, што толькі адмена прысуду, спыненьне крымінальнай справы і вызваленьне можа быць вынікам па гэтай справе. Нейкае ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ці нейкая амністыя – гэта кампраміс з сумленьнем і юрыдычнымі фактамі”, – заявіў І.Рынкевіч.

Паводле І.Рынкевіча, Аляксандар Казулін важыць 87 кілаграмаў.

Нагадаем, у канцы 2006 году ў калёніі Аляксандар Казулін трымаў палітычную галадоўку, якая доўжылася 53 дні. За гэты час ён схуднеў амаль на трыццаць кіляграмаў. Адным з вынікаў галадоўкі стала тое, што на паседжаньні Рады бясьпекі ААН на прапанову прадстаўніка ЗША было ўзьнятае пытаньне пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.

Аляксандар Казулін знаходзіцца ў зьняволеньні амаль год. Летась 25 сакавіка палітыка арыштавалі пасьля маршу да турмы на вуліцы Акрэсьціна, дзе трымалі абаронцаў намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Аляксандра Казуліна абвінавацілі ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў і асудзілі на пяць з паловай гадоў зьняволеньня. Вінаватым сябе Аляксандар Казулін ніколі не лічыў. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала яго палітычным вязьнем.
XS
SM
MD
LG