Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

С.Антончык: “Што б ні казаў Лукашэнка, галоўнае – тое, што ён робіць”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, палітык Сяргей Антончык.

Караткевіч: “Алег Трусаў, Ваш былы калега зь Вярхоўнага Савету, сказаў, што дыктатура пачалася з выгнаньня дэпутатаў апазыцыі БНФ зь Вярхоўнага Савету. Вы былі ўдзельнікам галадоўкі ў парлямэнце. Нагадайце тыя падзеі”.

Антончык: “Тады мы вельмі сур''ёзна падыходзілі да сваёй палітыкі, зь вялікай адказнасьцю за вынікі нашай працы, таму наша галадоўка быў акт адчаю, апошні легітымны крок, наш пасыл сьвету. Цяпер я яшчэ больш гэта разумею. З таго часу на самай справе пачалося ня толькі разбурэньне парлямэнтарызму як сыстэмы народаўладзьдзя – тады пачалі разбурацца парасткі нацыі, нацыянальнай сьвядомасьці. Зьнішчэньне нацыянальнай сьвядомасьці, яе сымбаляў – гэта і ёсьць зьнішчэньне нацыі”.

“Нехта сьвядома выкрэсьлівае з гістарычнай памяці зробленае Апазыцыяй БНФ у 1991 годзе”

Караткевіч: “Адзначым, што апазыцыя БНФ у Вярхоўным савеце пратэставала супраць рэфэрэндуму ў пытаньнях зьмены сымболікі і далучэньня расейскай мовы як дзяржаўнай”.

Антончык: “Той, хто не зразумеў тады пагрозы для нацыі, ня можа і сёньня лічыцца сур''ёзным палітыкам. Таму мы прынялі тады гэтае рашэньне, пайшлі на яго сьвядома. Гэта быў такі эмацыйны ўсплеск. Як было далей? Я думаю, што многа пра гэта будзе напісана, але калі узгадаць эмацыянальна – гэта нейкае шэрае паветра, скрозь якое – масы людзей у чорным, якія накідваюцца на дэпутатаў, на народ... Людзі, якіх мы ня ведалі, у масках. Гэта цяжка апісаць. Жудасны крык дэпутата Крыжаноўскага з Жодзіна, якога цягнулі, зьбівалі палкамі, ён клікаў на дапамогу невядома каго – гэта быў такі адчайны крык беларуса... Гэта людзі, распластаныя на падлозе, якіх тапталі людзі ў чорным, гэта стомленыя міліцыянты зь вінаватымі поглядамі, калі нас развозілі – яны былі супраць таго, што адбываецца, але нічога не маглі зрабіць, таму што невядомыя людзі ў чорным рабілі сваю справу.

Гэта вельмі цяжка нават сёньня ўзгадваць, але гэта было. І я думаю, што гэта быў пачатак сур''ёзных рэчаў, якія адбываюцца сёньня. На вялікі жаль для нас, гэтае зьбіцьцё, гэты акт працягваецца і сёньня. Таму што апошнія гады я бачу тэндэнцыю замоўчваньня ўсёй той справы, якую мы рабілі. Нехта сьвядома выкрэсьлівае з гістарычнай памяці тую справу, якую зрабіла Апазыцыя БНФ у 1991 годзе.

Відаць, тыя людзі, якія зараз фальсыфікуюць гісторыю, а гэта ня толькі ўлады, але і прадстаўнікі цяперашняй апазыцыі, якія кажуць пра тое, што незалежнасьць як быццам зь неба ўпала і за яе ніхто не змагаўся, што Лукашэнка прыйшоў да ўлады з дапамогай апазыцыі БНФ – я ня буду пералічваць усе тыя вар''яцкія рэчы, але гэтыя фальсыфікацыі, на вялікі жаль, накіраваныя на падмену, на тое, каб у людзей, якія хацелі б змагацца і змагаюцца за краіну, не было апірышча, нейкіх станоўчых гістарычных прыкладаў”.

“Моладзь – гэта і ёсьць нашая пэрспэктыва”

Караткевіч: “Вы бачылі трансьляцыю прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Ён сказаў, што будзе рыхтаваць самага малодшага ў пераемнікі – "унікальны чалавек". А як Вам бачыцца пэрспэктыва разьвіцьця Беларусі ў сэнсе дэмакратызацыі і падзелу ўлады?”

Антончык: “Я думаю, што на сёньняшні дзень нельга казаць аб пэрспэктывах, на вялікі жаль. Канечне, ня трэба ўпадаць у такі пэсымізім і лічыць, што нічога ня зьменіцца. Я заўжды паўтараю ўсім, кажу сабе, і хачу сказаць і Вам, што мы ўжо перажылі вельмі шмат кіраўнікоў, ад Хрушчова, Брэжнева ў Савецкім саюзу да Кебіча і Лукашэнкі. Я лічу, што пэрспэктыва ў краіны ўсё роўна ёсьць, і тое, што цяпер улада так змагаецца з нашай моладзьдзю, тое, што яна баіцца маладых актывістаў, маладых студэнтаў, якія ня маюць у руках нічога, акрамя волі і запаленых вачэй – вось гэта і ёсьць пэрспэктыва. Гэта значыць, што рэжым, які сёньня ўсталяваўся, беспэрспэктыўны з пункту гледжаньня дэмакратызацыі, але ж тое, што ў нашай краіне ёсьць такая моладзь, гэта і ёсьць нашая пэрспэктыва”.

“Паслабленьня ніякага ня будзе”

Караткевіч: “Кажуць, што часам Лукашэнка ідзе на нейкія кампрамісы зь нейкай часткай дэмакратычнай супольнасьці – напрыклад сёньня ён апэляваў да Ё.Сярэдзіча, рэдактара "Народнай волі"... Вы ўваходзілі ў антыкарупцыйную камісію, якую ён узначальваў. Вы ў ягоных выступах, напрыклад, у сёньняшнім, бачыце нейкія знакавыя моманты? Ці можа нейкім чынам памяняцца палітыка ўнутры краіны?”

Антончык: “Я так ня думаю. Я добра яго ведаю. Я лічу, што гэта тактычныя размовы. Да надзеі – у кожнага чалавека ёсьць надзея: хай бы нешта зьмянілася. І кожны шукае ў інтанацыі і ў нейкіх там захадах кіраўніка надзею. Я, як кажуць, пэсыміст – то бок, добра інфармаваны аптыміст. Таму я разумею, што паслабленьня ніякага ня будзе. Проста зараз тактычна немагчыма весьці вайну на некалькі франтоў. Лукашэнка гэта разумее, і сёньня ён не хацеў бы распальваць жарсьці ўнутры краіны, пакуль не ўсталюецца і ня будзе рэалізаваная яго стратэгія ў дачыненьні Расеі.

Таму могуць быць такія словы, але пакуль ён вядзе прэсавую канфэрэнцыю, у гэты час арыштоўваюцца маладыя людзі, ідзе цкаваньне апазыцыйных лідэраў і г.д. Нічога не мяняецца. І больш таго: самае дрэннае, што адбываецца ў краіне – гэта зьнішчэньне нацыянальных, культурніцкіх і іншых арганізацый і ўстаноў. Гэта самае небясьпечнае. Што б ні казаў Лукашэнка і яго рэжым, што б ні казалі пра нейкія агульныя рэчы – незалежнасьць, сувэрэнітэт – але галоўнае ня тое, што ён кажа, а тое, што ён робіць. На сёньняшні дзень зруйноўваецца ўсё нацыянальнае. Утвараецца квазі-краіна, якая пакуль яшчэ называецца Беларусь, аел якая не зьяўляецца паводле сваёй сутнасьці Беларусьсю”.

Караткевіч: “Пракамэнтуйце, калі ласка, нашае апытаньне на тэму “Пра што б Вы хацелі спытацца ў прэзыдэнта Лукашэнкі?”.



Антончык: “Я б хацеў сказаць, што было б вельмі цікава задаць гэтым людзям пытаньне зь іншага боку – у Вас ёсьць пытаньне да прэзыдэнта. А як Вы думаеце, што б ён адказаў на гэтае пытаньне? Я думаю, што большасьць людзей, якія задавалі гэтыя пытаньні, адказалі, б што нічога б не адказаў. Пытаньні ў іх ёсьць да яго, але яго адказы яны ня хочуць чуць, бо ведаюць, што ніякага адказу яны не атрымаюць”.

“Галоўнае пытаньне для апазыцыі – як павялічыць колькасьць удзельнікаў у палітыцы”

Караткевіч: “Часта скардзяцца на адсутнасьць інфармацыі: няма дастатковай колькасьці недзяржаўных газэтаў, няма рэтрансьляцыі той жа "Свабоды” ў FM-дыяпазоне ў Беларусі – але ёсьць інтэрнэт, і многія з тых людзей маюць доступ да інтэрнэту і да інфармацыі. Як Вы думаеце, калі і якім спосабам гэтыя людзі захочуць пачуць рэальны адказ?”

Антончык: “Я думаю, што мяне больш цікавіць, калі яны захочуць нешта зрабіць, бо такое пасыўнае атрыманьне інфармацыі, як паказвае практыка, ні да чаго не вядзе. Чалавек можа сто разоў зразумець, што нешта дрэннае адбываецца ў дзяржаве, але нічога ня робіць. Таму самае галоўнае пытаньне для апазыцыі на сёньняшні дзень – якім чынам павялічыць колькасьць удзельнікаў у палітыцы. Не сузіральнікаў, а ў першую чаргу людзей, гатовых да дзеяньняў”.

“Тая адміністрацыйная сыстэма, якую ён усталяваў, ня можа быць некарупцыйнай”

Караткевіч: “Калі Вы ўваходзілі ў антыкарупцыйную камісію, якую ўзначальваў А.Лукашэнка, то натуральна, Вам прыходзілася зь ім сутыкацца. Цяпер кіраўніка беларускай дзяржавы часта вінавацяць у тым, што ў Беларусі ёсьць карупцыя, але дзяржаўная. Гэта сьведама ці нясьведама, на Вашую думку, з боку гэтага чалавека?”

Антончык: “Я думаю, што тут адказ вельмі просты. Тая адміністрацыйная сыстэма, якую ён усталяваў з дапамогай сваіх памочнікаў, яна ня можа быць некарупцыйнай. Гэта аб''ектыўны працэс. І ён гэта разумее. Больш таго, калісьці ў сваім судакладзе я казаў пра так званую кадравую карупцыю, калі кіраўнік выкарыстоўвае кампрамат на свайго падначаленага, каб ён быў больш кантралюемы, каб ён быў адданы не закону і не сваёй працы, а кіраўніку.

І гэтая сыстэма кадравай карупцыі, на мой погляд, сёньня вельмі шырока расквітнела ў краіне. На кожным этапе, у кожным статусе ёсьць нейкая магчымасьць нешта красьці, нешта браць. Той, хто бярэ больш, той трапляе за краты – час ад часу бываюць карупцыйныя скандалы. Але той, хто бярэ тое, што яму дазволена, ён добра і вечна будзе сядзець.

Я думаю, што амаль кожны мэр мае магчымасьць здымаць сваю "рэнту" з буйных і сярэдніх бізнэсмэнаў. Але гэта ёсьць правілы гульні, якія дзейнічаюць у гэтай сыстэме, у вэртыкалі. Калі няма зацікаўленасьці ў рэнце, то яны, канечне, адмаўляліся б працаваць у гэтай сыстэме. Больш таго, Лукашэнка і яго фінансавая структура ўвяла сыстэму капэртаў, калі чалавек атрымлівае ня толькі заробак, але яшчэ і капэрты даюць. Гэта тая самая карупцыя, але зусім іншая, не клясычная, а такі беларускі накірунак”.

“Мая самая вялікая радасьць цяпер – мае ўнукі, мая сям''я”

Караткевіч: “Цяпер Вы працуеце ў будаўнічай брыгадзе. А што Вы будуеце, што гэта за брыгада?”

Антончык: “Дамы. Гэта пыватная група людзей, якія падоўгу працуюць і будуюць дамы. На падмурак за 10-15 дзён ставіцца дом, зьбіраецца, як канструктар, з самага пачатку да самага канца – пад ключ, як кажуць. Я вельмі рады, што пасьля доўгіх гадоў пошукаў я знайшоў працу. Як будзе далей, невядома, але пакуль што я вельмі ўсьцешаны”.

Караткевіч: “Натуральна, у Вас жа трое дзяцей і трое ўнукаў. З унукаў – хто самы любімы, самы маленькі?”

Антончык: “Яны амаль што аднолькавыя па ўзросьце. У мяне ўнучка Насьця, яна яшчэ зусім маленькая – таму ёй, як маленькай, больш увагі, але і іншым... Гэта мая самая вялікая радасьць, самае вялікае захапленьне цяпер – мае ўнукі, мая сям''я. Гэта тое, што вельмі важна для кожнага чалавека. Для нас, людзей, якія займаліся палітыкай, якія былі ў сур''ёзных такіх момантах у сваім жыцьці, – гэта так важна, правесьці рэшту жыцьця сярод сваёй сям''і, унукаў...”
XS
SM
MD
LG