Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд не задаволіў пазову “Саюзу левых сілаў”


Альгерд Невяроўскі, Менск Лідэры “Саюзу левых сілаў” дамагаліся, каб суд адмяніў рашэньне Міністэрства юстыцыі. Раней Мін’юст адмовіўся зарэгістраваць гэтае палітычнае аб’яднаньне. З адзінаццаці пунктаў, якія нібыта парушалі заканадаўства, судзьдзя Кулік прызнала правамернасьць толькі двух. Лідэры саюзу зьбіраюцца правесьці новую ўстаноўчую канфэрэнцыю.

Гэты пазоў разглядаўся ў Вярхоўным судзе Беларусі два дні. Міністэрства юстыцыі адмовілася рэгістраваць “Саюз левых сілаў” — на думку чыноўнікаў, яго стваральнікі адзінаццаць разоў парушылі заканадаўства. Але суд прызнаў парушэньні закону толькі ў двух выпадках.

“На мой погляд, было прынятае добрае рашэньне, – лічыць сустаршыня “Саюзу левых сілаў” Сяргей Калякін. – Бо з усіх адзінаццаці пунктаў прэтэнзіяў суд прызнаў толькі два – як падставу, каб нам адмовіць”.
Сяргей Калякін: “Найбліжэйшым часам мы правядзем устаноўчую канфэрэнцыю ў Беларусі. Пацьвердзім тыя дакумэнты, якія былі пададзеныя, і саюз будзе зарэгістраваны”.
Паводле Калякіна, аднаго з гэтых пунктаў стваральнікі “Саюзу левых сілаў” нават не аспрэчвалі. Рэч у тым, што Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) падала статут, завераны асобай, якая ня мела на тое паўнамоцтваў.

“З другім пунктам, які прыняў суд, я ня згодны, – працягвае Сяргей Калякін. – Гаворка ідзе пра тое, што адпаведна статуту партыі, якія стварылі саюз, ня могуць праводзіць сваіх мерапрыемстваў па-за межамі Беларусі. Прычым не таму, што гэта забараняе заканадаўства, а таму, што ў саміх статутах палітычных партыяў ёсьць нібыта такое абмежаваньне".

Паводле Калякіна, найбліжэйшым часам стваральнікі “Саюзу левых сілаў” правядуць устаноўчую канфэрэнцыю ў Беларусі. “Мы пацьвердзім тыя дакумэнты, якія былі пададзеныя, і саюз будзе зарэгістраваны”, – упэўнены сустаршыня палітычнага аб’яднаньня.

“Саюз левых сілаў” стварылі Партыя камуністаў беларуская, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і партыя жанчын “Надзея”.

Устаноўчая канфэрэнцыя адбылася летась 17 сьнежня ва ўкраінскім Чарнігаве: у Беларусі не знайшлося месца для яе правядзеньня.
XS
SM
MD
LG