Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч знаходзіцца зь візытам у Санкт-Пецярбурзе


Алесь Дашчынскі, Менск Лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч з аднадзённым візытам наведаў Санкт-Пецярбург. Візыт арганізавала грамадзкая ініцыятыва “Белая Русь”, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Асноўная мэта — прэзэнтаваць пазыцыі беларускіх дэмакратычных сілаў.

Слухаць:



Мілінкевіч: энэргетычны канфлікт быў абумоўлены дыктатарскім рэжымам у Беларусі

Падчас знаходжаньня ў Санкт-Пецярбурзе Аляксандар Мілінкевіч зрабіў шэраг заяваў пра беларуска-расейскія стасункі.

У эфіры радыёстанцыі “Эхо Москвы в Санкт-Петербурге” спадар Мілінкевіч заявіў, што энэргетычны канфлікт быў абумоўлены дыктатарскім рэжымам у Беларусі.

Паводле лідэра беларускай апазыцыі, вялізныя датацыі, якія атрымоўвала Беларусь ад Расеі, пайшлі не на правядзеньне рэформаў, а на ўмацаваньне дзейнай улады. Але ўлада, паводле спадара Мілінкевіча, аказалася няўдзячнай і стала выступаць супраць Расеі.

А.Мілінкевіч: “Вельмі важна, каб у Расеі ведалі аб тым, што беларускія дэмакратычныя сілы — гэта не антырасейскія сілы”.
“Вельмі важна, каб у Расеі ведалі аб тым, што беларускія дэмакратычныя сілы — гэта не антырасейскія сілы. І гэты міт мы павінны разбураць. Беларуская дэмакратыя, калі яна будзе пры ўладзе, пабудуе з Расеяй добрасуседзкія, узаемавыгадныя дачыненьні”.

Падчас учорашняй прэс-канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка казаў пра падвойную бугальтэрыю ў беларуска-расейскіх стасунках. Маўляў, як можна будаваць стасункі, калі “цябе абабралі да апошняй ніткі”.

“Трэба будаваць дачыненьні на рынкавых прынцыпах”

Адносна саюзнай дзяржавы Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ягоная пазыцыя не зьмянілася:

“Гэта больш прапагандысцкі праект, а не рэальны праект для супрацоўніцтва дзьвюх краінаў, таму ён так і скончыўся на гэтым нафтагазавым канфлікце і з разрывам добрых дачыненьняў, якія нібыта існавалі. Трэба будаваць усё ад эканомікі. Трэба будаваць дачыненьні на рынкавых прынцыпах”.

Беларуская мова як адзіная дзяржаўная – не пагроза для расейскай

Сярод пытаньняў, якія задавалі расейскія журналісты падчас прэс-канфэрэнцыяў у Санкт-Пецярбурзе, Аляксандар Мілінкевіч адзначыў такія:

А.Мілінкевіч: “Гэта багацьце — ведаць расейскую мову”.
“Вельмі турбуюцца многія, што калі беларуская мова будзе адзінай дзяржаўнай, ці гэта ня зьнішчыць расейскую мову ў Беларусі? Я іх запэўніваў, што ня зьнішчыць ніколі, што гэта багацьце — ведаць расейскую мову, але яны нам павінны дапамагаць у адраджэньні беларускай”.

А.Мілінкевіч даў інтэрвію шэрагу расейскіх мэдыяў, а таксама сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
XS
SM
MD
LG