Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ганцавіцкім раёне абрынуўся мост


Вячаслаў Кулік, Менск У Ганцавіцкім раёне перапынілі рух транспарту на Салігорск. Ад райцэнтру адрэзаная вёска, дзе жывуць 77 чалавек. Прычына — нечаканае разбурэньне моста праз раку Лань паміж вёскамі Чудзін і Пярэвалакі. Спэцыялісты Берасьцейскай абласной управы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў высьвятляюць прычыны здарэньня. Яны заяўляюць, што аднавіць мост немагчыма.

Здарэньне абышлося без ахвяраў, але напалохала сьведкаў ды мясцовых жыхароў.

Адзін зь іх, Пятро Гузаеўскі, кажа, што мост пачаў асядаць, а пасьля складацца:

“На адным беразе, дзе мост мацуецца, рака вымыла пясок. Павалілася апора. Выкруціла сталёвыя канструкцыі. Ажно маналіт бэтону парвала на кавалкі. Спэцыялісты пакуль дакладна ня ведаюць прычыны. Магчыма, што мост быў нетрывалы. Празь яго ж перамяшчаліся і фуры, і цяжкі транспарт”.

Мост над ракой Лань паўстаў у 1974 годзе. Сёньня на месцы здарэньня былі кіраўнікі раёну, супрацоўнікі міліцыі, камісія Берасьцейскай абласной управы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

І вось што паведаміў Радыё Свабода прадстаўнік МНС Сяргей Машноў:

“Працягваецца паседжаньне камісіі ў надзвычайных сытуацыях. Цяпер арганізавалі тэрміновае абсьледаваньне ўсіх гідратэхнічных збудаваньняў, які ўтрымліваюцца на балянсе ганцавіцкага прадпрыемства мэліярацыйных сыстэмаў”.

У адрэзанай ад дарогі вёсцы Пярэвалакі 44 дамы, насельніцтва — больш як 70 чалавек. Гаворыць маладзейшая зь іх Кацярына Муха:

“Вядома, што ў нас праблемы. Паштальёну давядзецца рабіць круг практычна сем кілямэтраў. Ніхто не падазраваў, што такое можа здарыцца. Тут жа нават амбуляторыя не працуе...”

Мост, Ганцавіцкі раён, рака Лань, абваліўся мост

Мост, Ганцавіцкі раён, рака Лань, абваліўся мост

Мост, Ганцавіцкі раён, рака Лань, абваліўся мост

Мост, Ганцавіцкі раён, рака Лань, абваліўся мост

Паводле зьвестак Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі, напрыканцы мінулага году й сёлета былі разбурэньні на больш як дзесяці мастах. Найбольшыя зь іх — у Гомелі й ля віцебскай вёскі Камары, а таксама 30-мэтровы мост праз раку Віхра ў Амсьціслаўскім раёне. Не падлягаюць аднаўленьню разбураныя масты ля Слоніму і ў Столінскім раёне на Берасьцейшчыне. Прычынай, як правіла, зьяўляецца састарэласьць канструкцыяў.
XS
SM
MD
LG