Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Полацку навукоўцы праігнаравалі беларускую літаратуру


Радыё Свабода У Полацкім дзяржунівэрсытэце адкрылася міжнародная літаратуразнаўчая канфэрэнцыя “Расейская, беларуская і ўсясьветная літаратура: гісторыя, сучаснасьць, узаемасувязі”. У Полацак зьехаліся філёлягі й літаратуразнаўцы з усёй Беларусі, а таксама іх калегі з Расеі, Украіны і Нямеччыны. Канфэрэнцыя будзе доўжыцца 3 дні і на ёй плянуецца заслухаць блізу 130 навуковых спавешчаньняў і паведамленьняў.

Згаданая навуковая імпрэза пятая па ліку, але ўпершыню яна ладзіцца ў мурах адноўленай Полацкай Акадэміі, дзе цяпер месьціцца гісторыка-філялягічны факультэт унівэрсытэту. Сваімі ўражаньнямі ад канфэрэнцыі дзеліцца загадчык катэдры замежнай літаратуры Белдзяржунівэрсытэту Галіна Сініла:

Сініла: “Канфэрэнцыя – гэта заўсёды сьвята. Таму, што зьбіраюцца навукоўцы з усёй Беларусі, з Расеі, з Украіны, і гэта сьвята духу, мастацкага слова. І вельмі добра, што сёлета канфэрэнцыя адбываецца ў самым сэрцы старажытнага Полацку, у старым будынку, куды пераехаў гісторыка-філялягічны факультэт. Тут нават сьцены насычаныя духоўнасьцю, і мы гэтую ўзьнёсласьць духу адчуваем. Канфэрэнцыя толькі пачалася. Будзем слухаць нашых калегаў, выступаць самі. Гэта канфэрэнцыя вартая таго, каб яе шырока падалі ў прэсе, на радыё. І дзякуй Radio Liberty, што яно гэта робіць”.

Ну а пачалося першае пленарнае паседжаньне спавешчаньнем кандыдата філялёгіі з Магілеву Аляксея Іванова “Расейскамоўная літаратура Беларусі як літаратурны панятак”. Тэма гэтая набыла апошнім часам актуальнасьць у сувязі з тым, што шэраг расейскамоўных літаратараў, што жывуць у Беларусі, назвалі сябе беларускімі пісьменьнікамі і паэтамі. На думку магілеўскага дасьледніка, расейскамоўная літаратура ня менш нацыянальная, чым беларуская, і яна дагэтуль не знайшла дакладнага месца ў культурніцкіх каардынатах. Гаворыць Аляксей Іваноў:

Іваноў: “Што да тэрміналёгіі, дык тут заўсёды існуе маса размаітых пунктаў гледзішча. Таму сваё спавешчаньне я будаваў з пэўных палемічных пазыцыяў. Ці называць літаратуру расейскамоўнай, ці расейскай літаратурай у Беларусі? Як сябе пазыцыянуюць самі аўтары? Той жа Анатоль Аўруцін кажа пра сябе, што ён расейскі паэт у Беларусі. Гэтыя спрэчкі сярод пісьменьнікаў, сярод пісьменьніцкіх зьвязаў – зьява цалкам натуральная. Да гэтага трэба ставіцца спакойна, і літаратуразнаўчая навука павінна заняць пазыцыю аб’ектыўнасьці”.

Мастацкую вартасьць нашай расейскамоўнай літаратуры, а таксама яе месца ў культурніцкіх каардынатах маглі б, пры жаданьні, вызначыць расейскія літаратуразнаўцы, што прыехалі на канфэрэнцыю. Самая вялікая дэлегацыя прыбыла з Масквы. У яе складзе наш зямляк, старэйшы супрацоўнік Інстытуту ўсясьветнай літаратуры Расейскай Акадэміі навук Уладзімер Сядзельнік:

Сядзельнік: “Мне тут ня проста прыемна быць, я тут сябе вельмі камфортна пачуваю. Хаця б таму, што сам беларус, які нарадзіўся ў Тураве. І я пачуваю сябе як бы далучаным да усяго, што пачуў і пабачыў сёньня тут, у Полацку. Мне здаецца, што гэта ўсё і частка маёй культуры, хаця я ўжо больш як 50 гадоў жыву ў Расеі і крыху забыў родную мову. Праўда, размаўляю, калі трэба. І я надта задаволены, што Беларусь атрымала нарэшце магчымасьць стаць незалежнай дзяржавай”.

На канфэрэнцыі працуе 5 сэкцыяў: англамоўнай літаратуры, нямецкамоўнай, раманскай, расейскай і беларускай. Прычым апошняя выглядае своеасаблівым даважкам да першых чатырох. Бо бальшыня беларускіх навукоўцаў, як паказаў першы дзень канфэрэнцыі, у сваіх выступах дыстанцаваліся ад беларускай літаратуры і мовы, а на першае паседжаньне сэкцыі беларускай літаратуры прыйшло ўсяго некалькі чалавек.
XS
SM
MD
LG