Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адзначаць юбілей Баранавіцкай грамадзкай польскай школы?


Альгерд Невяроўскі, Менск У Баранавічах канфлікт паміж уладамі і прадстаўнікамі польскай меншасьці. Адміністрацыя Дому культуры будаўнікоў адмовіла кіраўніцтву мясцовай Грамадзкай польскай школы ў арэндзе памяшканьня, у якім плянавалася правесьці імпрэзу з нагоды 20-годзьдзя школы. Пасьля рашэньне было зьмененае і школе дазволілі праводзіць імпрэзу ў Доме культуры. Але школьнае кіраўніцтва адмовілася мець справу з уладамі і будзе праводзіць вечарыну ў невялічкім памяшканьні Польскага дому.

Двацацігодзьдзе Грамадзкай польскай школы Баранавічаў будзе адзначацца 14 красавіка. Напярэдадні імпрэзы, дырэктар школы Альжбэта Далэнга-Вжосэк і кіраўніца Польскага дому Тэрэза Селівончык зьвярнуліся да адміністрацыі Дому культуры будаўнікоў з просьбай аб арэндзе залі. Адміністрацыя спачатку пагадзілася, але раптам 11 красавіка паведаміла арганізатарам імпрэзы, што па тэхнічных прычынах ня можа прадставіць залі.

А праз некалькі гадзінаў сытуацыя зьмянілася, і адміністрацыя Дому культуры паведаміла, што згодная здаць сваю залю ў арэнду для правядзеньня імпрэзы. Аднак арганізатары сьвяткаваньня ад гэтай прапановы адмовіліся. Гаворыць дырэктар Польскага дому ў Баранавічах Тэрэза Селівончык:

“Мы будзем усё праводзіць у Польскім доме. Трэба мець свой гонар. Ёсьць свой дом. І нельга з раніцы казаць адно, а пасьля абеду іншае”.

Паводле спадарыні Селівончык, у сьвяткаваньні возьме ўдзел каля ста чалавек, у тым ліку і госьці з Польшчы. Заля Польскага дому вельмі маленькая і правесьці ў ёй такую імпрэзу будзе даволі складана. Сам Польскі дом быў у студзені сёлета афіцыйна зачынены ў зьвязку з парушэньнем супрацьпажарных і санітарных нормаў. Але апячатваць памяшканьне супрацоўнікі ўпраўленьня па надзвычайных сытуацыях ня сталі. Таму правесьці імпрэзу там можна.

Дырэктар школы Альжбэта Далэнга-Вжосэк лічыць, што праблемы адносінаў польскіх актывістаў з Баранавіцкімі ўладамі паўсталі таму, што яны ўваходзяць у апальны Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс:

Далэнга-Вжосэк: “Яны не прызнаюць Саюзу палякаў на чале з Анжалікай, а мы яго толькі й прызнаем. І мы ўжо настолькі вядомыя тут у Баранавічах, бо мы тут 20 гадоў. І спэцыяльна нас немагчыма ні ў чым абвінаваціць, і павінны нас прызнаць. Гэта абсалютна ненармальна, я ім толькі спачуваю. Бо мы, як рабілі, так і будзем рабіць пакуль будзе можна”.

Альжбэта Далэнга-Вжосэк прыехала ў Беларусь з Польшчы ў 1939 годзе ратуючыся ад нямецкіх акупантаў. У 1987 годзе яна арганізавала Грамадзкую польскую школу, у якой спачатку займалася 18 чалавек. А праз некалькі гадоў колькасьць вучняў ужо дасягала шасьцісот. Цяпер у школе з першага па адзінаццаты кляс вучыцца больш за трыста дзяцей.

Прычым польскую мову й культуру вывучаюць ня толькі дзеці польскага паходжаньня. Гаворыць жыхар Баранавічаў Яўген Маліноўскі, усе сямёра дзяцей якога, наведвалі і наведваюць польскую школу:

Маліноўскі: “Я лічу, што кожны нармальны беларус павінен падтрымліваць добрасуседзкія стасункі і ведаць мовы. Што расейскую, што ўкраінскую, што польскую. Гэта, якраз, мае дзеці й культывуюць у сваёй адукацыі. І старэйшыя, і малодшыя”.
XS
SM
MD
LG