Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня прызначаць судзьдзю ў справе “Маладога фронту”


Любоў Лунёва, Менск Сёньня стане вядома прозьвішча судзьдзі, які будзе разглядаць справу актывістаў “Маладога фронту”, якую распачаў КДБ 4 лютага за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Зьмітра Хведарука, Алега Корбана, Барыса Гарэцкага, Аляксея Янушэўскага і непаўналетнюю Насту Палажанку будуць судзіць у судзе Савецкага раёну Менску

Сёньня старшыня суду Савецкага раёну мусіць прызначыць судзьдзю для разгляду крымінальнай справы супраць актывістаў “Маладога фронту”. Справа паступіла ў суд 9 красавіка. Паводле крымінальна-працэсуальнага кодэксу старшыня суду павінен прызначыць судзьдзю цягам трох дзён. У судовай канцэлярыі запэўнілі, што 13 красавіка стане вядома хто будзе судзіць Зьмітра Хведарука, Алега Корбана, Аляксея Янушэўскага, Насту Палажанку і Барыса Гарэцкага.

Справа маладафронтаўцаў трэцяя па ліку пасьля прыняцьця дадатковага 193 артыкулу ў Крымінальны кодэкс. Летась 4 жніўня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі пакаралі актывістаў “Партнэрства” Эніру Браніцкую, Цімафея Дранчука, Аляксандра Шалайку і Міколу Астрэйку. 1 кастрычніка – лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча. Суды адбываліся за зачыненымі дзьвярыма.

Барыс Гарэцкі ня выключае, што й гэтым разам сваякоў і прадстаўнікоў грамадзкасьці ня пусьцяць у судовую залю.

Гарэцкі: “Мне падаецца, што судовае паседжаньне будзе зачыненым, як гэта было ў Зьмітра Дашкевіча, як гэта было ў справе “Партнэрства”. Думаю, што наша справа будзе разгледжана да “Чарнобыльскага шляху”, але вельмі хацелася б, каб гэта было пасьля. Ня выключаны варыянт, што некаторыя маладафронтаўцы могуць апынуцца на Акрэсьціна да судовага паседжаньня”.

16-гадовая Наста Палажанка мяркуе, што, наадварот, судовае паседжаньне будзе адкрытым.

Палажанка: “Я мяркую, што суд наш будзе адкрыты, бо й сьведкі, і адвакаты, і мы, абвінавачаныя, не давалі падпіску аб неразгалошаньні. Што тычыцца прысуду, то рыхтуемся да горшага варыянту. Але ў нас цяпер ёсьць іншае пытаньне. У нас ёсьць мэта – падрыхтоўка і рэгістрацыя “Маладога фронту””.

Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” зьвярнуўся да беларускай міжнароднай супольнасьці з заклікам выказаць пратэст фактам рэпрэсій супраць моладзевых актывістаў. У звароце зроблены акцэнт на ўзрост абвінавачаных, цытую, “улады асьмеліліся падняць руку на ўчорашніх і сёньняшніх школьнікаў. Яшчэ год таму Зьміцер Хведарук быў адным з лепшых навучэнцаў гімназіі, Барыс Гарэцкі - узорным навучэнцам каледжа і старастам навучальнай групы. Іх сяброўка па “Маладым Фронце” Наста Палажанка сёньня з’яўляецца адной з лепшых навучэнак фізыка-матэматычнай клясы сярэдняй школы г. Менску”.

На наступным тыдні судзьдзя, які будзе разглядаць справу маладафронтаўцаў паведаміць адвакатам дату судовага паседжаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG