Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апошняе, што можна было б вынішчыць у Беларусі ў абмен на нафту і газ, – гэта пасада прэзыдэнта”


Віталь Цыганкоў, Менск Якія новыя матывы прагучалі на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі? Ці азначаюць апошнія заявы кіраўніка Беларусі, што апазыцыі можна не спадзявацца на дыялёг з уладай? Ці сапраўды Аляксандар Лукашэнка гатовы выставіць рахунак Расеі? Гэтыя ды іншыя тэмы ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” абмяркоўваюць рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і шэф-рэдактар газэты “Наша ніва” Андрэй Дынько.

“Паказаць, што ў нас усё нармальна, а кіраўнік валодае сытуацыяй”

Цыганкоў: “Дзеля чаго Аляксандр Лукашэнка склікаў журналістаў і правёў маштабную прэс-канфэрэнцыю з кіраўнікамі беларускіх сродкаў масавай інфармацыі? Як вядома, палітыкі звычайна гавораць тое, што ім трэба сказаць, а ня тое, пра што ў іх пытаюцца. Што новага хацеў сказаць Лукашэнка найперш беларускаму электарату, беларускаму насельніцтву? Які настрой, па-Вашаму, прэваліраваў у заявах кіраўніка Беларусі? Калі ласка, Аляксандр Класкоўскі”.

Класкоўскі: “Калі казаць пра нейкія фармальныя падставы, дык менавіта год таму была інаўгурацыя, пачаўся трэці тэрмін, але, думаю, што тут рэч ня ў нейкіх каляндарных момантах, тым больш ніяк не прагучала, што падсумоўваюцца вынікі году.

Галоўнае, што за гэты год, я думаю, якасна зьмяніўся вонкава-палітычны кантэкст. І гэта паўплывала, натуральна, на сытуацыю ўнутры краіны і найперш у эканоміцы, у эканамічнай сфэры. Я маю на ўвазе нафтагазавую вайну з Расеяй. Зь іншага боку Захад, Эўразьвяз вылучыў свае 12 вядомых умоваў. Некаторыя аналітыкі загаварылі пра тое, што Беларусь можа апынуцца паміж молатам і кавадлам.

І ўвогуле трэба сказаць, што за гэты год значна больш інтэнсіўнымі сталі неспрыяльныя інфармацыйныя вонкавыя патокі, то бок Крэмль у выніку гэтай вялікай сваркі пачаў такую вялікую піяр-кампанію, пачалі закідацца розныя вэрсіі пра розныя сцэнары Крамля, скіраваныя на замяшчэньне ўлады тут. Карацей, вось на ўсе гэтыя выклікі інфармацыйныя трэба было даць нейкі адказ.

Аднак адказ, на мой погляд, таксама найперш палягаў у такой піяраўскай плашчыні, то бок звышзадачай было сказаць, што ўсё нармалёва, усё стабільна, як казалася, кіраўнік пачуваецца дастаткова камфортна, валодае сытуацыяй. Гэта гучала і ў некалькіх папярэдніх выступах публічных афіцыйнага лідэра краіны.

Што ж да нейкіх рэчаў канцэптуальных, якія тычацца палітыкі вонкавай і ўнутранай, то тут нічога прынцыпова новага не прагучала. То бок калі казаць вельмі коратка, сьцісла, то ў эканамічнай галіне абвальнай прыватызацыі і нейкіх радыкальных рэформаў ня будзе, будзе кропкавая прыватызацыя, апазыцыя, маўляў, не гатовая нешта прапанаваць слушнае, і ў мэдыйнай сфэры таксама, мякка кажучы, вялікай лібэралізацыі не даводзіцца чакаць”.

Цыганкоў: “Вы гаварылі ўжо пра гэты пэрыяд нафтагазавай вайны з Расеяй. Як раз за апошні месяц Аляксандр Лукашэнка даваў інтэрвію Reuters і ўкраінскім, і расейскім журналістам, і вось цяпер ён вырашыў сустрэцца зь беларускімі. Можа, гэта сьведчыць пра тое, што ўнутраны слухач яму больш важны, чым зьнешні?”

Класкоўскі: “Безумоўна, таму што, па-першае, сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што намеціўся новы трэнд у грамадзкіх настроях. Ужо няма такога прасавецкага аптымізму і ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні. Народ натапырыўся і чакае горшага.

Потым і рэальныя фактары. Папаўзьлі ўніз заробкі, з аднаго боку. Зь іншага боку, павысіліся кошты, тарыфы камунальныя. Народ жа гэта ўсё адчувае. Ён ня столькі на нейкія прапагандысцкія тэзы зьвяртае ўвагу, колькі на свой кашалёк. А тут тэндэнцыі ня самыя лепшыя пачаліся. І вось таму трэба патлумачыць аўдыторыі, правесьці вось такі псыхалягічны сэанс і давесьці, што ўсё нармалёва і нават камфортна”.

Цыганкоў: “Дзякуй, Аляксандр. Андрэй Дынько, што б Вы палічылі самым галоўным у сёньняшніх заявах Аляксандр Лукашэнкі?”

Дынько: “Найбольшай сэнсацыяй было хіба ўдзел рэдактараў некалькіх недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і магчымасьці для іх задаць пытаньні. Ну, а самай загадкавай фразай быў адказ на пытаньне якраз-такі рэдактара “Народнай Волі,” ці рыхтуецца пераемнік. Аляксандр Лукашэнка, калі я толькі правільна запомніў, сказаў: “Што да пераемніка, то буду рыхтаваць самага маленькага. Унікальны расьце чалавек”. Я думаю, што гэта фраза стане галоўнай тэмай для “абсмоктваньня” ў сродках масавай інфармацыі, і многія будуць ламаць сабе над ёю галаву.

Зь іншага боку, тое, што было таксама трохі нечакана ў сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі, тое, што кантраставала з шэрагам папярэдніх выступаў, было агульны тон. Ён быў спакойны, разьняволены, нават, у нечым, прымірэнчы. Вельмі ўражваў такі разьняволены, з жартамі дыялёг, у які ўступілі Іосіф Сярэдзіч і Аляксандр Лукашэнка. З гэтых ня новых супярэчлівых заяваў, што нічога ня будзе асабліва мяняцца ў краіне, што, напэўна, улады палічылі магчымым для іх захаваць незалежную прэсу ў цяперашнім абкарнаным і ізаляваным выглядзе яшчэ некалькі гадоў, і што эканамічная сытуацыя досыць добрая, каб не мяняць эканамічнага курсу”.

“У палітычнай сыстэме, у якой мы існуем цяпер, ніякі дыялёг у прынцыпе немагчымы”

Цыганкоў: “Калі мы кажам, што шэрагу новых заяваў не было, то сапраўды нічога новага не было ў пытаньні пры стаўленьне Аляксандра Лукашэнкі ад апазыцыі. Прагучалі тыя ж самыя абразы і зьнявагі ў бок апазыцыі, гаворка пра грошы, гаворка пра нежаданьне апазыцыі працаваць дзеля народа і гэтак далей. У той момант, калі ў Вільні найбольш вядомыя прадстаўнікі апазыцыі заявілі, што асноўная задача апазыцыі змагацца за свабодныя выбары, Аляксандр Лукашэнка застаецца даволі непахісным, заяўляе грамадзтву, што не зьбіраецца дзяліцца ўладай...”

Класкоўскі: “Тут ключавой ёсьць думка, якая прагучала колькі часу таму падчас выступу афіцыйнага лідэра, здаецца, на фабрыцы гародніны. Калі там размова ішла пра дыялёг, было сказана, што вось “гэтыя людзі, горшыя людзі нашага грамадзтва, пішуць мне лісты”. “Гэтыя горшыя людзі нашага грамадзтва” – гэта апрыёры такое нэгатыўнае стаўленьне, якое было сёньня яшчэ раз падкрэсьлена, што, маўляў, ім не патрэбна быць разам, таму што Захад ня будзе плаціць грошай.

Карацей, гэты набор звыклых тэзаў, то бок апрыёры афіцыйны кіраўнік перакананы, што з гэтай апазыцыяй нельга зварыць кашу, груба кажучы. І таму, я думаю, тут ніякіх зрухаў ня будзе. Тым больш, што апазыцыя сёньня і сама ня ў самым лепшым стане, ня ў самым згуртаваным. Як мы ведаем, на той самай канфэрэнцыі ў Вільні таксама на першым пляне, як ім усё ж такі знайсьці між сабой кампраміс. Натуральна, што ў такім стане і Захаду цяжка неяк уключыць апазыцыю ў гэты меркаваны дыялёг”.

Цыганкоў: “Андрэй Дынько, у газэце “Наша Ніва” неаднаразова гучалі такія меркаваньні ў аўтараў, і ў камэнтарах, што перад пагрозамі, якія стаяць перад Беларусьсю як дзяржавай, улады і апазыцыя павінны працягнуць адзін аднаму руку, паспрабаваць у нейкіх пытаньнях дзейнічаць разам. Адказы Аляксандра Лукашэнкі сёньня і яго ранейшыя заявы ці ня сьведчаць пра тое, што гэтая ідэя ня вельмі жыцьцяздольная?”

Дынько: “Ведаеце, пакуль будзе такая сытуацыя, што кіраўнік беларускай дзяржавы на пытаньні па-беларуску адказвае па-расейску, ніякіх прынцыповых зьменаў у Беларусі ня будзе. І да тае пары, пакуль усе да аднаго (там іх, па-мойму, 17 чалавек задавала пытаньні) прадстаўнікі дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, дзяржаўных установаў будуць прамаўляць па-расейску, ніякіх зьменаў ня будзе.

Што да дыялёгу, ведаеце, усе, па-мойму, заявы пра дыялёг з боку апазыцыі – гэта былі больш тактычныя крокі, чым рэальныя намеры. Па просту таму, што ў палітычнай сыстэме, у якой мы існуем цяпер, ніякі дыялёг у прынцыпе немагчымы. Гэтая сыстэма не прадугледжвае дыялёгу. Яна разваліцца, як толькі дыялёг пачнецца”.

Цыганкоў: “Цэлы шэраг пытаньняў і адказаў сёньня на прэс-канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі былі зьвязаныя з адносінамі з Расеяй. Аляксандр Лукашэнка зноў заявіў, што Беларусь ня стане рэгіёнам ні Расейскай Фэдэрацыі, ніякай іншай дзяржавай. У той самы час выказаў нейкую перакананасьць у пэрспэктыўнасьці Саюзу Беларусі і Расеі. Разам з тым, ён зноў даволі рэзка выказаўся пра тое, што Расея перайшла на рынкавы падыход у адносінах зь Беларусьсю, і заявіў, што беларускі ўрад павінен падрыхтаваць для расейскага боку пералік таго, за што Расея цяпер павінна плаціць Беларусі. Аляксандр, як Вы лічыце, ці сапраўды гэта будзе зроблена і сапраўды Беларусь дасьпела да таго, каб выставіць рахунак у адказ”.

Класкоўскі: “Я думаю, што гэта наўрад ці будзе, таму што прагучала гэта тэза сёньня ў такім вельмі рэдукаваным варыянце. Мы памятаем часы, калі былі інтэрвію з Reuters, нямецкім журналістам Рарам. Тады больш рэзка гэта ўсё праклямавалася. Цяпер, мне здаецца, ківач вонкавай палітыкі пайшоў ужо ў іншы бок. І звышзадача цяпер неяк улагодзіць дачыненьні з Расеяй, таму што па-першае, высьветлілася, што Захад ня надта сьпяшаецца ўступаць у дыялёг без выкананьня хаця б мінімуму нейкіх умоваў, што да дэмакратызацыі.

Зь іншага боку, пошук альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі – гэта таксама вельмі ня простая задача. Ва ўсякім разе гэта будзе даражэй, чым атрымліваць з Расеі нафту і газ. Карацей, трэба неяк мірыцца, трэба неяк улагоджваць сытуацыю. І тут ёсьць пара спрыяльных чыньнікаў. Па-першае, насоўваецца адна, потым другая электаральная кампанія ў Расеі і плюс яшчэ, як заўжды, вераломны імпэрыялізм дапамог -- амэрыканцы свае супрацьракеты хочуць паставіць у Чэхіі, Польшчы. І вось на гэтым таксама можна згуляць. І натуральна, беларускаму боку гэта таксама дае шанец зноў падвысіць свае каціроўкі ў вачох расейскіх элітаў у якасьці стратэгічнага пляцдарму”.

Цыганкоў: “Менавіта пра гэта і гаварыў Аляксандр Лукашэнка, гаворачы, што мы не прапусьцім ніякія танкі праз сваю тэрыторыю, і Беларусь – адзіная магчымасьць абараніць Расею з заходняга накірунку. Андрэй, як Вы лічыце, якімі будуць наступныя крокі афіцыйнай Беларусі ў дачыненьнях з Расеяй? Ці сапраўды, як сказаў Аляксандр Класкоўскі, адбудзецца зьмякчэньне ці Аляксандр Лукашэнка будзе выстаўляць эканамічны рахунак Расеі, палітычны ды іншы?”

“Апошняе, што можна было б вынішчыць у Беларусі ў абмен на нафту і газ, – гэта пасада прэзыдэнта”

Дынько: “Калі было б за што выставіць, то, напэўна, гэты рахунак ужо быў бы выстаўлены. Я думаю, што тут асабліва няма чаго нам выстаўляць. Беларусь усе апошнія дзесяцігодзьдзі, як напісаў філёзаф Валер Булгакаў, была ў ролі такой “прадажнай дзеўкі,” яна прадавала сваю ўласную свабоду, незалежнасьць у замен за расейскую нафту, газ. Датацыі Расеі фактычна гарантавалі тое, што будзе вынішчацца беларуская нацыянальная культура. А вось у замен за гэтую русыфікацыю, за зьнішчэньне нацыянальнай ідэнтычнасьці Расея шчодра дзякавала газам. А тут Беларусь зараз падбіраецца да такога моманту, калі амаль няма чаго вынішчаць. Наступнае, адзінае, што можна было б вынішчыць у Беларусі ў абмен на нафту і газ, – гэта пасада прэзыдэнта. Ну, ня думаю, што ў Беларусі нехта на гэта пойдзе”.

Класкоўскі: “Я хачу яшчэ падкрэсьліць, што не спраўдзіліся спадзевы асобных палітыкаў і аналітыкаў на тое, пачнецца нейкі дыялёг з Захадам. Таму што ў гэтым пытаньні ўжо відавочна, што беларускі кіраўнік цьвёрда стаіць на сваім. Ён абсалютна шчыра кажа, што выканаць патрабаваньні Захаду – гэта разбурыць цяперашнюю палітычную сыстэму, на што ён ніколі ня пойдзе.

І тут тактыка чаканьня і спадзеву на тое, што на Захадзе спрацуюць нейкія прагматычныя чыньнікі, а там ёсьць таксама прадстаўнікі адпаведнай лініі, што трэба вырашаць пытаньні ўзмацненьня энэргетычнай бясьпекі, процістаяньня Расеі ў гэтым пляне. Вось спадзевы на тое, што спрацуюць у Брусэлі, у іншых заходніх сталіцах дыпляматычныя, так бы мовіць, чыньнікі”.

Дынько: “Зьвяртала ўвагу тое, што Лукашэнка ўсяляк імкнуўся падкрэсьліць добры эканамічны стан краіны, адсутнасьць новых праблемаў і тое, што вынікі падвышэньня цэнаў на энэрганосьбіты ўжо пераадоленыя. Цікава, што, каб даказаць гэта, ён прыводзіў лічбы, якія, напэўна, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Гэтак ён, напрыклад, казаў, што ў нас 55 % нашага замежнага гандлёвага абароту прыходзіцца на краіны Эўразьвязу. Тады як гэтая лічба была меншая і летась, а сёлета па выніках першага кварталу яна яшчэ рэзка ўпала, бо рэзка ўпаў экспарт нафты.

Па-другое, ён казаў, што ў нас цалкам загружаныя нафтаперапрацоўчыя заводы, але гэта ідзе ў разрэз з апошнімі крокамі ўраду, якія ліхаманкава спрабуе прымусіць расейскіх давальцаў даваць нафту на перапрацоўку, і супярэчыць таму, што “Беларусьнафта” спыніла з пачатку гэтага году экспарт уласназдабытай нафты дзеля таго, каб забясьпечыць нафтай нашыя заводы. Склалася ўражаньне, што гэта ў большай ступені прапаганда, чым канстатацыя фактаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG