Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхал Клеафас Агінскі: трэці раз у Горадні


Радыё Свабода У Старым замку Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэя пачала працаваць выстава, прысьвечаная знанаму палітычнаму дзеячу й папулярнаму кампазітару XVIII-XIX ст. Міхалу Клеафасу Агінскаму, аўтару вядомага паланэза “Разьвітаньне з Радзімай”. Выстава называецца “Я нарадзіўся тут”.

Пустая заля й цішыня. Яўна не стае ў гэтай цішыні Старога замку музыкі Агінскага. Навуковая супрацоўніца, Тацяна Казак, заўважае, што тут дрэнная акустыка. Экспазыцыя падрыхтаваная, да ўсяго, не гарадзенцамі. Яна вандруе па Беларусі, сабраная з фондаў Дзяржаўнага музэя тэатральнай і музычнай культуры ў сувязі з 240-годзьдзем нараджэньня кампазітара.

Казак: “Пачынаецца наша выстава з выяваў, якія прысьвечаныя роду Агінскіх і ягоных продкаў. Затым распавядаецца аб Агінскім, як аб дзяржаўным дзеячы, яго вандраваньнях па Эўропе...”

Наагул, на выставе прадстаўлена больш 50 ксэракопій фотаздымкаў з выявай, як самога кампазітара, так і ягоных родных, а таксама блізкіх сяброў, здымкі Флярэнцыі, дзе ён правёў апошнія гады жыцьця, а таксама матэрыялы й карціна з Залесься.

Прыпыняемся побач са здымкамі дзяцей Агінскага й ягоных жонак. Мой гід кажа, што, пра асабістае жыцьцё кампазітара мала напісана ў кніжках.

Казак: “Першая яго жонка – Ізабэла Лясоцкая, у іх было двое дзяцей, але так склаўся лёс, што яны разышліся. Жыцьцё зь ёй прыпала на самы актыўны палітычны пэрыяд дзейнасьці Агінскага: ён быў вымушаны выехаць у эміграцыю, а жонка не заўсёды можа такое вытрымаць...”

Карэспандэнт: “Сапраўды, нічога не зьмянілася з тых часоў у чалавечых адносінах. А вось што зьвязвала Агінскага з Горадняй?”

Казак: “Ён прымаў удзел у Гарадзенскім сойме 1793 году, калі адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Праўда, не вядома дакладна, ці прысутнічаў ён на “Маўклівым паседжаньні”, але, як дэпутат, дакладна прымаў удзел у гэтым Сойме”.

Тацяна Казак распавядае яшчэ, што менавіта ў Горадні Міхалу Клеафасу давялося прысягаць у 1802 годзе на вернасьць расейскаму імпэратару Аляксандру І, калі стала зразумела, што Рэчы Паспалітай ужо не вярнуць.

Карэспандэнт: “Цікава, а ці не напісаў Міхал Клеафас у той смутны 1793 год якой-небудзь музыкі ў Горадні?”

Казак: “Ня ведаю, хаця ён музыцыраваў паўсюль, дзе бываў. Зь ім заўсёды былі побач скрыпачы, заўсёды знаходзілася фартэпіяна. Так што цалкам магчыма”.

Усё ж супрацоўнікі гарадзенскага музэя далучылі да выставы й свае экспанаты: з фондаў рэдкай кнігі выстаўлена Парыскае 1827 году выданьне мэмуараў Міхала Агінскага, а таксама два пазьнейшыя выданьні гэтай кнігі, надрукаваных у Познані.

А вось меркаваньне адной з наведвальніц выставы:

Спадарыня: “Хацелася б, каб быў закрануты больш ягоны чалавечы бок, нават бытавыя падрабязнасьці, і каб рэчы былі аўтэнтычныя, дзе нешта падпісана ягонай рукой, альбо да чаго ён дакранаўся...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG