Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыса пастаяннай габрэйскай аселасьці


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае гісторык Захар Шыбека. Эфір 12 красавіка 2007 году.

1910 год. Берка Райзнэр, лёзьненскі мешчанін, за свой доўгі век у чацьвёрты раз атрымлівае прадпісаньне паліцыі пакінуць Смаленск і вярнуцца на радзіму, у мястэчка Лёзна, што на Віцебшчыне. Зноў і зноў улады вяртаюцца да старой песьні – аб незаконнасьці пражываньня за “рысай пастаяннай габрэйскай аселасьці”. А ў Смаленску – свой дом, праца, якая пракормлівае сям''ю. У шапках і капелюшах Райзнэра ходзіць палова мужчынаў гораду.

Усё жыцьцё Беркі праходзіла ў чаканьні адмены апастылай "рысы аселасьці". То пакідаў ён Смаленск, то зноў туды вяртаўся, то меў сталую працу, то зноў перабіваўся выпадковымі заробкамі. Так і цякло жыцьцё паміж Лёзнам і Смаленскам. Бацька ня вытрымаў і даволі хутка памёр. А пасьля таго, як Берка вярнуўся ў Лёзна ў трэці раз, дык замацавалася за ім мянушка "Берка-падарожнік".

Сілаў на чарговае, чацьвёртае падарожжа ўжо ў старога Беркі не было. І ён абдумваў варыянты, як бы адкупіцца ад чарговага высяленьня. Каб жыць па-за рысай габрэйскай аселасьці, за ўсё трэба было плаціць. Былі б толькі грошы. І калі гэта ўсё скончыцца?!

Праблема вырашылася даволі проста. Сьмерць наступіла 14 жніўня 1914 году. А на другі дзень міністар унутраных спраў Расеі князь Шчарбатаў дазволіў габрэям жыць паўсюдна, за выключэньнем сталіцы і тых паселішчаў, якія знаходзіліся ў кіраваньні ваеннага міністэрства і імпэратарскага двара. На канчатковае ж скасаваньне "рысы пастаяннай габрэйскай аселасьці" адважыўся толькі Часовы ўрад у 1917 годзе”.

Вячаслаў Ракіцкі: “Дык што гэта за "рыса пастаяннай габрэйскай аселасьці", якая псавала жыцьцё Берку Райзнэру і яго аднаверцам?”

Захар Шыбека: “Габрэі былі адзіным народам царскай Расеі, якія не атрымалі натуральнага права свабоднага перамяшчэньня і пражываньня ва ўсіх кутках імпэрыі. Іх пастаяннае месцажыхарства абмяжоўвалася пэўнай колькасьцю заходніх губэрняў, межы якіх і стваралі сумнавядомую "рысу пастаяннай габрэйскай аселасьці". Гэтыя межы прыкладна супадалі зь межамі былой Рэчы Паспалітай”.

Ракіцкі: “І калі яна была ўведзена?”

Шыбека: “У 1780 годзе, пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай, габрэйскае насельніцтва атрымала спачатку тыя ж правы і абавязкі, што і расейскія гараджане, якія замацоўваліся тады да месца прыпіскі. Ні купцы, ні мяшчане расейскай дзяржавы ня мелі права вольнага перасяленьня. Аднак для габрэйскіх купцоў рабілася выключэньне. Ім пакінулі свабоду перамяшчэньня ў межах былога Вялікага Княства Літоўскага і, акрамя таго, дазволілі запісвацца ў смаленскае і маскоўскае купецтва. Гэта быў адзін з крокаў прывабліваньня да Расеі тых, хто яшчэ заставаўся ў складзе Рэчы Паспалітай. Аднак ужо паводле Гарадавога палажэньня 1785 году свабоду перамяшчэньня атрымала ўсё расейскае купецтва, а габрэйскія купцы ў выніку гэтага адразу ж свае перавагі страцілі. Больш таго, 23 сьнежня 1791 году Кацярына ІІ выдала ўказ аб забароне габрэям запісвацца ў купецтва расейскіх гарадоў і партоў. Імпэратрыца не знайшла ў гэтай прыпісцы ніякай карысьці. Дык вось, указ 1791 году на самай справе паклаў пачатак рысы аселасьці, але не канчаткова. Габрэйскія мяшчане яшчэ захоўвалі ільготны рэжым перамяшчэньня. Яны свабодна мянялі месца жыхарства ў межах былога Вялікага Княства Літоўскага, у той час, як уласна расейскае мяшчанства па-ранейшаму ня мела права перасяляцца нават з адной губэрні ў іншую. Габрэям дазволілі таксама засяляць новыя паўднёвыя землі імпэрыі, праўда, з шэрагам наступных выключэньняў. А што тычыцца царскага ўказу 1794 году, дык ён, аказваецца, толькі пацьвярджаў папярэдні ўказ і ўсталяваў рысу аселасьці для габрэяў канчаткова”.

Ракіцкі: “Якімі матывамі кіраваўся царскі ўрад, калі ўводзіў "рысу пастаяннай аселасьці габрэяў"?”

Шыбека: “Спачатку, відаць, спрацавала звычайная прыгоньніцкая традыцыя замацаваньня абывацеляў да пэўнага месца. Потым гэтую традыцыю проста "забылі" адмяніць. Расейскія купцы, сапраўды, не маглі раўняцца ў зваротлівасьці з габрэямі і патрабавалі ад ураду абароны іх ад габрэйскай канкурэнцыі. Ад шкоднага ўплыву габрэяў царызм бараніў і сялян. Гэта – продаж гарэлкі, ліхвярства, а галоўнае – распаўсюджваньне шкодных для Расеі ідэяў. Пэўную ролю мелі рэлігійныя матывы і сярэднявечная страшылка аб тым, што габрэі ў рытуальных мэтах выкарыстоўваюць кроў хрысьціян. Так што, рацыянальных матываў увядзеньня "рысы аселасьці" не было. Антысэмітызм параджала расейскае дзікунства. А як яшчэ можна назваць выстаўленьне фантастычных абвінавачваньняў старажытнаму народу, які прыняў самы дзейсны ўдзел у фармаваньні эўрапейскай цывілізацыі?”

Ракіцкі: “Якія тэрыторыі ўваходзілі ў "рысу пастаяннай габрэйскай аселасьці"?

Шыбека: “Гэтая тэрыторыя не была пастаяннай. Яна то пашыралася, то звужалася. Але заўсёды ў яе межах цалкам заставаліся ўсе беларускія этнічныя землі. Беларусь ператваралася ў своеасаблівую рэзэрвацыю для габрэяў. У пачатку ХХ стагодзьдзя тэрыторыю рысы аселасьці складалі, акрамя дзесяці прывісьленскіх (польскіх) губэрняў, таксама Бесарабская, Віленская, Віцебская, Валынская, Гарадзенская, Кацярынаслаўская, Кіеўская, Ковенская, Менская, Магілёўская, Падольская, Палтаўская, Таўрыцкая, Хэрсонская і Чарнігаўская. Важна адзначыць – і гэта ня ўсе ведаюць, – што для габрэяў Расейскай імпэрыі існавала не адна, а некалькі "рысаў аселасьці". Да 1868 году беларускія габрэі не маглі перасяляцца ў Польшчу, а польскія – ў Беларусь. Яшчэ адна "рыса аселасьці габрэяў" супадала з рысай гарадзкіх паселішчаў. Паводле закону 3 траўня 1882 году ім забаранялася сяліцца па-за межамі гарадоў і мястэчак "рысы аселасьці". Далей. Некаторыя гарады "рысы аселасьці" былі проста недаступнымі для габрэяў. Гэта – Мікалаеў (Новарасійск), Севастопаль, а пэўны час і Кіеў. У польскіх жа губэрнях нават у межах самога гораду ўстанаўлівалася "рыса", ці своеасаблівыя габрэйскія гета, якія працягвалі традыцыі сярэднявечча».

Ракіцкі: “А як выглядала мяжа пастаяннай аселасьці габрэяў? Існавалі памежныя службы, нацягваўся калючы дрот, ці нешта іншае?”

Шыбека: “Парушальнікаў закону лавілі не на мяжы, а ў тых месцах, дзе яны незаконна пражывалі. Потым захадамі паліцыі яны высылаліся ў месца прыпіскі, а то і прыцягваліся там да судовай адказнасьці. Часовае знаходжаньне па-за межамі рысы аселасьці дазвалялася для вырашэньня ўласных спраў (да 2 месяцаў), для камэрцыйных спраў (да 10 месяцаў), для набыцьця вышэйшай адукацыі і прафэсіі (на тэрмін навучаньня). Правам пастаяннага жыхарства ва ўсіх мясьцінах імпэрыі карысталіся габрэі, якія мелі купецкае званьне, адукацыйны цэнз, валодалі рамёствамі, мелі мэдыцынскую прафэсію або адслужылі ў расейскім войску. Аднак доля габрэйскага насельніцтва, якое пражывала па-за межамі аселасьці заставалася нязначнай. Так, у 1899 годзе з 5 мільёнаў расейскіх габрэяў па-за рысай аселасьці пражывала толькі каля 200 тысяч (4%). Ды і права паўсямеснага пражываньня для габрэяў у сапраўднасьці ніколі не існавала. Заставаліся рэгіёны, дзе яны не маглі пасяліцца ні пры якіх абставінах. Напрыклад, Сыбір заставалася для габрэяў практычна закрытай”.

Ракіцкі: “Звычайна калі гаворка ідзе пра "рысу пастаяннай габрэйскай аселасьці" для Беларусі, дык зьвяртаецца ўвага на адмоўныя вынікі. Ці яны сапраўды існавалі?”

Шыбека: “З прычыны скучанасьці габрэяў у мясцовых гарадах запавольвалася ўрбанізацыя беларускага насельніцтва, а ў канчатковым выніку тармазіўся і працэс фармаваньня беларускай нацыі, грамадзянскай супольнасьці ў цэлым. Аднак у нас няма ніякіх падстаў вінаваціць габрэяў, бо віна за адхіленьне беларусаў ад урбанізацыі кладзецца не на іх, а на царызм, які праводзіў палітыку антысэмітызму”.

Ракіцкі: “Якія станоўчыя вынікі для беларусаў сужыцьця з габрэямі”.

Шыбека: “Па-першае, габрэйскае насельніцтва спрыяла ператварэньню Беларусі ў рэгіён інтэнсіўнага гандлю. Габрэйскія гандляры забясьпечвалі экспарт сельскагаспадарчых тавараў і насычэньне мясцовага рынку ўсімі неабходнымі таварамі, у тым ліку і прывазнымі. Па-другое, габрэйскія спэцыялісты і капіталы спрыялі арганічнаму разьвіцьцю беларускай прамысловасьці ва ўмовах поўнай адсутнасьці падтрымкі з боку расейскай дзяржавы, ва ўмовах адсутнасьці дзяржаўных заказаў. Па-трэцяе, габрэйскія камэрсанты спрыялі ўцягненьню памешчыцкіх гаспадарак у рыначныя адносіны. Таварнасьць гэтых гаспадарак была адной з самых высокіх у Расеі. Габрэйская салідарнасьць ускладняла станаўленьне беларускага прадпрымальніцтва, але і не дапускала на мясцовы рынак расейскіх камэрсантаў, стрымліваючы тым самым працэс русыфікацыі краю”.

Ракіцкі: “А як складваліся адносіны паміж простымі людзьмі габрэйскай і беларускай нацыянальнасьцяў?”

Шыбека: “Габрэйская прысутнасьць была выгадна ў эканамічным пляне і для нізоў грамадзтва, у тым ліку сялян. Габрэі забясьпечвалі вёску таннымі рамеснымі вырабамі. З прычыны габрэйскай канкурэнцыі ў гандлі, цэны на любыя тавары ў Беларусі, і асабліва на прадукты харчаваньня, заставаліся нізкімі. Яны былі тут ніжэйшымі, чым ва ўнутраных губэрнях Расіі. Знакамітая габрэйская дабрачыннасьць была карысна ўсім гараджанам. Карыстацца габрэйскімі шпіталямі, сталоўкамі, прытулкамі маглі і не габрэі”.

Ракіцкі: “Што было б, калі б гэтай рысы аселасьці не было?”

Шыбека: “Было б зусім іншае грамадзтва. Беларусы мелі справу з адукаванымі і прафэсійна падрыхтаванымі людзьмі, у якіх многаму можна было павучыцца. Габрэйства стварала атмасфэру ўзаемаўплыву розных культураў краю. Яно паказвала ўзор нацыянальнай кансалідацыі. Беларускія сяляне, у выпадку якога-небудзь гора, беглі раіцца не да памешчыка, а да местачковых габрэяў. Не выпадкова ў наказе сялян Куранецкай воласьці Вілейскага павету ў Дзярждуму (чэрвень 1906) гаварылася: "Мы патрабуем раўнапраўя для ўсіх народаў, якія жывуць у нашай дзяржаве". Карыснасьць габрэяў для сялян адзначалі нават царскія чыноўнікі. Габрэйская грамада, урэшце, спрыяла эканамічнай стабільнасьці краю, зьніжала тут сацыяльную напружанасьць. Мяжа аселасьці не дазваляла пераносіць праблемы вёскі ў горад, як у цэнтральнай Расеі”.

Ракіцкі: “Якія вынікі мела "рыса пастаяннай габрэйскай аселасьці" для саміх габрэяў?”

Шыбека: “На думку Жабацінскага, аднаго зь лідэраў габрэйскага нацыянальнага руху і ініцыятара адраджэньня старажытнай габрэйскай мовы – іўрыту, адасобленасьць асобы стварае эфэкт творчага ўздыму. Адасобленасьць габрэйскага народу ў межах Беларусі, як гэта ні парадаксальна, зрабіла яго яшчэ больш таленавітым, актыўным і творчым. Не выпадкова першы зьезд сіяністаў прайшоў у 1903 годзе ў Менску. Беларуская зямля нарадзіла цэлую пляяду габрэйскіх талентаў у галіне культуры, у тым ліку Шагала, вядомых палітычных дзеячаў Ізраілю, партыйных кіраўнікоў Савецкага Саюзу, у тым ліку другую асобу ў бальшавіцкай герархіі пасьля Леніна – Троцкага, вядомых вучоных, якія працавалі ва ўсіх краінах сьвету. Спрацоўваў эфэкт вызваленай энэргіі разьняволенага народу, эфэкт адкладзеных запатрабаваньняў. Ужо згаданы Жабацінскі разглядаў асыміляцыю як этап высьпяваньня нацыянальнай сьвядомасьці. Габрэі падвяргаліся ня меншай асыміляцыі, чым беларусы, але прайшлі праз русыфікацыю да нацыянальнага адраджэньня надзвычай пасьпяхова. І ў гэтым сэнсе зьяўляюцца для беларусаў вельмі добрым прыкладам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG