Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінаагляд Максіма Жбанкова


Максім Жбанкоў, Менск .

Пазытыўныя ўражаньні гэтага тыдня зьвязаны з брытанскай стужкай «Нібыта крутыя лягавыя». Рэжысэр Эдгар Райт ды выканаўца галоўнай ролі Сайман Пэг раней вызначыліся іранічнай жахаўкай «Зомбі, якога клічуць Шон». А зараз вырашылі супольна пагойсаць на костках вядомых паліцэйскіх фільмаў. Хлопцы паважаюць Бруса Ўіліса ды Мэла Гібсана. Але гэта не замінае ім ператварыць кіно пра жорсткіх копаў у сапраўднае сьвята абсурду.

Усё зроблена як трэба. Маем сэрыйных забойцаў, карумпаваных паліцыянтаў, мужнага галоўнага героя. І шалёную стрэляніну ў палёце з абодвух рук. Але чамусьці цяжка стрымацца ад сьмеху. «Нібыта крутыя лягавыя» - гэта адметны прыклад крымінальнага цырку, альбо брутальнай камэдыі, альбо эксцэнтрычнага трылера. І кожны з фанатаў брытанскага гумару знойдзе тут сваю асалоду.

Галоўнае адмоўнае ўражаньне – таксама эўрапейскі прадукт. Але цалкам іншага кшталту. Заслужаны канцэптуальны артыст Рэнэ Дзюмон зрабіў чарговую стужку пра цяжкі чалавечы лёс. І назваў яе «Фляндрыя».

Падаецца, што Дзюмон проста пераглядзеў савецкіх «чарнушных» стужак, якія валам валілі падчас перабудовы. А потым прысьніў гэты фільм пра вясковых абібокаў, аднолькава ласых што да дзяўчын, што да вайны. Адвечная чалавечая камэдыя выглядае дурным жарцікам падпітага бога. Бо сёньня будзе як учора, а заўтра – як заўсёды. Фляндрыя – гэта ня ўскраіна Эўропы. Гэта ўскраіна сусьвету. Якая здольная спадабацца адзіна фанатам няўцямнага аўтарскага кіно made in Europe.

А зараз – мой асабісты выбар гэтага тыдня. «Шалёны Сэсіл Б.» - чарговы падарунак ад непапраўнага Джона Ўотэрса. Вось цудоўная пара да фінчэраўскага «Байцовага клюбу»! Зноў радыкалы, зноў тэрарысты. Але замест таго, каб падрываць гіпэрмаркеты, яны здымаюць кіно.

Уотэрс сьпявае адыходную Стывэну Сьпілбэргу ды Форэсту Гампу. Ён лічыць, што Галівуд – гэта форма сьмерці. Але парадокс у тым, што кожны кінатэрарыст насамрэч жадае зрабіцца Сьпілбэргам. У адваротным выпадку яму няма чаго рабіць у кіно. І ў гэтым жыцьці таксама.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG