Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны канфлікт ва Ўкраіне: бакі выказваюць гатоўнасьць да кампрамісу


Валер Каліноўскі, Прага Другі тыдзень працягваецца парлямэнцкі крызіс ва Ўкраіне. Сёньня абодва бакі гэтага канфлікту выступілі з заявамі, у якіх выказалі сваё разуменьне магчымасьці вырашэньня сытуацыі, не выключаючы пры гэтым пэўных кампрамісаў.

В.Юшчанка: я падпарадкуюся любому рашэньню Канстытуцыйнага суду

На прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка заявіў, што ён падпарадкуецца любому рашэньню Канстытуцыйнага суду, які 17 красавіка будзе разглядаць запыт дэпутатаў адносна законнасьці ягонага ўказу аб роспуску Вярхоўнай Рады і прызначэньні датэрміновых парлямэнцкіх выбараў на 27 траўня.

Тым ня меней, на ягоную думку, выбары зьяўляюцца адзіным спосабам вырашэньня палітычнага крызісу.

“Роспуск парлямэнту для мяне не самамэта. Гэта на сёньня адзіны спосаб вярнуць палітычнае жыцьцё Ўкраіны ў прававое рэчышча, адзіны спосаб”.

“Ёсьць шмат момантаў, якія трэба паставіць у разумны каляндар”

Разам з тым спадар Юшчанка ня выключыў магчымасьцяў карэкціроўкі календару перадвыбарчай кампаніі:

“Ведаю і іншае, што па некаторых нюансах фармаваньня давыбарчага працэсу, уключаючы фармаваньне камісій, сьпісаў партыяў, правядзеньне зьездаў, друк агітацыйнай прадукцыі,– ёсьць шмат момантаў, якія трэба паставіць у разумны каляндар. Але як на гэта зьвярнуць увагу, калі дзейны закон не дае адказу? Трэба знайсьці кампраміс”.

В.Януковіч: “Выбары магчымыя”

Супернік Віктара Юшчанкі прэм’ер-міністар Віктар Януковіч сёньня ў размове са сваім літоўскім калегам Гедымінасам Кіркіласам прызнаў, што датэрміновыя выбары магчымыя ў выпадку падтрымкі Канстытуцыйным судом указу прэзыдэнта альбо ў выніку палітычных дамоўленасьцяў.

"Выбары магчымыя, калі пагодзяцца на палітычным узроўні ўсе ўдзельнікі палітычнага працэсу. Якія гэта ўмовы будуць, на якія яны пагодзяцца, – пакажа час”.

Пакуль ідуць кансультацыі бакоў, на вуліцах Кіева працягваюцца шматтысячныя дэманстрацыі прыхільнікаў абодвух Віктараў – Юшчанкі і Януковіча. Тым часам давер украінцаў да сваіх уладаў значна ўпаў. Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў інстытута Гэлапа, толькі 15 адсоткаў украінцаў давяраюць свайму кіраўніцтву, у той час як не давяраюць – 69 адсоткаў.
XS
SM
MD
LG