Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактары недзяржаўных СМІ пра прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнкі


Альгерд Невяроўскі, Менск Упершыню за апошнія пяць гадоў на прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі запрасілі прадстаўнікоў недзяржаўных беларускіх сродкаў масавай інфармацыі. Пасьля сустрэчы рэдактары незалежных СМІ падзяліліся ўражаньнямі.

Слухаць:



Я пацікавіўся ва ўдзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі: што новага пачулі яны ад Аляксандра Лукашэнкі, ці атрымалі адказы на свае пытаньні?

В.Хадасоўскі: “Мне здаецца, што нейкія новыя рысы Лукашэнкі тут выявіліся”

Вось што сказаў галоўны рэдактар тыднёвіка “Белорусы и рынок” Вячаслаў Хадасоўскі:

“Нам падалося, што была выказаная больш жорсткая пазыцыя адносна Расеі, хаця пасьля яна й была зьмікшаваная. Зьвярнулі ўвагу на словы пра магчымае прэзыдэнцтва ў Расеі і ўдзел у палітычным жыцьці. Быў зроблены даволі выразны акцэнт зь яго боку.

Ну, і момант выказваньня пра яго здароўе. Некалькі разоў прагучала, што ў бліжэйшай будучыні прэзыдэнтам будзе Аляксандар Лукашэнка.

В.Хадаскоўскі: “Прынамсі, не было такой напорыстай агрэсіі. Была нейкая спроба... тлумачыць і адказваць на пытаньні, што задаваліся. Раней гэтага не назіралася”.
Сэнсацыяй былі й яго словы пра тое, што можна зрабіць гэтыя сустрэчы больш частымі й рэгулярнымі. Мне здаецца, што нейкія новыя рысы Лукашэнкі тут выявіліся. Прынамсі, не было такой напорыстай агрэсіі.

Была нейкая спроба тлумачыць — можа, не зусім пасьлядоўная — але тлумачыць і адказваць на пытаньні, што задаваліся. Раней гэтага не назіралася. Было сказана, што трэба быць больш адкрытым органам улады. Мо, гэтая адкрытасьць будзе надалей прадстаўленая як прыкмета дынамікі дэмакратычных працэсаў у краіне”.

Ё.Сярэдзіч: “Ніякага канкрэтнага адказу, мне здаецца, не было”

Актыўна задаваў пытаньні Аляксандру Лукашэнку рэдактар “Народнай волі” Ёсіф Сярэдзіч. Ці атрымаў ён вычарпальныя адказы? Вось ягонае меркаваньне:

Ё.Сярэдзіч: “Будзем весьці перамовы. Я падышоў потым да міністра інфармацыі, падышоў да Праляскоўскага, будзем на наступным тыдні гаварыць”.
“Ніякага канкрэтнага адказу, мне здаецца, не было. Але былі дадзеныя пэўныя даручэньні сваім службам. Будзем весьці перамовы. Я падышоў потым да міністра інфармацыі, падышоў да Праляскоўскага, будзем на наступным тыдні гаварыць. Сёньня ніхто ня можа сказаць, што будзе праз тры хвіліны.

Маёй задачай было паставіць пытаньні, і пытаньні я паставіў. А як будзе вырашаная праблема — пабачым”.

Карэспандэнт: “Што вас найбольш уразіла, што цікавае вы б адзначылі?”

“Мне здаецца, шмат чаго ён агучыў напярэдадні. Пра тыя ж беларуска-расейскія стасункі. Адзінае, калі мы паднялі пытаньне наконт недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі — бязь нейкай гістэрыкі ўсё гэта было сустрэта. Лічу, што я сваю місію выканаў”, — заявіў рэдактар “Народнай волі”.

А.Ліпай: “Чаму ён пайшоў на гэта — цяжка сказаць”

А кіраўнік прыватнага агенцтва навінаў БелаПАН Алесь Ліпай адзначае шчырую атмасфэру на прэсавай канфэрэнцыі:

“Атмасфэра была, як звычайна на такіх мерапрыемствах, даволі шчырая. Вельмі адкрыта адказваў Лукашэнка на ўсе пытаньні. Кожны, хто хацеў, змог задаць гэтыя пытаньні.

А.Ліпай: “Можа быць, зьменіцца ўрэшце сытуацыя з доступам незалежных журналістаў да інфармацыі. Хаця цяжка сказаць”.
Чаму ён пайшоў на гэта — цяжка сказаць. Магчыма, ён хацеў данесьці свае меркаваньні наконт сытуацыі ў розных пытаньнях. Напрыклад, пытаньне пра магчымасьць яго ўдзелу ў палітычнай барацьбе ў Расеі.

Мне падалося, што, можа быць, зьменіцца ўрэшце сытуацыя з доступам незалежных журналістаў да інфармацыі. Таму што Лукашэнка даў канкрэтныя даручэньні — разабрацца й дакласьці па гэтым пытаньні. Хаця цяжка сказаць”.
XS
SM
MD
LG