Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доступ да інфармацыі могуць яшчэ больш абмежаваць


Ігар Карней, Менск Палата прадстаўнікоў неўзабаве разгледзіць законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі й абароне інфармацыі”. Паводле незалежных экспэртаў, дакумэнт выстаўляе жорсткія межы для спажыўцоў і карыстальнікаў інфармацыі. Так, пабольшае адказнасьць за спробы парушыць дзяржаўную манаполію на захаваньне інфармацыйнай таямніцы. Сёньня аналітыкі Беларускай асацыяцыі журналістаў тлумачылі небясьпеку новай ініцыятывы.

Экспэрты Беларускай асацыяцыі журналістаў пракамэнтавалі найбольш спрэчныя артыкулы законапраекту “Аб інфармацыі, інфарматызацыі й абароне інфармацыі”.

Міхаіл Пастухоў: “Дзейнасьць дзяржавы стане непадкантрольнай грамадзтву і СМІ”

Кіраўнік цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў найперш акцэнтуе ўвагу на тым, што ў 58 артыкулах законапраекту 109 адсылак на іншыя нарматыўныя акты:

“Гэтыя адсылкі на заканадаўчыя акты і надзвычай шырокае кола інфармацыі абмежаванага распаўсюду прывядуць да таго, што з часам дзяржорганы, чыноўнікі абвесьцяць: няма свабоднай інфармацыі. І з боку прэсавых службаў будзе адзін адказ: прабачце, але гэтая інфармацыя службовая ці абмежаванага распаўсюду і мы вам яе ня можам даць.

М.Пастухоў: “З боку прэсавых службаў будзе адзін адказ: прабачце, але гэтая інфармацыя службовая і мы вам яе ня можам даць”.
Фактычна, дзейнасьць дзяржавы стане непадкантрольнай грамадзтву і СМІ. Мне падаецца, якраз у гэтым адмоўныя наступствы такога законапраекту. Хоць можна зразумець і інтарэс беларускіх уладаў: усталяваць татальны кантроль за ўсімі патокамі інфармацыі”, — мяркуе Міхаіл Пастухоў.

Хто будзе ажыцьцяўляць кантроль?

Як удакладняе спадар Пастухоў, сур’ёзнасьць намераў пацьвярджае пералік структураў, якія будуць ажыцьцяўляць дзяржаўнае кіраваньне ў гэтай галіне.

Вяршыня піраміды — прэзыдэнт. За ім — Савет міністраў. Трэцюю пазыцыю займае нядаўна створаны Дзяржаўны цэнтар бясьпекі пры прэзыдэнце. Дарэчы, галоўная мэта статутнай дзейнасьці гэтай структуры — абарона інфармацыі, якая падпадае пад дзяржаўную ці службовую таямніцу.

Замоўца закону – міністэрства сувязі

Паводле экспэртаў, ёсьць небясьпека, што будзе рэалізаваная даўняя пагроза ўладаў цэнзураваць сеціва.

Ускосна пацьвярджае гэта той факт, што замоўцам закону выступае міністэрства сувязі. А ведамства і падпарадкаваны яму “Белтэлекам” кантралююць працу інтэрнэт-правайдэраў у Беларусі. Адметны прыклад — затрыманьне палітыка Андрэя Клімава за артыкул, зьмешчаны на сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Андрэй Бастунец: некалькі нормаў накіраваныя на кантроль інтэрнэту

Гаворыць юрыст цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ Андрэй Бастунец:

“У гэтым законапраекце ёсьць некалькі нормаў, якія ня тое што адказнасьць за дзейнасьць у інтэрнэце ўсталёўваюць (гэта існуе і так), а якія накіраваны на тое, каб узяць інтэрнэт-прастору, інфармацыйныя рэсурсы пад кантроль.

Вось пункт, дзе гаворка пра абавязковую “ідэнтыфікацыю асобаў”, якія ўдзельнічаюць у інфармацыйным абмене з выкарыстаньнем інфармацыйных сетак. Гэта вельмі сур’ёзнае патрабаваньне.

А.Бастунец: “Вось пункт, дзе гаворка пра абавязковую “ідэнтыфікацыю асобаў”, якія ўдзельнічаюць у інфармацыйным абмене”.
Пакуль напісана, што гэта можа быць прадугледжана, але ствараюцца ўмовы для таго, каб такі кантроль быў усталяваны. Гэта тычыцца распаўсюду інфармацыі, якая цяпер можа ананімна распаўсюджвацца, удзел у форумах, распаўсюд электронных СМС-паведамленьняў і г.д.”.

Незалежныя адмыслоўцы спадзяюцца, што іхны голас пачуюць: 10 красавіка ў Палату прадстаўнікоў яны накіравалі пакет заўвагаў і прапановаў да законапраекту.
XS
SM
MD
LG