Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад кангрэсам дэмсілаў адбудзецца сем рэгіянальных сходаў (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Вільні завяршылася двухдзённая канфэрэнцыя “Пазытыўная альтэрнатыва для Беларусі й яе грамадзянаў”. На канфэрэнцыі былі ня толькі кіраўнікі структураў Палітрады дэмсілаў, але і рэгіянальныя актывісты, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў і экспэртнай супольнасьці.

Сходы вырашаць, абіраць ці не абіраць лідэра

Удзельнік канфэрэнцыі Анатоль Лябедзька гаворыць, што кіраўнікі цэнтральных структураў, якія ўваходзяць у Палітраду, у Вільні забавязаліся выконваць усе рашэньні рэгіянальных кааліцыйных структураў. Пастанавілі правесьці сем рэгіянальных сходаў.

“У іх удзельнічаюць тыя, хто прайшоў праз палітычную кампанію “Мясцовыя выбары”, а таксама тыя дэлегаты папярэдняга кангрэсу, якіх абралі на сходах альбо праводзілі парлямэнцкую кампанію. Гэты склад сямі рэгіянальных кангрэсаў адказвае на тыя пытаньні, якіх мы не змаглі вырашыць на пагадняльнай камісіі й якія да апошняга часу зьяўляліся тупіковымі.
А.Лябедзька: "Калі на большасьці сходаў выкажуцца за тое, каб абіраць, так яно і будзе. І гэта прынятае ўсімі нацыянальнымі лідэрамі".


Фактычна на сямі сходах будзе праведзенае галасаваньне. Напрыклад, абіраць лідэра ці не абіраць. Калі на большасьці сходаў выкажуцца за тое, каб абіраць (на кангрэсе ці на палітычнай радзе), дык так яно і будзе. І гэта прынятае ўсімі нацыянальнымі лідэрамі”, — заявіў Лябедзька.

Мілінкевіч згодны

Кіраўнік палітрады аб’яднаных дэмсілаў Аляксандар Мілінкевіч, які таксама ўдзельнічаў у канфэрэнцыі, ухваляе рашэньне надаць большыя правы менавіта рэгіянальным структурам:

А.Мілінкевіч: "Гэта вельмі мудры ход... Рэгіянальная думка вельмі важная".
“Я думаю, што гэта вельмі мудры ход — таму што, калі мы зайшлі ў тупік, важна перадаць справу таму, хто можа выказаць калектыўную думку. А рэгіянальная думка вельмі важная. І хай менавіта гэтыя людзі скажуць, патрэбны кааліцыі лідэр ці не патрэбны, як праводзіць кангрэс і г.д. Гэта — разумнае рашэньне”.

Прапановы яшчэ павінна ўхваліць Палітрада

Спадар Мілінкевіч патлумачыў, што дзевяць сябраў Палітрады, якія ўдзельнічалі ў канфэрэнцыі, падтрымалі гэтыя прапановы. Але, каб яны набылі законную сілу, іх трэба яшчэ правесьці праз паседжаньне Палітрады. Яно заплянаванае на наступную пятніцу.

Мяркуецца, што ў кожным сходзе будуць удзельнічаць да 150 чалавек. Анатоль Лябедзька гаворыць, што рэгіянальныя сходы можна правесьці цягам трох наступных тыдняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG