Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць з прыватызацыйнымі чэкамі?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак і эканаміст Аляксандар Чубрык.

Чаму ўвогуле ўзьнікла такая праблема ў Беларусі?

Валер Карбалевіч: “Ужо ня першы раз урад імкнецца праціснуць рашэньне не кампэнсаваць насельніцтву нявыкарыстаных чэкаў “Маёмасьць”. Для гэтага патрэбна ўнесьці зьмяненьні ў закон “Аб іменных прыватызацыйных чэках”, ад 7 ліпеня 1993 году.

А пачыналася ўсё вельмі пэрспэктыўна. Прыватызацыйныя чэкі пачалі раздаваць людзям у 1994 годзе. Разам іх атрымалі больш як 74% грамадзянаў. Стварылі 15 інвэстыцыйных фондаў, 48 кампаніяў для куплі і продажу чэкаў.

На сёньняшні дзень прыкладна 44% атрыманых чэкаў знаходзіцца на руках у насельніцтва. Паводле закону, нерэалізаваныя чэкі павінна выкупіць дзяржава.

Ні ў адной посткамуністычнай краіне не было такога доўгага тэрміну абарачэньня прыватызацыйных чэкаў. Таксама нідзе дзяржава не выкупляла чэкаў, таму што людзі іх выкарыстоўвалі.

Чаму ўвогуле ўзьнікла такая праблема ў Беларусі? Чаму ідэя так званай “народнай прыватызацыі” бясслаўна згінула?”

Тацяна Манёнак: “У Беларусі ўрад ніколі сур’ёзна не ўспрымаў прыватызацыю як галоўны элемэнт эканамічнай палітыкі.

Рашэньне аб чэкавай прыватызацыі было навязанае агульнай палітычнай сытуацыяй, прымалася пад уплывам звонку. У прыватнасьці, пайшлі ўсьлед за Расеяй. Але там ваўчарная прыватызацыя завяршылася за два гады, а ў нас цягнецца дасюль.

Канцэпцыя чэкавай прыватызацыі разглядалася як інструмэнт забесьпячэньня сацыяльнай справядлівасьці, а не як эфэктыўны эканамічны мэханізм, не як сродак стварэньня рынку каштоўных папераў, пераліву капіталу, рэструктурызацыі вытворчасьці.

Тым ня менш, чэкавая прыватызацыя магла б стварыць перадумовы для ўсяго гэтага. Былі створаныя інвэстыцыйныя фонды, і насельніцтва магло абменьваць чэкі на акцыі гэтых фондаў.

Але ўсё памянялася пасьля зьмены ўлады ў 1994 годзе. Новае кіраўніцтва ўбачыла, што з дапамогай чэкавай прыватызацыі можа адбыцца перадзел уласнасьці. Таму прыватызацыя была прыпыненая.

У 1998 годзе быў уведзены мараторый на абарачэньне чэкаў. Спэцыяльныя інвэстфонды зьніклі з рынку. Цікавасьць насельніцтва да прыватызацыі зьнікла. Таму прыватызацыйныя чэкі ляжаць мёртвым грузам.

Улады не скарысталі чэкавай прыватызацыі як каталізатару рынкавых рэформаў. І цяпер урад разьлічвае на тое, што зь цягам часу людзі забудуць пра свае чэкі — такім чынам і пахаваюць саму ідэю”.

Аляксандар Чубрык: “Сапраўды, галоўная праблема ў тым, што ў Беларусі была спыненая прыватызацыя. Проста ліквідаваць чэкі немагчыма, бо гэта палітычная праблема. Але і ажыцьцявіць прыватызацыю таксама немагчыма з палітычных прычынаў”.

Ці рацыянальнай была ідэя чэкавай прыватызацыі?

Карбалевіч: “Калі глядзець з вышыні сёньняшняга дня, наколькі рацыянальная была сама ідэя чэкавай прыватызацыі, намер падзяліць усю дзяржаўную маёмасьць паміж усімі грамадзянамі?

У іншых посткамуністычных краінах гэтая ідэя з большым альбо меншым посьпехам была ажыцьцёўленая. А ў Беларусі нічога не атрымалася. Многія грамадзяне пачалі купляць акцыі прадпрыемстваў, аднак значных дывідэндаў яны не атрымалі”.

Манёнак: “Прыцягненьне інвэстыцыяў і чэкавая прыватызацыя ляжаць у розных плашчынях. Але гэта палітычная плата за бесканфлікты перадзел уласнасьці, асабліва з улікам беларускага мэнталітэту.

Але нягледзячы на нібыта невысокую эканамічнаю эфэктыўнасьць гэтага мэтаду, поўная рэалізацыя чэкавай прыватызацыі магла б стварыць рынкавае асяродзьдзе ў краіне. Гэтая мадэль магла б стаць рынкавай азбукай для насельніцтва. Тады б маглі быць і эканамічныя вынікі.

У самым пачатку чэкавай прыватызацыі за чэкі можна было купіць каля 50% дзяржаўных прадпрыемстваў. Потым урад зьнізіў гэтую лічбу да 20%.

Самыя прыбытковыя прадпрыемствы, кшталту “Белтрансгазу”, “Нафтану” былі ўвогуле выведзеныя з гэтага прыватызацыйнага працэсу. Іхныя акцыі маглі купіць толькі работнікі, якія там працавалі”.

Чубрык: “Калі дзяржава прадае прадпрыемства стратэгічнаму інвэстару, то апошні бярэ на сябе пэўныя гарантыі наконт нязьменнасьці профілю прадпрыемства, сацыяльных гарантыяў работнікаў. І гэта зьвязвае новаму гаспадару рукі.

Напрыклад, у Польшчы прадпрыемствы, прыватызаваныя такім чынам, застаюцца стратнымі, і дзяржава іх вымушаная падтрымліваць зь бюджэту.

А калі прыватызацыя адбываецца з дапамогай чэкаў, то бізнэсовец, які ў выніку перапродажу купіў прадпрыемства, вольны зь ім рабіць што хоча. І гэты мэханізм робіць прыватызацыю эфэктыўнай у сярэднетэрміновай пэрспэктыве.

Напрыклад, у Расеі новыя гаспадары вугальнай прамысловасьці звольнілі ня менш за палову работнікаў і зрабілі яе прыбытковай”.

Як разьвязаць цяперашні стан з прыватызацыйнымі чэкамі?

Карбалевіч: “Урад ужо пяць разоў адтэрміноўваў дату заканчэньня абмену прыватызацыйных чэкаў на акцыі прадпрыемстваў. Апошні раз да 30 чэрвеня гэтага году.

Сёньня адзін чэк каштуе 4400 рублёў. Для выкупу нявыкарыстаных чэкаў патрэбна каля 800 млрд. рублёў. Якое прававое і палітычнае выйсьце можна знайсьці з гэта тупіка?”

Манёнак: “Калі дакладна казаць, то на выкуп чэкаў патрэбна затраціць 821 млрд. руб. Гэта каля 400 млн. даляраў. Гэта няшмат за няспраўджаныя надзеі. Калі няма грошай, то можна прадаць нейкае прадпрыемства й заплаціць людзям.

І ёсьць другі варыянт: прапанаваць насельніцтву акцыі ліквідных прадпрыемстваў. Можна і цяпер купіць акцыі 160 акцыянэрных таварыстваў у “Беларусбанку”. Але ўсе яны малапрыбытковыя.

Тая сытуацыя, калі чэкавая прыватызацыя завісла, перашкаджае іншым мадэлям прыватызацыі — напрыклад, “кропкавай” прыватызацыі, пра якую кажа ўрад”.

Чубрык: “У цяперашняй сытуацыі нармальнага выйсьця для ўраду няма. 400 млн. даляраў ва ўмовах цяперашніх эканамічных праблемаў ураду — гэта нямала.

Можна расьцягнуць гэтыя выплаты, зрабіць іх, напрыклад, перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Таму што, калі цяпер пастанавіцць не кампэнсоўваць насельніцтву нявыкарыстаныя чэкі, то гэта будзе непапулярна. Гэта можа выкарыстаць апазыцыя. Таму, думаю, рашэньне адтэрмінуюць”.

Карбалевіч “Такім чынам, спыненьне рынкавых рэформаў, у тым ліку прыватызацыі, стварыла праблему прыватызацыйных чэкаў. І яе эфэктыўнае разьвязаньне немагчымае ў межах той эканамічнай палітыкі, якую праводзіць улада”.
XS
SM
MD
LG