Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская асацыяцыя журналістаў супраць перасьледу А.Клімава


Радыё Свабода Праўленьне грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прыняло заяву пратэсту ў сувязі з крымінальным перасьледам грамадзкага актывіста Андрэя Клімава за публікацыі ў Інтэрнэце.

БАЖ заклікае адказных асобаў і дзяржаўныя органы:

зьмяніць меру стрыманьня, абраную ў дачыненьні Андрэя Клімава;

пры расьсьледаваньні і разглядзе справы кіравацца агульнапрызнанымі дэмакратычнымі стандартамі ў галіне свабоды выказваньняў;

не дапускаць адвольных прававых ацэнак Інтэрнэт-прасторы;

выключыць прымяненьне на практыцы мераў, зьвязаных з пазбаўленьнем альбо абмежаваньнем волі, за выказваньне меркаваньня.

Журналісцкая праваабарончая арганізацыя выказвае шкадаваньне, што ў Беларусі “прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці за выказваньні зьяўляюцца звычайнай практыкай”.

У 2002 годзе абмежаваньнем волі па Крымінальным кодэксе былі пакараныя гарадзенскія журналісты Павал Мажэйка і Мікола Маркевіч, а таксама рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч. Паводле БАЖ, пры разглядзе гэтых спраў суды дыямэтральна супрацьлеглым чынам вырашалі пытаньне, ці можна Інтэрнэт-рэсурсы аднесьці да сродкаў масавай інфармацыі.

“Перасьлед за гарантаваныя Канстытуцыяй свабоду слова і інфармацыі дыскрэдытуюць Беларусь у вачах цывілізаванага сьвету, – гаворыцца ў заяве БАЖ. – У 2005 г. Прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды мэдыяў Міклаш Харашці ў сваёй справаздачы па выніках візыту ў краіну адзначыў, што Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у рэгіёне АБСЭ, дзе людзі адбываюць турэмнае зьняволеньне ў сувязі са сваімі выказваньнямі”.

Палітык і публіцыст Андрэй Клімаў быў затрыманы 3 красавіка ў Менску. У якасьці меры стрыманьня абрана ўтрыманьне пад вартай. Нагодай для крымінальнага перасьледу стала разьмяшчэньне ў Інтэрнэце публіцыстычных артыкулаў Андрэя Клімава.

«Сьледзтва прыраўняла Інтэрнэт да СМІ, хоць беларускім заканадаўствам гэтае пытаньне не ўрэгуляванае,– гаворыцца ў заяве грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.


Супраць А. Клімава распачата крымінальная справа па артыкуле 361 ч.3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Заклікі да зьвяржэньня альбо зьмены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь альбо да зьдзяйсненьня злачынстваў супраць дзяржавы, публічныя заклікі да гвалтоўнага захопу ўлады альбо змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, альбо здрады дзяржаве, альбо зьдзяйсьненьня тэрарыстычнага акту альбо дывэрсіі альбо распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць такія заклікі... зьдзейсьненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі”).

За публікацыі ў Інтэрнэце палітыку пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам да 5 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG