Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: ліквідавалі грамадзкае аб’яднаньне “Стары горад”


Альгерд Невяроўскі, Радыё Свабода Судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Георгій Дзьмітрук задаволіў пазоў упраўленьня юстыцыі аблвыканкаму і ліквідаваў арганізацыю, якая дзейнічала з 1992 году.

Суд палічыў, што гісторыка-культурніцкае аб’яднаньне “Стары горад” парушыла заканадаўства, бо ня мела сталага офіснага памяшканьня і не прапісала ў сваім статуце нормы “прадмет дзейнасьці арганізацыі”. Але старшыня “Старога гораду” Ірына Лаўроўская лічыць, што гэта былі толькі фармальныя прычыны:

“Сапраўдная прычына – зачыстка ўсяго трэцяга сэктару, непадкантрольных уладам грамадзкіх арганізацыяў. Некалькі месяцаў таму, на афіцыйным сайце аблвыканкаму зьявілася маё прозьвішча побач са “Старым горадам”, як заўважанай у дэструктыўнай дзейнасьці. Думаю, што наша дзейнасьць раздражняла дзяржаўныя структуры вельмі даўно. Яны ўвесь час у наш бок ня роўна дыхалі. Але да сёньняшняга дня мы выходзілі з гэтага становішча.

А, што тычыцца фармальных прэтэнзіяў, якія закінула нам упраўленьне юстыцыі, то гэтыя фармальныя прычыны можна было ліквідаваць цягам дзесяці хвілінаў”.

Нягледзячы на фармальную ліквідацыю аб’яднаньне “Стары горад” не зьбіраецца спыняць сваю дзейнасьць. Ня выключана, што арганізацыя будзе зарэгістраваная, як гарадзкая суполка Таварыства беларускай мовы.



Стары горад” працуе з 1992 году. Сябры арганізацыі дасьледуюць і папулярызуюць сярэднявечную гісторыю Берасьця, клапацяцца пра ахову старых і ўсталяваньне новых помнікаў выбітным дзеячам Берасьцейшчыны.

Яны ладзяць і навуковыя канфэрэнцыі — гэтак, “Стары горад” арганізаваў міжнародны “Фэст берасьцейцаў сьвету”. Намаганьнямі арганізацыі да гораду вярнуўся гістарычны герб.

XS
SM
MD
LG