Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльцам могуць скасаваць ільготы


Міхал Стэльмак, Менск Як абвясьцілі ўлады, у 2007 годзе ў Беларусі будзе завершана перасяленьне чарнобыльцаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у чыстыя раёны выедуць апошнія 39 сем’яў, што жывуць на Гомельшчыне. Плянуюць улады й зьмены ў закон аб сацыяльнай абароне асобаў, пацярпелых ад радыяцыі.

У плянах на перасяленьне – жыхары Нараўлянскага раёну. Улады рыхтуюць выезд адсюль у чыстую зону 29 сем’яў. Гаворыць спэцыяліст у чарнобыльскіх пытаньнях Нараўлянскага райвыканкаму Марына Сычова:

Сычова: “То бок сёлета гэтыя 29 сем’яў будуць забясьпечаныя жыльлём. То бок адсяляюцца арганізавана сем’і, дзе яшчэ забруджанасьць ад 15 да 40 кюры. Яна называецца зонай наступнага адсяленьня”.

Карэспандэнт: “Чаму яны ня зьехалі раней?”

“Я не пыталася чаму. Магчыма, не было жаданьня”.

Будучыя перасяленцы жывуць у нараўлянскіх вёсках Кіраў, Вербавічы, Лубень. Зь вёскі Лубень зьбіраюцца зьехаць тры сям’і. Усе яны пэнсіянэры. Калі пакінуць родныя мясьціны, тут застануцца яшчэ 11 чалавек. У іх ліку Натальля Якаўлева, якая працуе фельчарам.

Якаўлева: “Па-перашае, у мяне тут праца. Па-другое, я не падлягаю адсяленьню паводле закону. У нас дазволена перасяленьне тым, хто перажыў тут радыяцыйны выбух. А я пад гэты артыкул не падыходжу. Я прыехала ў гэтую зону ўжо даўно, амаль 15 гадоў таму”.

Спадзяваньняў на зьмены ў чарнобыльскім заканадаўстве, якія б дазволілі ёй атрымаць права на перасяленьне, у спадарыні Якаўлевай няма.

Паводле ліквідатара Аляксандра Валчаніна з Жодзіна, яна мае рацыю. У заканадаўстве плянуюцца зьмены, якія яшчэ больш абмяжуюць правы чарнобыльцаў. 11 красавіка актывіст, які дамагаецца стварэньня новай грамадзкай арганізацыі “Ліквідатар”, пабываў у Палаце прадстаўнікоў:

Валчанін: “Я меў гутарку са старшынёй камісіі ў пытаньнях чарнобыльскай катастрофы Віталем Куліком. Той пацьвердзіў, што ў новым законапраекце пазбаўляюцца ўсіх ільгот удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі на чарнобыльскай АЭС. Ільгот ужо ніякіх ня будзе. Дэпутатам, якія не былі ў Чарнобылі і не зьяўляюцца ўдзельнікамі ліквідацыі, гэтая праблема не патрэбна. Я лічу, што ўсё гэта ідзе ад Савету Міністраў. Там кажуць пра нейкі эканамічны цуд і адначасова скасоўваюць ільготы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG