Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі гінуць на дарогах?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ва ўправе ДАІ Беларусі зьбіраюць журналістаў, каб распавесьці пра тэрміновыя захады наконт зьніжэньня небясьпекі на дарогах. Чаму ж буксуе праграма Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі “Мінус сто”, накіраваная на зьмяншэньне колькасьці ахвяраў дарожнага руху?

329 чалавек загінулі на дарогах Беларусі толькі за першыя тры месяцы 2007 году. Супрацоўнікі ДАІ падлічылі: ўзровень сьмяротнасьці падвысіўся болей як на 40 % у параўнаньні зь мінулым годам. І гэта пры тым, што больш жорсткім стала пакараньне нецьвярозых кіроўцаў, вырасьлі штрафы за перавышэньне хуткасьці, актывізавалася прапагандысцкая праца супрацоўнікаў ДАІ. Чаму ж усе гэтыя захады не спрацоўваюць?

У прэсавай службе рэспубліканскага ДАІ называюць аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны. Сярод першых значны рост – на некалькі соцень тысяч -- парку аўтамабіляў і колькасьці пачынаючых кіроўцаў. З-за апошніх здараецца да чвэрці ўсіх дарожна-транспартных здарэньняў. Пачатак году вызначыўся і надвор’ем, якое спрыяла павышанай аварыйнасьці. Аказваецца, сьнег на абочынах значна павышае шанцы мінакоў не патрапіць пад колы аўтамабіляў. Але галоўная прычына таго, што ахвяраў не становіцца меней, гэтак званы чалавечы фактар. У ДАІ зьдзіўляюцца стаўленьню людзей да сваёй бясьпекі.

Супрацоўніца ДАІ: “У нас палова загіблых – гэта мінакі, якія насуперак правілам у цёмны час ня носяць адлюстравальнікаў сьвятла. Столькі вакол рэклямы, у кожнай краме вісяць ўлёткі “Стань заўважным на дарозе”, але ня думаюць людзі пра сваю бясьпеку! Як тут выканаць праграму “Мінус сто?!”.

Простыя людзе выяўляюць абыякавасьць да праблемаў бясьпекі. А што дзяржаўныя ўстановы? Летась супрацоўнікі ДАІ зьвярнуліся ў Міністэрства сувязі з заклікам забясьпечыць ўсіх паштальёнаў камізэлькамі з адлюстравальнікамі сьвятла. Нядаўна прааналізавалі становішча ў Менску – ніводны паштальён нічога такога не атрымаў. Яшчэ адна вялікая група рызыкі на дарозе – вяскоўцы. Часта яны ў прыцемкі вяртаюцца з працы па аўтадарозе і трапляюць пад колы. Але й для гэтай катэгорыі мінакоў рэкамэндацыі ДАІ адносна заўважнасьці на дарозе нідзе не выконваюцца.

Галоўны інжынэр Клецкага райдзяржтэхнагляду Леанід Горбач згодны: захады бясьпекі мінакоў на дарогах прымаць трэба. Але заўважае – у сельгаспрадпрыемстваў на гэта не хапае грошай. Спадар Горбач згадаў пра спробу дамовіцца з арганізацыяй, якая выпускае адмысловую вопратку. Кансэнсусу на перамовах не знайшлі, бо не дагаварыліся пра кошты.

Горбач: “Зьдзяруць такую шкуру, што ...Тут няма грошай на ядахімікаты, каб зернявыя падняць, ня тое каб думаць пра такія рэчы. Груба кажучы, пакуль певень ў адно месца ня клюне, варушыцца не пачнуць”.

Адмыслоўцы выказваюцца за прыняцьце дзяржаўнай праграмы, якая б фінансавала захады бясьпекі працаўнікоў, дзяцей, пэнсіянэраў, іншых катэгорый грамадзянаў. “Толькі нашымі заклікамі набываць “флікеры” – гэтак называюць стужкі, якія адлюстроўваюць сьвятло – праблему высокай сьмяротнасьці мінакоў не вырашыць”, кажуць у ДАІ краіны.

Вопыт паказвае, што бясьпека на дарогах, у значнай ступені, залежыць і ад стану эканомікі

Можна дадаць, што у Амэрыцы і ў краінах Заходняй Эўропы на значнай частцы аўтамагістраляў патокі машын, якія ідуць у супрацьлеглых накірунках, разьдзяляе бэтонная паласа вышынёй прыблізна мэтар. Яна практычна гарантуе ад самых трагічных – лабавых – сутыкненьняў. Але каштуе такое нятанна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG