Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адчынілася выстава “Салёнае Дзяцінства”


Радыё Свабода У фае менскага кінатэатру “Перамога” адчынілася выстава-інсталяцыя “Салёнае Дзяцінства”. Як сьведчыла з рэклямных плякатаў, на ёй можна “ізноў адчуць сябе дзецьмі, трапіць у сьвет вялікай мэблі ды бацькоўскіх апранахаў, нанова пабываць у чэраве маці, ды паспрабаваць даць самому сабе адказ на зусім не дзіцячыя пытаньні”. Акцыя зьдзейсьнілася дзякуючы намаганьням міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Разуменьне”.

Як распавёў старшыня гэтага аб’яднаньня Андрэй Маханько, штогод у Эўропе ды цэлым сьвеце праходзяць гэтак званыя акцыі Блакітнай Стужкі Красавіку, што мусяць прыцягнуць увагу грамадзтва да праблемы гвалту над дзецьмі ў сем’ях ды навучальных установах.

На выставе можна апрануцца ў велічэзныя бацькавы халат ды кашулю, паблукаць у сутарэньнях агромністае шафы, ледзь дацягнуцца да краю стала ды паспрабаваць утрымаць у руках матчын гарбатны кубак, доўга залазіць на табурэт, пасядзець у бацькоўскай фатэлі, гуляючыся бабулінымі пруткамі. Але самае цікавае тое, што можна ізноў апынуцца ўнутры матулі, пачуць яе голас.

Акрамя цікавых рэчаў са шчасьлівага дзяцінства, лёгка можна ўбачыць, а калі хто хоча і паспрабаваць на сабе другі бок звычайных рэчаў, што становяцца інструмэнтамі гвалтоўнага ўзьдзеяньня на дзяцей: салдацкі пас, электрычны дрот, ручнік, насыпаны ў куце гарох...

Выстава:кут з прыладамі

На ўваходзе стаіць інсталяцыя “Дзіцячыя сьлёзы”. Па сьценах фае разьвешаныя адмысловыя фотаплякаты на тэму адносінаў у сям’і.

Выстава: інсталяцыя “Дзіцячыя сьлёзы”

Валанцёры

На выставе з бабулінымі пруткамі

Арганізатары плянуюць найбліжэйшым часам правезьці экспазыцыю па буйных гарадах краіны.

Выстава працягнецца да 15 красавіка, уваход вольны.
XS
SM
MD
LG