Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова ў публічным ужытку


Іна Студзінская, Менск У транспарце, у рэкляме, у абвестках шырэй стала выкарыстоўвацца беларуская мова. Ці сапраўды зьявіліся нейкія зрухі?

На білбордах у Менску – беларуская рэкляма аўтамабіляў “Renault”, тэхнікі “Samsung”. На беларускай мове гучыць ў мэдыях рэкляма кавы “Nescafe”, напою "Cola”.

Кіраўнік рэклямнай агенцыі “Hepta Group” Аляксандар Васілевіч заўважыў, што рэкляму па-беларуску замаўляюць замежныя кампаніі.

“Гэтыя кампаніі арыентуюцца на больш адукаваную частку насельніцтва. Для іх вельмі важна зьвярнуць на сябе дадатковую ўвагу. Другі аргумэнт – большасьць рэклямы бярэцца з маскоўскага рынку і пераносіцца на беларускі. А тут, калі яны адаптуюць гэта ўсё на беларускую мову, яны такім чынам дэманструюць сваю ўвагу да мясцовага пакупніка. Гэта такі своеасаблівы “паклон”.

Беларускія тавары, брэнды “Клецкая крыначка”, “Гродзенскія прысмакі” рэклямуюцца па-расейску. Чаму так адбываецца? Меркаваньне Аляксандра Васілевіча.

“Усё ж залежыць ад людзей, якія працуюць у гэтых кампаніях альбо ў рэклямных агенцтвах, якія працуюць з гэтымі кампаніямі. Але пра гэта ў эфіры лепш не размаўляць...”

Карэспандэнтка: “А ці былі выпадкі, калі да вас зьвярталіся і прасілі па-беларуску рэкляму зрабіць?”

Васілевіч: “Прасілі? Не, не было такога. Мы працуем з “Renault” і “Samsung”. З “Renault” – гэта была ініцыятыва агенцтва. З “Samsung” – нешта накшталт таго. Але кампанія гэта падтрымала”.

Беларуская мова не выкарыстоўваецца ў дзяржаўных структурах. Таварыства беларускай мовы пастаянна вядзе ліставаньне з Канстытуцыйным Судом, Менгарвыканкамам, міністэрствамі і ведамствамі, нагадваючы ім, што ў Канстытуцыі зацьверджаныя дзьве дзяржаўныя мовы.

Ці гавораць па-беларуску ў парлямэнце, пытаюся ў кіраўніка прававой управы Палаты прадстаўнікоў Мікалая Куляша.

“Ой... На сёньняшні дзень я нават і не магу прыгадаць, каб штосьці было па-беларуску. У апошні час нічога не было, каб рыхтавалася і прымалася на нашай мове. Ня ўсё ад нас залежыць. Ёсьць суб’екты права заканадаўчай ініцыятывы, якія рыхтуюць законапраекты і ўносяць іх у Палату. На якой мове падрыхтавалі, на такой Палата абавязаная і разглядаць. Мы ня можам ні перакладаць, ні патрабаваць, каб яны перакладалі альбо ўносілі на беларускай мове”.

Мікалай Кулеш пры дапамозе асыстэнтак высьветліў, што 2 гады таму быў праект Закону аб культуры на беларускай мове. Днямі паступіў адзін дакумэнт на беларускай мове:

“Нядаўна ўнесьлі праект закону “Аб зацьвярджэньні правілаў беларускай мовы, артаграфіі і пунктуацыі. Ён таксама на беларускай мове”.

У Менску ва ўнівэрмагу “Беларусь”, у краме “Кірмаш” ўсе абвесткі загучалі па-беларуску. У Баранавічах на вакзалах абвесткі даюцца па-беларуску.

Лінгвіст, перакладчык, аўтар збору правілаў "Беларускі клясычны правапіс" Зьміцер Саўка выказаў такое меркаваньне:

“Я, прынамсі, зьвязваю гэта з нейкімі зьнешнепалітычнымі момантамі: як толькі ахалоджваюцца дачыненьні з Масквою, адразу ж афіцыйны Менск хоча засьведчыць сваю самастойнасьць , можа, напалохаць, паказаць свае нацыянальныя мускулы. Наша чаканьне гэтых зрухаў, тое, як мы адзначаем мінімальныя зрухі ў бок ну не беларусізацыі, а мінімальныя праявы беларускасьці сьведчаць пра тое, што мы вельмі гэтага хочам. Мы вельмі хочам нават падмануцца, нават ашукаць сябе, сказаць: “Ну вось яны, зьмены”. Наша жаданьне пабачыць гэтыя зрухі больш сьведчаць не пра зьмену сытуацыі, а пра тое, што яна, хутчэй, не мяняецца. Яна дэ-факта застаецца той жа самай”.

Гл. таксама • Абвесткі па беларуску ў Менску
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG