Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыкі змагаюцца за гістарычны цэнтар Магілёва


Радыё Свабода Магілёўскія гісторыкі перапынілі будаўніцтва двух аб’ектаў ў гістарычнай частцы Магілёва – на пешаходнай вуліцы Ленінскай і беразе ракі Дубравенка. Падрадчыкі распачалі будоўлю безь неабходнага дазволу і нагляду археолягаў. Цяпер на месцы катлаванаў працуюць студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Аркадзя Куляшова.

Будаўніцтва пачалі прыкладна месяц таму. За гэты час будаўнікі выкапалі катлаваны і пачалі заліваць фундамэнт. Пра зьнішчэньне гістарычнага слою на месцы будоўлі даведаліся студэнты. Яны паведамілі ва ўнівэрсытэт. Гісторыкі пачалі тэлефанаваць у гарвыканкам і ўрэшце дамагліся прыпыненьня будаўніцтва.

Культурны слой на будоўлі вуліцы Ленінскай утрымлівае зьвесткі ад часоў Рэчы Паспалітай – шаснаццатага, сямнаццатага стагодзьдзяў. Паводле доктара гістарычных навук Ігара Марзалюка тое, што ўдалося захаваць ад зьнішчэньне мае велізарнае значэньне для гісторыі Магілёва.

“Тут падарунак для археоляга. Горад – гэта жывы арганізм, ён пастаянна будуецца. У саракавых, пяцідзесятых, шасьцідзесятых гадах не існавала ахоўных зон. Таму капалі бульдозэрамі, як хацелі і вельмі рэдка археолягу шанцуе, каб захавалася стратыграфія. Вось паглядзіце якая тут калёнка – чорны насычаны слой. У гэтым слоі як у старажытным Ноўгарадзе, у ідэальным стане захоўваецца косткі, скура, тыя рэчы, якія ў другіх частках Магілёва не фіксуюцца, а тут усё захавалася”.

Менш пашанцавала культурнаму слою на месцы другога будаўніцтва -- на беразе Дубравенкі. Будаўнікі папросту згарнулі яго пад адхон, а частку ўжо пасьпелі вывесьці. Ігар Марзалюк зьбіраецца скардзіцца на самаўпраўства чыноўнікаў управы архітэктуры, якія далі дазвол на будаўніцтва.

Ігар Марзалюк зьдзіўляецца, як будаўніцтва магло пачацца ў вызначанай гістарычнай частцы Магілёва без нагляду археолягаў. На этапе зацьвярджэньня дакумэнтацыі будаўнікоў абавязваюць узгадніць будаўнічыя работы з археолягамі.

“Гістарычны цэнтар гораду ў межах васемнаццатага стагодзьдзя пазначаны на дадатку да генэральнага пляну. Цяпер ва ўсіх старажытных гарадах, якім зьяўляецца і наш горад, у абавязковым парадку, робяцца ахоўныя зоны: культурнага слою, гістарычнага ланшафту. Яны распрацаваныя, яны зацьверджаныя. У мяне асабіста гэта ахоўная зона не выклікае пярэчаньняў, там усё зроблена карэктна, правільна, пісьменна. У мінулым годзе такіх сур’ёзных праблемаў не было. Але ізноў, я ня ведаю, ці начальства памянялася. Як бы там не было, не зусім зразумела”.

Студэнты на раскопках у Магілёве

У будаўнічых арганізацыях адмовілі камэнтаваць канфліктную сытуацыю. Тым часам моладзевыя актывісты зьбіраюцца дапамагчы студэнтам у іхных раскопках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG