Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: ушанавалі памяць Цішкі Гартнага


Радыё Свабода Семдзесят год таму ў магілёўскай псыхіятрычнай лякарні закатавалі пісьменьніка Цішку Гартнага (сапраўднае імя Зьміцер Жылуновіч). Сёньня грамадзкія ды партыйныя актывісты Магілёва прыйшлі на сымбалічнае месца пахаваньня першага кіраўніка ўраду савецкай Беларусі, каб ушанаваць ягоную памяць.

Гаворыць адзін з арганізатараў акцыі, кіраўнік гарадзкой арганізацыі таварыства беларускай мовы Алег Дзячкоў:

“Традыцыйна на прыкладным месцы пахаваньня Цішкі Гартнага прадстаўнікі магілёўскай грамадзкасьці зьбіраюцца на Радаўніцу. Але сёньня мы зрабілі выключэньне, бо сёлета семдзесят гадоў ад дня сьмерці Цішкі Гартнага”.

Магілёў:ля сымбалічнага месца пахаваньня Цішкі Гартнага

У 1930 годзе Зьмітра Жылунговіча выключылі з партыі. У 1936 годзе арыштавалі, а ў 1937-м назвалі псыхічна хворым. 7 красавіка 1937 году яго зьмясьцілі ў магілёўскую лякарню.

Паводле афіцыйнай вэрсіі Цішка Гартны памёр 12 красавіка 1937 году ў магілёўскай псыхіятрычнай лякарні. Гісторыкі спасылаюцца на відавочцаў трагедыі: паводле апведаў, даведзены ўтрыманьнем у лякарні да псыхічнага зрыву, Жылуновіч скончыў жыцьцё самагубствам – прыўзьняў над сабою цяжкі бальнічны ложак і з размаху апусьціў сабе на горла мэталёвую ножку ложка.

Прыкладнае месца пахаваньня знайшоў кіраўнік магілёўскага аддзяленьня “Мартыралёгу Беларусі” Валянцін Ермаловіч. У 1989 годзе на гэтым месцы паставілі памятны знак.

У 1930 годзе Зьмітра Жылуновіча выключылі з партыі. У 1936 годзе арыштавалі, а ў 1937-м назвалі псыхічна хворым. 7 красавіка 1937 году яго зьмясьцілі ў магілёўскую лякарню.

Сёлета ў лістападзе беларуская грамадзкасьць адзначыць 120-ю гадавіну ад дня нараджэньня Цішкі Гартнага.

Сумная слава аб Магілёўскім псыхіятрычным шпіталі пайшла пасьля нядаўняга (напярэдадні 25 сакавіка) гвалтоўнага затрыманьня і зьмяшчэньня туды дэмакратычнай актывісткі Крысьціны Шацікавай. Шацікаву затрымалі невядомыя людзі ў цывільным, завезьлі ў шпіталь, дзе яе трымалі, выкарыстоўваючы псыхатропныя сродкі. Праваабаронцы назвалі здарэньне з Шацікавай "адкрытым прыкладам карнай псыхіятрыі".
XS
SM
MD
LG