Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадравыя зьмены ў камэнтарах беларускіх выданьняў


Юры Дракахруст, Прага Учора Аляксандар Лукашэнка звольніў з пасадаў старшыню Дзяржкамітэту памежных войскаў Аляксандра Паўлоўскага і дырэктарку Рэспубліканскага шпіталю кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, так званай “лечкамісіі”, Ірыну Абельскую. Галоўным памежнікам краіны прызначаны Ігар Рачкоўскі, а “лечкамісію” ўзначаліў Аркадзь Ларыёнаў. Гэтыя прызначэньні камэнтуюць беларускія выданьні.

Дзяржаўныя газэты і тэлебачаньне абмежаваліся афіцыйным паведамленьнем. Больш інфармацыі, камэнтароў і чутак падалі незалежныя выданьні.

Інтэрнэт-газэта “Беларускі партызан” піша пра тое, што Аляксандар Паўлоўскі быў асабістым сябрам сям’і кіраўніка дзяржавы, у прыватнасьці, Віктара Лукашэнкі. Паводле зьвестак “Партызана” адстаўка Паўлоўскага , які кіраваў памежнымі войскамі 10 гадоў, адбылася з падачы КДБ.

Камітэт знайшоў “сувязі паміж справай Смаргонскага памежнага атраду, калі праз мяжу бяз мытнага дагляду прапускаліся грузавыя фуры, і асабістым дабрабытам галоўнага памежніка” – піша “Партызан”. Выданьне адзначае, што адстаўцы папярэднічаў жорсткі канфлікт паміж КДБ і памежным ведамствам, хадзілі чуткі, што прайграць у гэтым змаганьні мог не Паўлоўскі, а шэф КДБ Сьцяпан Сухарэнка.

“Наша ніва” зьвяртае ўвагу на асобу палкоўніка Ігара Рачкоўскага, які быў прызначаны на пасаду старшыні памежнага камітэту. Калі Паўлоўскі прыйшоў на гэтую пасаду ў 1996 годзе з танкавых войскаў, то кар’ера Рачкоўскага праходзіла ў спэцслужбах – ваеннай контарвыведцы КДБ і асобнай службе актыўных апэрацыяў памежнага камітэту. Прафэсійнага вайскоўца зьмяніў прафэсійны спэцслужбіст. Акрамя таго “Наша ніва” зьвяртае ўвагу на тэндэнцыю замены кіраўнікоў сілавых ведамстваў, якія нарадзіліся ў Расеі, на ўраджэнцаў Беларусі. У межах гэтай тэндэнцыі можна прыгадаць замену на пасадзе міністра абароны Чумакова на Мальцава, на пасадзе старшыні КДБ – Ерына на Сухарэнку, на пасадзе сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі Латыпава на Нявыгласа, і вось цяпер – Паўлоўскага на Рачкоўскага. “Наша ніва” піша, што назіральнікі называюць такую кадравую палітыку “лініяй Шэймана”. Камэнтуюцца ў мас-мэдыях і кадравыя зьмены у “лечкамісіі”. Тут чутак яшчэ болей. Нагадаем, што гэты шпіталь абслугоўвае ўладную эліту і асобаў, набліжаных да яе. Чуткі ў асноўным тычацца асобы былой кіраўніцы шпіталю Ірыны Абельскай. Летась кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін падчас свайго перадвыбарчага радыёвыступу заявіў, што “цяперашні кіраўнік дзяржавы жыве зь іншай жанчынай, мае ад яе сына – падарунак да свайго 50-годзьдзя. Дый пра грамадзянскую цёшчу, былога міністра аховы здароўя размоваў шмат”. Маці Ірыны Абельскай Людміла Пастаялка сапраўды ўзначальвала міністэрства аховы здароўя з 2002 году, у 2005 годзе яна была звольненая з гэтай пасады, але прызначаная дэпутатам Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Сёлета яна памёрла, яе пахаваньне адбывалася на вельмі высокім дзяржаўным узроўні.

Сама Ірына Абельская ў свой час была асабістым доктарам Аляксандра Лукашэнкі, у 2001 годзе яна ўзначаліла “лечкамісію”. Чуткі пра пазаслужбовыя адносіны паміж ёй і кіраўніком дзяржавы агучвалі ня толькі Казулін, але і некаторыя расейскія выданьні, аднак пацьверджаньняў іх няма.

Сапраўды, варта падкрэсьліць, што чуткі – яны і ёсьць чуткі, яны могуць быць праўдзівымі і хлусьлівымі. У закрытай сыстэме іх практычна немагчыма спраўдзіць ці абвергнуць. А які далейшы лёс Ірыны Абельскай?

У афіцыйным паведамленьні пра кадравыя зьмены ў “лечкамісіі” адзначаецца, што кіраўнік дзяржавы жорстка скрытыкаваў дзейнасьць рэспубліканскага шпіталю. Аднак калі пра Паўлоўскага ў паведамленьні гаворыцца, што ён у хуткім часе будзе звольнены са службы, то пра далейшы службовы лёс Абельскай нічога не сказана.

З аднаго боку, калі дзейнасьць “лечкамісіі” пад яе кіраўніцтвам была скрытыкаваная, малаверагодна , што яна зойме высокую пасаду. Аднак, зь іншага боку, паводле зьвестак выданьня, яна можа стаць міністрам аховы здароўя – заняць пасаду, якую займала яе маці. Паводле “Партызана” міністар Васіль Жарко, які заняў гэтую пасаду ў траўні 2006 году, ужо пакуе валізкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG