Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блонь: “Хто не пасьпеў узяць білет на электрычку, застаўся тут”


Зьміцер Бартосік, Блонь, Пухавіцкі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Цікавы дыялёг адбыўся ў мяне на вясковай вуліцы з кабетай сярэдняга веку.

Жанчына, работніца мясцовага СВК, была не ў гуморы. Мінулай ноччу ёй не ўдалося атрымаць заробак. Я не абмовіўся — грошы ў вёску Блонь прывозяць пад рамантычным покрывам ночы.

Валя: “Прывозяць звычайна вечарам, позна. Па-рознаму бывае. На палову трэцяй ночы”.

Карэспандэнт: “І народ ноччу бяжыць займаць чаргу, каб атрымаць грошы?”

Валя: “Займаюць раней”.

Карэспандэнт: “І да ночы стаяць?”

Валя: “Стаяць. Да паловы другой ночы я ў гэтую зарплату стаяла. Не дачакалася, бо ўжо спаць захацела. А прывезьлі яе недзе ў пачатку трэцяй”.

Карэспандэнт: “Якая вясёлая вёска. Растлумачце мне, чаму трэба ісьці ноччу за грашыма, калі можна выспацца і пайсьці раніцай? Людзі баяцца, што грошы разьбяруць і іх ня хопіць?”

Валя: “Ну, можа, алкашам выпіць хочацца. Мне, напрыклад, трэба было заплаціць крэдыт у краме”.

Карэспандэнт: “І тут працуюць начныя клюбы й начныя крамы?”

Валя: “Ну, ня клюбы — а, так бы мовіць, яўкі”.

Вёска Блонь пакідае даволі невясёлае ўражаньне. З будынкаў відаць, якая тут за саветамі была багатая гаспадарка. Саўгас саюзнага падпарадкаваньня. Вялікі Палац культуры. Абсалютна несавецкі архітэктурай Дом быту. Вялізарная крама.

Сёньня ўся гэтая былая раскоша стаіць абшарпаная і закалочаная. Лёс згуляў нядобры жарт з колішнім саўгасам саюзнага падпарадкаваньня. Як ня стала Саюзу, так і ня стала каму падпарадкоўвацца і ад каго атрымлвіаць вялізарныя датацыі.

Сямідзесяцігадоваму Ляву Хургіну, спэцыялісту, які ўсё жыцьцё працаваў у Блоні, асабліва балюча назіраць за гэтай дэградацыяй. І ніякага сьветлага выйсьця былы аграном ня бачыць.

Хургін: “Кепска мы працуем, бо, як мне здаецца, у сельскай гаспадарцы застаюцца толькі тыя, хто ня можа ўладкавацца ў горадзе на добрай працы. Гэта значыць, застаюцца людзі, якія любяць выпіць. Застаюцца людзі лянівыя. Застаюцца людзі малаздольныя. На такіх кадрах — я маю на ўвазе ня толькі рабочых, але і кіроўны састаў — на такіх кадрах сяло існаваць доўга і добра ня можа”.

Згадка пра дзяржаўную праграму адраджэньня вёскі выклікае ў Хургіна сумную ўсьмешку:

Хургін: “У нас пабудавана дзесяць домікаў. А пацікавіцца, колькі за гэты час мы дамоў забілі дошкамі? Нікога гэта не цікавіць. Усіх цікавяць пераможныя рэляцыі. І паступова мы маладых людзей адвучаем. Наганяем на іх страх, што ў вёсцы кепска. Лепш, малады чалавек, прабівайся ў горад. І ён сыходзіць у горад. Той, каго бяруць. А той, каго горад адштурхоўвае, той прыходзіць да нас”.

Заўжды прыемна глядзець на людзей, якія ня скардзяцца на цяжкі й гаротны лёс, а бяруць адказнасьць за гэты лёс у свае рукі.

Чамусьці ў Беларусі пераважна гэта робяць жанчыны. Напрыклад, Сьвятлана Бабенка, выхавальніца Блоньскага дзіцячага садка, адкрыла сваю трэнажорную залю ў закінутым крыле Палацу культуры.

Карэспандэнт: “Гэтую залю вы ўзялі...”

Сьвятлана: “У арэнду. Будынак быў увесь разбураны. Бачыце, што атрымалася? Тут ня было ні вокнаў, ні дзьвярэй, ні ацяпленьня, ні сьвятла. Я ішла напралом. Але я не баялася гэтага. Я ўзяла крэдыт у “Беларусьбанку”. На мужа, на сябе — вельмі вялікі крэдыт. У мяне ня было ніякіх ні левых грошай, нічога. Я ўсё зрабіла за свой мазоль”.

Карэспандэнт: “У нас вельмі модна сядзець і скардзіцца на лёс і на нізкія заробкі. Чаму так мала людзей, гатовых дзейнічаць?”

Сьвятлана: “Напэўна, ва ўсе часы так было. Былі людзі, якім трэба было рухаць наперад, а некаторыя хочуць сярэдзінкі, а некаторыя ўвогуле нічога ня хочуць”.

У Сьвятланінай залі дасканаляць сваё здароўе людзі ў асноўным маладыя і жыцьцялюбныя.

Аднаго са сталых кліентаў тут ведаюць і шануюць. Гэта Мікалай Статкевіч, лідэр сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, які ў Блоні адбывае “хімію”. Пасьля працы на карысьць сельскай гаспадаркі палітык прыходзіць пакачаць цягліцы.

Мікалай Статкевіч, вёска Блонь, Пухавіцкі раён, хімія

Статкевіч: “Я тут адчуваю сябе, як у акварыюме. Тут усіх ужо застрашылі, запалохалі — каб дакладалі, хто да яго прыяжджае. Рэгулярна прыяжджаюць пінкертоны, корпаюцца ў маіх рэчах, калі мяне няма, тэлефануюць маім начальнікам — дзе я, што я раблю”.

Карэспандэнт: “Спадар Статкевіч, час, які цяпер бавіце ў Блоні, згублены час?”

Статкевіч: “У нечым гэта, безумоўна, згублены час. Бо гэта несвабода. Ты нявольны чалавек, які знаходзіцца сярод вольных людзей. І твой сацыяльны статус тут найніжэйшы, ніжэйшы за любога алканаўта.

Але чалавечае жыцьцё ідзе. Таму імкнуцца жыць паўнавартасна трэба ў любой сытуацыі. І губляць час свайго жыцьця ня варта. Я проста імкнуся адпачыць. Бо я ў палітыцы з 1990 году. І гэта былі вельмі напружаныя гады”.

“Адпачывае”, дарэчы, Статкевіч у прафілякторыі “Надежда”. Прынамсі, менавіта такая шыльда вісіць перад драўляным будынкам, дзе жывуць “хімікі”. І сьмешна, і алегарычна.

Сьвятлана Дубовік, галоўны лекар колішняга прафілякторыю, дзе яшчэ два гады таму лекаваліся пэнсіянэры і хворыя дзеці, ня можа спакойна глядзець на дом, у якім працавала ўсё жыцьцё.

Карэспандэнт: “Вам балюча глядзець…”

Сьвятлана: “Вельмі. Адразу кажу — вельмі. Ісьці туды — мне сэрца кроўю абліваецца”.

Карэспандэнт: “Што за прычына?”

Сьвятлана: “Вы зразумейце правільна, такая маленькая ўстанова патрэбная не глябальна камусьці, а толькі нашаму раёну. Раённая начальства палічыла, што ў іх і так дастаткова дзірак, а прафілякторый — не такая важная ўстанова.

Яна патрабуе нейкага рамонту, патрабуе нейкай увагі. Патрабуе, патрабуе, патрабуе... Таму яго закрылі. Хаця былі патрэбныя ўкладаньні, пяць мільёнаў у месяц. Гэта для раёну кропля”.

Карэспандэнт: “Цяпер іхнае месца занялі “хімікі”.

Сьвятлана: “Яна падымаюць сельскую гаспадарку. Таму яна ў нас зь мінусам і ідзе”.

Але насяляюць колішнюю здраўніцу ня толькі “хімікі”. Побач з “алімэнтшчыкамі, п’яніцамі й туняядцамі” жывуць дзяўчаты, якім пашанцавала патрапіць у Блонь на два гады не па этапе, а паводле разьмеркаваньня пасьля Аграрнай акадэміі.

Дзяўчаты, Ніна і Наста, зь нецярпеньнем чакаюць лета, калі скончыцца іхная “катарга”. Менавіта так яны называюць сваю працу. Недабудаваныя дамкі, якія відаць зь іхнага акна, жаданьня заставацца не выклікаюць.

Вёска Блонь, Пухавіцкі раён

Карэспандэнт: “Вы адпрацоўваеце тут два гады паводле разьмеркаваньня. Ці няма жаданьня застацца тут?”

Ніна: “Няма”.

Карэспандэнт: “А чаму?”

Ніна: “Каб нармальна аплачвалася праца… Работа цяжкая, на выходныя можна забыцца да сьнежня”.

Наста: “Адзін выходны быў у лістападзе”.

Карэспандэнт: “Людзі працуюць без выходных дзён?”

Ніна: “Выходзіш на працу а шостай гадзіне, а прыходзіш... Аб адзінаццатай яшчэ могуць падняць”.

Карэспандэнт: “Але гэта ўсё павінна аплачвацца”.

Ніна: “Табэль. Васьмігадзінавы працоўны дзень”.

Наста: “А субота і нядзеля нідзе ня ўлічваюцца”.

Ніна: “Атрымліваюць як за васьмігадзінавы працоўны дзень з выходнымі”.

Карэспандэнт: “А гэтыя дамы, што будуюцца?”

Студэнтка, Аграрная акадэмія, разьмеркаваньне, вёска Блонь, Пухавіцкі раён

Ніна: “Сацыяльнае жытло. Пакуль працуеш — жывеш. Іх жа нельга ні выкупіць, нічога. Як можна жыць у такім доме, калі мала ці які канфлікт здарыцца з начальствам. Захочуць — могуць кантракат разарваць. А жытло вызваляй”.

Карэспандэнт: “А што больш за ўсё раздражняе ў працы?”

Ніна: “Шкада тэхнікі. Прыганяецца новая тэхніка. І так шкада глядзець, як на гэтую нямецкую тэхніку, каштоўную садзяць такіх людзей, што… Усіх запар. Тэхніка дабіваецца, якая магла гадамі працаваць. Прыгожая тэхніка”.

Карэспандэнт: “Зусім няма здаровых, цьвярозых мужыкоў?”

Ніна: “Як кажуць, хто не пасьпеў узяць білет на электрычку, тыя засталіся тут”.

Нягледзячы на незадаволенасьць жыцьцём, палітыкай дзяўчаты не цікавяцца. Акрамя Лукашэнкі ведаюць яшчэ толькі аднаго палітыка — сууседа з “Надежды”, Мікалая Статкевіча. Зрэшты, гэта ўжо нямала.
XS
SM
MD
LG