Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Натальля Адамовіч: “Гэтую кнігу падтрымаў ці бацька, ці Бог, ці нейкая сіла”


Вольга Караткевіч, Прага Госьця "Начной Свабоды" - укладальніца кнігі Алеся Адамовіча "Імя гэтай зоркі – Чарнобыль", дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч.

Караткевіч: “На нашым сайце шмат гаварылася пра кнігу Вашага бацькі, якую Вы ўклалі – "Імя гэтай зоркі – Чарнобыль". Раскажыце пра гэтае выданьне”.

Адамовіч: “Ідэя гэтай кнігі нарадзілася ў мяне 2 гады таму. Проста задума прыйшла, што набліжаецца 20-годзьдзе Чарнобыльскай катастрофы, і я падумала, што трэба нагадаць пра гэта новаму пакаленьню. Як сказала мне адна пісьменьніца – ведаеш, праходзіць 10 год, і то ўжо ўсё забываецца, а тут – дваццаць... І я падумала, што трэба ў адной кнізе сабраць тое, што бацька пісаў, тым больш што гэта раскідана ў прэсе – часопісы, газэты – хто будзе іх шукаць у бібліятэцы? Ён, праўда, выдаў частку яшчэ ў канцы жыцьця два зборнікі – "Мы, шестидесятники" на расейскай мове, і "Апакаліпсіс па графіку" – на беларускай... Тым больш што я сама бачыла ў інтэрнэце, што людзі пытаюцца пра "Апошнюю пастараль", якая 20 год не выдавалася, што ў архіве таксама знайшліся лісты, прынамсі, копіі лістоў да розных людзей... Ляжаў сцэнар, які, на жаль, не адбыўся, ён для Стэнлі Крамэра пісаўся...

І вось такая была задума. Дарэчы, назва кнігі ўзятая ў Бібліі... Я не ўяўляла, як гэта ўсё будзе, мы зьбіралі па частках – я параілася з маці, зь дзядзькам Міхасём Тычынам, потым пайшла да Генадзя Грушавога… Бо задума адно, а як яе рэалізаваць? Бяз шмат якіх людзей, якія падтрымалі мяне словам, парадай і матэрыяльна, усё гэта магло застацца на ўзроўні задумы, а так гэта – рэальны факт.

Атрымалася, я лічу, добрая кніга, і ў паліграфічным выданьні. Генадзь Грушавы пазнаёміў мяне зь Юрыем Цыбіным і Паўлам Цыбіным, бацькам і сынам, якія шмат намаганьняў зрабілі, каб такая была добрая паліграфія. Я зь імі больш году працавала – гэта іх набор, вокладка, дызайн. Я прыходзіла, нешта мяняла, дадавала, выкідала – іх цярпеньне вельмі мяне падтрымала.

Потым, мне здаецца, што гэтую кнігу падтрымаў дзесьці ці мой бацька, ці Бог, ці яшчэ якая сіла, бо я ўвесь час адчувала нейкую падтрымку... Хоць мы не пасьпелі да юбілею, ішоў час, але здавалася, што так і трэба. Я ўдзячная Яўгену Паўлавічу Велехаву, які таксама дапамог. Часта бывае – прыедзеш, кажаш: “Я дачка Алеся Адамовіча”. Я разумею, што гэта пароль. Мне кажуць: “Ой, ведаеце, мы Вашага тату бачылі, ведалі, слухалі” – і ўсё... А калі я прыйшла да Яўгена Паўлавіча, то, што б ні казалі, але да яго ў мяне самае добрае стаўленьне”.

Караткевіч: “Вось Вы сказалі, дачка Адамовіча – гэта пароль. Так часта здараецца?”

Адамовіч: “Разумееце, я ж не адзіны такі праект раблю, выставы рабіла... Атрымалася так, што мы выдавалі тут, ідэі нашы, але грошай у нас жа тут няма, грошы ж расейскія. Гэта Анатоля Барысавіча Чубайса “РАОЕС” – прычым мяне на яго вывелі маскоўскія пісьменьнікі, яшчэ 3 гады таму. Мы ў Менску выставу зрабілі і хацелі ў Маскву яе завезьці. І мне тады Рыма Казакова сказала: зьвярніся да яго, ён дапамагае пісьменьнікам. Мы згадалі, што ён тут у Беларусі ў юнацтве жыў, і ён мяне тады падтрымаў, і зараз таксама. І Яўген Паўлавіч Велехаў цяпер падтрымаў, яшчэ і парады даваў”.

Караткевіч: “А дзе можна набыць гэтую кніжку?”

Адамовіч: “Ёсьць такая добрая, адукаваная жанчына, прафэсіянал у сваёй справе – Соф''я Антонаўна Жыбулеўская дырэктар “Акадэмкнігі”, там прадаецца гэтая кніга”.

“Лепш, каб гэта была нашая гісторыя, якую мы вывучалі б, як вывучаем 17-18 стагодзьдзе...”

Караткевіч: “Вы скончылі філялягічны факультэт БДУ, працуеце ў літаратурным музэі Якуба Коласа...”

Адамовіч: “Музэйная праца дапамагла мне цягам гэтых 13 год у маёй працы зьбіраньня ягонай спадчыны. Я вельмі люблю музэі. Калі дзе бываю, школьнікам заўсёды кажу: прыяжджаю ў іншую краіну, горад – ідзіце ў музэй, гэта самае цікавае...”

Караткевіч: “А які музэй у сьвеце Вас найбольш уразіў?”

Адамовіч: “Ну, я ня так шмат была па сьвеце... Калі тата быў жывы, я больш езьдзіла, цяпер гэта ўжо абмежавана. У Пецярбургу заўсёды люблю хадзіць у кватэру Дастаеўскага. Разумееце, калі падымаесься па лесьвіцы, і шыльдачка: Ф.М.Дастаеўскі. Нібы прыходзіш у госьці, у кабінэт яго...”

Караткевіч: “Мы правялі апытаньне: ці лічыце Вы, што Чарнобыль – гэта і палітычная праблема?”



Караткевіч: “Пракамэнтуйце, калі ласка, апытаньне, выказваньні менчукоў...”

Адамовіч: “Найбольш мяне ўразіла фраза "Трэба вырашаць". Ведаеце, калі я гэтую кнігу рабіла, я не адзін раз перачытала і нататнікі, і артыкулы... Тым больш што калі яны пісаліся, мне было гадоў на 20 меней, і я гэта яшчэ ня ўсё да канца разумела... І вось гэтае "трэба вырашаць" – яно было як ня вырашана, пра што тата пісаў, так яно ня вырашана і цяпер. Таму кніжка гэтая вельмі сучасная. І пра гэта сёньня на прэзэнтацыі казалі. На жаль, гэты тэкст не састарэў. Лепш, каб гэта была нашая гісторыя, якую мы вывучалі б, як вывучаем 17-18 стагодзьдзе...”

“Для яго чалавек і чалавецтва былі самыя найвялікшыя каштоўнасьці”

Караткевіч: “Вось я сёньня прачытала гісторыю, зьвязаную з Вашым бацькам Алесем Адамовічам, калі ў траўні 1986 году Вы прыйшлі дадому з травеньскай дэманстрацыі ў Менску, і пасьля яшчэ гулялі зь сябрамі па горадзе, і Ваш бацька забраў Ваш любімы зялёны швэдрык і выкінуў, а Вы на яго пакрыўдзіліся...”

Адамовіч: “Напэўна, гэта знакава: у дзень катастрофы ён выляцеў зь Менску на Каўказ. Ён потым сказаў, што, мабыць, пралятаў над Чарнобылем. Дарэчы, ён памёр у дзень, калі прыбралі Шушкевіча – я ўсё думаю, можа гэта таксама невыпадкова? Калі ён адляцеў на Каўказ, яго тут не было 20 дзён, а потым ён настойваў, і мы з маці на дзён 10 ад''ехалі туды – "дзякуючы" Чарнобылю я таксама пабыла на Каўказе.

А пра гэты выпадак: ён гэты швэдрык пайшоў і проста замераў, калі мы вярнуліся праз 20 дзён з Каўказу, і калі гэта ўбачыў, тады ён пайшоў і выкінуў яго ў сьмецьце. Я разумею, што гэта быў, можа, эмацыйны парыў – гэта выкінуў, а іншае адзеньне можа насіла гэтае выпраменьваньне... Я ж была ў Менску і трапіла пад гэты дождж 27-28 кастрычніка...”

Караткевіч: “А Ваш бацька, калі ён гаварыў у сям''і, як ён гаварыў пра лёс Беларусі і яе пэрспэктыву? Ня толькі ў сувязі з Чарнобылем, але і з разьвіцьцём дзяржавы, нацыі?”

Адамовіч: “На жаль, ён вельмі мала пажыў, калі Беларусь была незалежнай – можа, гады два... Для яго было важным нацыянальнае, палітычнае, але ўсё-ткі ягонае жыцьцё было асобным. Мне на прэзэнтацыі такую цікавую думку сказалі: каб гэтая аварыя здарылася ня ў Беларусі, а ў Італіі ці ў Францыі, яго адносіны да яе былі б такія ж, бо для яго чалавек і чалавецтва былі самыя найвялікшыя каштоўнасьці”.

Караткевіч: “Ён быў касмапаліт у пытаньні чалавечай тагедыі...”

Адамовіч: “Ня тое што касмапаліт... Так, мы дзелімся, межы ставім, але Бог нас усё-ткі стварае бяз гэтых межаў. Межы мы ставім самі. Ну ня Бог жа робіць межы паміж краінамі, людзьмі. Можа, ён быў супраць вось гэтага? Канечне, ёсьць запісы, дзе ён вельмі шкадуе аб лёсе беларускай мовы, вёскі...

Калі здарыўся пуч – як добра, што ён зразумеў небясьпеку таго, што на Беларусі стаяла столькі ракет у нашых лясах! І тое, што тады яны сыйшлі, а нашыя цяперашнія ўлады ня могуць імі карыстацца – гэта таксама заслуга Адамовіча, гэта ёсьць у нататніках. Ён выступіў тады ў Вярхоўным савеце і сказаў, што замест адной ядзернай краіны мы можам атрымаць дзясяткі маленькіх ядзерных падводных чоўнаў – беларускі, украінскі, казахскі...

Ён, можа, больш глябальна глядзеў на той момант. Ён разумеў, што зь ядзернай зброяй і атамам чалавецтва стала сьмяротным. Гэта было самым галоўным для яго, гэта адбылося менавіта 6 жніўня 1945 году, і гэта наклала на чалавецтва адбітак, а да чалавецтва гэта не даходзіла. Ён знайшоў адну добрую цытату: мы можам з вамі сядзець, размаўляць, піць каву, а праз хвіліну апынемся ў сьмяротнай ядзернай віхуры... Гэта ўсё ад нас не залежыць, і мы пра гэта так мала ведаем і так несур''ёзна да гэтага ставімся...”

“Для бацькі было галоўным, каб гэтае жыцьцё не сыходзіла з гэтай зямлі”

Караткевіч: “Натальля, у што верыце Вы?”

Адамовіч: “Мне бацька заўсёды казаў: жыві сваім жыцьцём. Ён разумеў, што я яшчэ была маладая – я была далёкая ад такіх катэгорый, як карнікі, ахвяры, атам... А цяпер, гэта ўсё пачытаўшы ў апошнія гады, я таксама думаю – Гасподзь міласьцівы, пашкадуй, не забі чалавека, не забі чалавецтва. Цяпер на Вялікдзень мы глядзелі, ці гэты агонь сыдзе на нас, ці ня сыдзе – так і думаеш: Гасподзь, дай нам яшчэ пажыць, можа, мы яшчэ навучымся на сваіх памылках.

Для бацькі таксама было галоўным, каб гэтае жыцьцё не сыходзіла з гэтай зямлі, нягледзячы на ўсе нашыя памылкі, дурасьці, глупства... Ён лічыў, што атам для нас – гэта яшчэ зарана, трэба было да яго яшчэ дарасьці. І я ў сваім жыцьці, ведаючы асабістае гора, часам думаю: як добра, што трава ёсьць, сонейка, што жыцьцё гэта – самае каштоўнае. Я сыйду, а гэта няхай будзе. І я тут згодная, і ў гэта хочацца верыць.

Я ў школе, канечне, вучыла савецкую гісторыю і літаратуру, а з 1990-х гадоў стала такая беларуска – ці ў Маскве бываю, ці яшчэ дзе за мяжой, я паводжу сябе і пачуваюся беларускай. Я лічу, што гэта таксама ад майго бацькі і з часам да мяне прыйшло. У мяне шмат сяброў, знаёмых, і ваша радыё мне дапамагае – кожны дзень я ўстаю раніцай і зь 7-й да 8-й яго слухаю... Гэта стала для мяне жыцьцёвай патрэбай. Можа, я ня вельмі добра магу расказваць, я ня тата – ён калі гаварыў, яго можна было слухаць з захапленьнем...

А яшчэ ў яго засталася адна мара: ён і сцэнары пісаў, і тэатар ставіў, і па сьвеце лятаў – але была яшчэ адна мара, зьлятаць у космас, паглядзець на гэтую Зямлю згары...”
XS
SM
MD
LG