Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Трусаў: “Дыктатура пачалася ў ноч на 12 красавіка 1995-га”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Дванаццаць гадоў таму група дэпутатаў апазыцыі Беларускага Народнага Фронту пачала ў Вярхоўным Савеце галадоўку. Яны пратэставалі супраць плянаў Аляксандра Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум у пытаньнях мовы, дзяржаўнай сымболікі, інтэграцыі з Расеяй і прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Якое месца заняла тая падзея ў найноўшай гісторыі Беларусі?

Гісторык Валянцін Голубеў цяпер працуе ў Польшчы, дзе сярод іншага чытае лекцыі польскім студэнтам.

Былы дэпутат кажа, што часта даводзіцца распавядаць пра падзеі красавіка 1995 году, калі пачалася галадоўка дэпутатаў апазыцыі. А ў ноч на наступны дзень апазыцыянэраў жорстка зьбілі на загад кіраўніцтва краіны й гвалтам выдалілі з парлямэнту.

Валянцін Голубеў згадвае, як празь некалькі гадзінаў пасьля зьбіцьця яны вярнуліся ў Вярхоўны Савет, каб заклікаць дэпутатаў асудзіць гвалт:

“На наступны дзень у парлямэнт прапускалі празь левае крыло, і што мяне асабліва ўразіла — не пускалі нябожчыка Васіля Шаладонава, які тады быў генэральным пракурорам! Яму таксама нейкую праверку наладзілі. А нас, дэпутатаў, якіх зьбілі, міліцыя ўвогуле не пускала. Рамку ўсталявалі, як ў аэрапорце, калі міны шукаюць. Тады я загадаў хлопцам: “Валім гэтую рамку!”, і мы прайшлі”.

Аднак парлямэнт абмежаваўся абмеркаваньнем падзеі, а заведзеную пазьней крымінальню справу аб зьбіцьці дэпутатаў гэтак і не завяршылі.

На думку Валянціна Голубева, самым небясьпечным пытаньнем на рэфэрэндуме было пытаньне пра дазвол прэзыдэнту распускаць парлямэнт. “З таго часу шлях да дыктатуры быў адкрыты”, — мяркуе былы дэпутат.

Нагадаю, пачалі галадоўку пратэсту сямнаццаць дэпутатаў апазыцыі Беларускага Народнага Фронту на чале зь Зянонам Пазьняком, потым да іх далучыліся дэпутаты Алег Трусаў і Сяргей Антончык.

Алег Трусаў мяркуе, што самым істотным для прыхільнікаў рэфэрэндуму былі пытаньні пра мову і сымболіку. “Толькі калі ім удалося адмяніць беларускую гістарычную сымболіку і надаць статус дзяржаўнай расейскай мове, толькі тады Расея прызнала Лукашэнку за хаўрусьніка і пачала фінансаваць ягоны рэжым. Гэта цягнулася да нядаўняга часу ўсе дванаццаць гадоў”, — заўважае Алег Трусаў.

Аднак, нягледзячы на зьбіцьцё, саму акцыю пратэсту былы дэпутат лічыць пераможнай:

“Усё ж атрымалася наша перамога. Таму што Вярхоўны Савет у выніку нашай галадоўкі спачатку не зацьвердзіў амаль усе пытаньні рэфэрэндуму, а зацьвердзіў ужо пасьля, як нас пабілі ды іншых запалохалі. Але тады ўжо ўвесь сьвет убачыў, што ніякага добраахвотнага галасаваньня не было.

А каб мы не галадалі, то Вярхоўны Савет прыняў бы гэта ўсё быццам добраахвотна, і цяпер сытуацыя з мовай і сымболікай была б нашмат горшая. Пра гэта ж і народ даведаўся, тады ж яшчэ газэты выходзілі. Пра нашу галадоўку нават у “Звязьдзе” паведамлялі”.

Як грамадзкасьць адрэагавала на зьбіцьцё парлямэнцкай апазыцыі? Былы супрацоўнік КДБ Валер Костка ў тыя дні на знак пратэсту сышоў зь дзяржаўнай працы. Але ён мяркуе, што збольшага грамадзтва тады не ўсьвядоміла адказнасьці:

“Кансалідаванага пратэсту не было. Некаторыя нават сьмяяліся, што вось Пазьняк абвясьціў галадоўку. Але Пазьняк стаяў на прынцыповай пазыцыі, і цяпер відаць, што ён меў рацыю.

Тады трэба было змагацца ўсім разам, але ня ўсе разумелі Пазьняка. Атрымалася, што адных зьбіваюць, другія сьмяюцца, а ўлада атрымала маральную і фізычную перамогу, і гэта дало ёй падставу для дзеяньняў у 1996-м, 1999 годзе і далей”.

Гл. таксама: Зянон Пазьняк: “У тую ноч кіраваў “апэрацыяй” Лукашэнка

Паводле зьвестак, крымінальная справу аб зьбіцьці дэпутатаў апазыцыі Вярхоўнага Савету ў ноч на 12 красавіка 1995 году спынілі, але не закрылі. Пра гэта казаў перад выхадам у адстаўку сьледчы пракуратуры Язэп Бролішс, які вёў справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG