Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: Люцыян Паўлік


Валянціна Аксак, Менск Сёньня на Глыбоччыне на 94-м годзе жыцьця адышоў у вечнасьць найстарэйшы ксёндз Беларусі Люцыян Паўлік. За сваю дзейнасьць дзеля адраджэньня каталіцкіх сьвятыняў ён у 1948 годзе быў засуджаны карнымі органамі СССР да сьмяротнага пакараньня. Пазьней кару зьмянілі на 25 гадоў зьняволеньня ў сталінскіх лягерах. Ягоная самаахвярная дзейнасьць натхніла на сьвятарства многіх юнакоў таго рэгіёну.

Люцыян Паўлік нарадзіўся 21 сьнежня 1913 году непадалёк Сельдцаў, што месьцяцца па той бок Берасьця — цяпер на тэрыторыі Польшчы.

У 1938 годзе прыехаў у Вільню закончыць сьвятарскую вучобу, і яшчэ за часам акупацыі быў прызначаны служыць у парафію на Мёршчыне. Адразу пасьля вайны яго прызначылі пробашчам у Друйскі кляштар марыянаў.

Распавядае пісьменьніца, галоўная рэдактарка каталіцкага часопісу для дзяцей “Маленькі рыцар Беззаганнай” Ірына Жарнасек:

“Ён узяўся з усім імпэтам адрамантаваць гэтую прыгожую сьвятыню нашу. Ён паклаў на гэта чатыры гады, і ў 1948 годзе, калі ўжо была прызначаная дата пасьвячэньня наноў адбудаванай сьвятыні, ён даведаўся, што на яго заведзеная справа ў НКВД. Быў арыштаваны і атрымаў вырак сьмерці, які замянілі на дваццаць пяць гадоў лягераў”.

Пасьля вызваленьня ў 1957 годзе ён прыехаў служыць у вёску Задарожжа на Глыбоччыне. Ягонай парафіянкай стала і маленькая Ірына, будучая пісьменьніца і маці сьвятара Аляксандра Жарнасека.

Спадарыня Ірына прыгадвае:

“Калі мяне вадзілі да першага прычасьця, на першую споведзь да яго, бабуля мяне вадзіла заўсёды патаемна празь лес, тады, калі не было блізка настаўнікаў, не было дзяжурных пільных вачэй злых. Але ня толькі я карысталася гэтым — да яго маглі прыехаць людзі ў любы час з розных куткоў Віцебшчыны і ўвогуле Беларусі”.

Раз на год у дні парафіяльных сьвятаў савецкія ўлады дазвалялі жыхарам мястэчак, у якіх касьцёлы былі зачыненыя, прывесьці туды ксяндза зь іншае мясцовасьці.

Так хлопчык Францішак Кісель зь вёскі Мосар упершыню ўбачыў і пачуў легендарнага задароскага ксяндза, пад уражаньнем ад якога сам стаў сьвятаром. І такіх юнакоў у тым рэгіёне вельмі шмат.

Гаворыць пробашч парафіі сьвятога Андрэя Баболі ў Полацку і генэральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі Францішак Кісель:

“Я таксама належу да тых сьвятароў, якія вырасьлі пад яго кіраўніцтвам, калі касьцёл быў у нас зачынены і ён прыяжджаў у Мосар. Я памятаю яго прыезд, як яго прывозілі на грузавой машыне — у той час так складана было ўсё. Яго пропаведзь была настолькі моцная, што доўгі час у Мосары ўсе толькі і распавядалі яго гэтае казаньне”.

Адлегласьць паміж касьцёламі, у якія езьдзіў тады служыць ксёндз Паўлік, вымяралася сотнямі кілямэтраў. Але гэты ксёндз — легенда яшчэ і таму, што за часам перабудовы, нягледзячы на даволі сталы ўзрост, ён адбудаваў касьцёлы ва ўсім паўночна-заходнім рэгіёне Віцебшчыны — у Празароках, Чарневічах, Лужках, Германавічах, Прошкаве, Падсьвільлі…

Працягвае Ірына Жарнасек:

“Я вельмі ўдзячная яму, што быў у маім жыцьці гэты чалавек, дзякуючы якому найперш захавалася вера ў маёй душы, якая перададзеная маім дзецям і многім, многім людзям. І ў бязьвер’і не патанула наша мясцовасьць”.

Ксёндз Люцыян Паўлік будзе пахаваны 14 красавіка на цвінтары кляштара ў Друі.
XS
SM
MD
LG