Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Стратэгія беларускай апазыцыі – змагацца за свабодныя выбары</B>


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Вільні пачалася канфэрэнцыя “Пазытыўная альтэрнатыва для Беларусі й яе грамадзянаў”. У ёй удзельнічаюць ня толькі кіраўнікі палітычных структураў з Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў, але й прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў, экспэртнай супольнасьці, рэгіянальных кааліцыяў. Гэта дае падставу некаторым удзельнікам канфэрэнцыі назваць яе “міні-кангрэсам дэмакратычных сілаў Беларусі”. На канфэрэнцыі прысутнічаюць і прадстаўнікі Рады Эўропы і Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.

Ад паловы дзявятай раніцы да другой гадзіны дня ўдзельнікі форуму абмяркоўвалі стратэгію дзеяньняў палітычнай апазыцыі Беларусі.

Ад імя рабочай групы стратэгію прадставіў палітоляг Вацлаў Арэшка. Галоўная яе мэта — правядзеньне ў Беларусі свабодных выбараў.

Палітоляг Аляксей Кароль, адзін з аўтараў гэтага дакумэнту, падкрэсьлівае, што ў стратэгіі не пазначана, калі дакладна пройдуць такія выбары:

“У самой назьве напісана, што гэта стратэгія да першых свабодных выбараў — прычым без абазначэньня даты. Ёсьць каляндар на 2008 год, калі павінны прайсьці чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў. Але стратэгія складзеная з разьлікам на тое, што можа быць рознае”.

На пытаньне, у чым сутнасьць стратэгіі, спадар Кароль адказвае так:

“Гэта паварот у стратэгіі, якая раней была скіраваная ўсё ж пераважна на актыўныя вулічныя акцыі, да эвалюцыйнага працэсу. І называецца гэта — мірны шлях мадэрнізацыі грамадзкіх, эканамічных і сацыяльных стасункаў”.

Цікаўлюся ў суразмоўцы, ці выступаў хто-небудзь з удзельнікаў форуму супраць такога падыходу?

Палітоляг адказвае:

“Не — выступаў за тое, каб не падтрымаць стратэгію, не было. Былі пэўныя прапановы адносна акцэнтаў. Але сам паварот прыняты”.

Сярод удзельнікаў дыскусіі былі Аляксандар Мілінкевіч, Алег Воўчак, Мечыслаў Грыб ды іншыя.

У другой палове дня працуюць розныя сэкцыі. Старшыня Нацыянальнага выканаўчага камітэту аб’яднаных дэмсілаў Анатоль Лябедзька адзначае:

“Фактычна ідзе чарговае чытаньне “Малой канстытуцыі”, эканамічнай плятформы і стратэгіі. Калі гэта было прынята на палітрадзе, дык гэта стала хоць, можа, і невялічкім, але крокам наперад.

Пасьля канфэрэнцыі з больш шырокім складам удзельнікаў мы зробім яшчэ адзін крок наперад. А потым пачнуцца праца ў рэгіёнах і агульнанацыянальная дыскусія, каб прыцягнуць да абмеркаваньня гэтых дакумэнтаў як мага шырэйшае кола нашых звычайных грамадзянаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG