Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: суд у справе ліквідацыі “Старога гораду”


Альгерд Невяроўскі, Берасьце Упраўленьне юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму дамагаецца ліквідацыі арганізацыі “Стары горад”. Улады закідаюць няўрадавай арганізацыі тое, што яны ня маюць офіснага памяшканьня і ня ўнесьлі зьменаў у статут. Праваабаронцы лічаць, што працэс праходзіць у межах кампаніі, скіраванай на ліквідацыю няўрадавых арганізацыяў — элемэнтаў грамадзянскай супольнасьці.

Пазоў упраўленьня юстыцыі разглядае Берасьцейскі абласны суд. Упраўленьне юстыцыі патрабуе ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня “Стары горад”, паколькі тое ня мае сталага офіснага памяшканьня, а ў статуце не прапісаная такая новая норма, як “прадмет дзейнасьці арганізацыі”.

Пры гэтым чыноўнікі не патлумачылі сябрам рады арганізацыі, што гэта азначае. Не прымаюцца й тлумачэньні пра тое, што ў “Старога гораду” ёсьць юрыдычны адрас у рэдакцыі газэты “Брестский курьер”, а сталае памяшканьне для дзейнасьці арганізацыі проста не патрэбнае.

Гаворыць сяброўка рады арганізацыі “Стары горад” Наста Ільіна, якая прысутнічала на судовым паседжаньні:

“Была дыскусія, факты й аргумэнты з абодвух бакоў былі пададзеныя. Пракурор патрабаваў ліквідаваць арганізацыю. На сёньняшні дзень вельмі вузкае юрыдычнае поле існаваньня грамадзкіх аб’яднаньняў ці арганізацыяў.

Зрэшты, нягледзячы на тое, будзе пакінутая нашая рэгістрацыя ці ня будзе, мы як арганізацыя ці як асобы будзем далей працягваць нашу дзейнасьць”.

“Стары горад” працуе з 1992 году. Сябры арганізацыі дасьледуюць і папулярызуюць сярэднявечную гісторыю Берасьця, клапацяцца пра ахову старых і ўсталяваньне новых помнікаў выбітным дзеячам Берасьцейшчыны.

Яны ладзяць і навуковыя канфэрэнцыі — гэтак, “Стары горад” арганізаваў міжнародны “Фэст берасьцейцаў сьвету”. Намаганьнямі арганізацыі да гораду вярнуўся гістарычны герб.

Чаму ж улады дамагаюцца ліквідацыі гэтай арганізацыі й спагнаньня зь яе судовых выдаткаў? Вось меркаваньне праваабаронцы Валянціна Стэфановіча:

“На жаль, гэта характэрная для Беларусі зьява цягам апошніх чатырох гадоў, з 2003 году. Усё гэта ідзе ў межах кампаніі, скіраванай на ліквідацыю няўрадавых арганізацыяў, якія не падкантрольныя ўраду і займаюць самастойную пазыцыю.

І гэтыя фармальныя прычэпкі выкарыстоўваюцца ўпраўленьнямі й Міністэрствам юстыцыі для ліквідацыі няўрадавых арганізацыяў вельмі часта”.

Паводле Насты Ільіной, летась у Берасьці зьліквідавалі няўрадавую арганізацыю “Дзедзіч” і фонд “Вежа”.

Судовае рашэньне ў справе “Старога гораду” абвесьцяць заўтра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG