Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады перахопліваюць апазыцыйныя лёзунгі?


Іна Студзінская, Менск Беларускія ўлады працягваюць перахопліваць ініцыятывы й лёзунгі апазыцыі. Гэта супадзеньне ці сплянаваная кампанія?

Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2001 году па усёй краіне прайшлі канцэрты расейскіх і беларускіх поп-зорак “За Беларусь”.

Сёлета 25 сакавіка, у Дзень Волі, каля Нацыянальнай бібліятэкі і ў раёне аэрапорту зладзілі канцэрты пад лёзунгам “За незалежную Беларусь”.

І вось Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі абвясьціў пра правядзеньне “Чарнобыльскага шляху”.

Палітоляг Віталь Сіліцкі перакананы:

“Калі тры падзеі — “За Беларусь”, “За незалежную Беларусь”, “Чарнобыльскі шлях” — гэта ўжо тэндэнцыя. І тэндэнцыя відавочная. Тут рэч ня толькі ў тым, што проста перацягваюць лёзунгі. Тут проста жаданьне “забіць” прастору і не пусьціць на яе апазыцыю.

Ніякай каштоўнасьці ў гэтых мерапрыемствах, ніякага іншага інтарэсу — каб проста была “забітая” прастора, плошча, час эфірны, і на апазыцыю проста не зьвярталі ўвагі”.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што гэта прадуманая ідэалягічная кампанія, добра сплянаваная й асэнсаваная:

“Дзяржаўныя ідэолягі пагадзіліся з палітычнай вярхушкай, што цяпер ім трэба трымаць адказнасьць за гэтую краіну, і гэтай краінай ня трэба гандляваць.

Цяпер ідзе ўсьведамленьне дзяржаўнасьці й незалежнасьці, і праз гэта ім трэба выпраўляць тыя памылкі, якія яны зрабілі ў сярэдзіне 1990-х, калі ўсё, што было накіравана на падтрыманьне нацыянальнага духу, нацыянальнай сьвядомасьці, імі вынішчалася.

Гэтая інэрцыя захавалася, але гэтыя спробы перахопу ініцыятывы ў апазыцыі сьведчаць пра тое, што пры захаваньні той інэрцыі ўжо сёньня дзейнічае іншая тэндэнцыя”.

Што да правядзеньня “Чарнобыльскага шляху”, які сёлета ладзіць БРСМ у Івянцы, то поўная назва акцыі “Чарнобыльскі шлях — дарога жыцьця”, удакладніла прадстаўніца БРСМ Кацярына Далідовіч.

Яна апавяла, што пачыналася ўсё ў сьнежні 1987 году, калі Дзяржкамчарнобыль, ЛКСМБ і дабрачынныя чарнобыльскія фонды езьдзілі ў забруджаныя раёны:

“Калісьці Генадзь Грушавы ладзіў з намі гэты “Чарнобыльскі шлях”. Ну а потым ён назву гэтую ўзяў і пайшоў другой дарогай. І калі так атрымалася, мяне выклікалі ў суседні дом, яшчэ пры спадару Шушкевічу. Тады і дадалі мы да назвы “Чарнобыльскі шлях” яшчэ “дарогу жыцьця”.

Дарэчы, што да бээрэсэмаўскай “дарогі жыцьця” — мімаволі згадваецца назва знакамітага артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога сьмерці”.
XS
SM
MD
LG